Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921-1926 гг.






У выніку Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе Польшчы. Канчаткова межы Польскай Рэспублікі на ўсходзе былі ўсталяваны ў 1923 г., калі ў яе склад ўвайшла тэрыторыя Сярэдняй Літвы з Вільняй. Уся тэрыторыя Польшчы падзялялася на ваяводствы, паветы і гміны. Паняцце “ Заходняя Беларусь ” уключае ў сябе тэрыторыю 4 ваяводстваў: Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага з насельніцтвам 3, 5 млн. чалавек у 1921 г., 5 млн. – у 1935 г. Усяго Заходняя Беларусь ахоплівала 24% тэрыторыі Польскай Рэспублікі і 13% яе насельніцтва. Афіцыйна з боку ўлад гэтыя землі атрымалі назву “ паўночна-усходнія крэсы (ускраіны)”. Насельніцтва Заходняй Беларусі паводле свайго складу было шматнацыянальным: беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы і інш. Згодна з афіцыйнымі польскімі дадзенымі, каля паловы яго складалі палякі, паколькі падчас перапісаў атаясамліваліся каталіцызм і польскасць. Аднак аб’ектыўнасць гэтых дадзеных ставіцца пад сумненне.

У палітычным жыцці Польскай Рэспублікі ў 1920-1930-я гг, вылучаюць два перыяды:

- 1921-1926 гг. – парламенцкая дэмакратыя;

- 1926-1939 гг. – аўтарытарны рэжым“санацыі”.

У сакавіку 1921 г. была прынята Канстытуцыя Польскай Рэспублікі. У адпаведнасці з ёй, Польшча абвяшчалася ўнітарнай парламенцкай рэспублікай. Вышэйшым органам заканадаўчай улады з’яўляўся Нацыянальны сход, які складаўся з дзвюх палат: Сената і Сойма. Дэпутаты сойму выбіраліся на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні на 5 гадоў; сенат фарміраваўся прадстаўнікамі мясцовых улад. Нацыянальны сход выбіраў прэзідэнта рэспублікі тэрмінам на 7 гадоў і фарміраваў урад, які быў адказны ў сваёй дзейнасці перад соймам. Прэзідэнт валодаў абмежаванымі паўнамоцтвамі. Адпаведная сістэма ўзаемадзеяння прадстаўнічых і выканаўчых органаў улады стваралася на рэгіянальных узроўнях. Гарантавалася незалежнасць судовай улады. У Канстытуцыі абвяшчаліся роўнасць усіх грамадзян перад законам, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды. Замацоўваўся дзяржаўны характар польскай мовы. У той жа час абвяшчалася права нацыянальных меншасцяў на адкрыццё ўласных школ і культурна-асветніцкіх устаноў.

Палітычнае жыццё Польскай Рэспублікі ў 1921-1926 гг. было нестабільным. У выбраным у 1922 г. сойме была прадстаўлена вялікая колькасць грамадска-палітычных сіл. Улічваючы адказнасць выканаўчай улады перад соймам гэта прыводзіла да частай змены ўрадаў (у 1922-1926 гг. дзейнічала 5 урадаў).

Асноўныя намаганні улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі скіраваны на паланізацыю краю, што выяўлялася ў наступных з’явах:

- паланізацыя сістэмы дзяржаўнай адміністрацыі (пры прызначэнні на дзяржаўныя пасады перавага аддавалася асобам польскай нацыянальнасці);

- паланізацыя дзяржаўнага справаводства (адзінай афіцыйнай мовай з’яўлялася польская);

- паланізацыя землеўладання (заахвочванне пасяленняў у сельскай мясцовасці з набыццём зямельных надзелаў выхадцаў з польскіх зямель - асаднікаў);

- паланізацыя адукацыі (амаль усе навучальныя ўстановы пераводзіліся на польскую мову навучання);

- шырокая дзяржаўная падтрымка каталіцкага касцёла, які лічыўся галоўным носьбітам польскай культуры; дыскрымінацыйныя дзеянні ў адносінах праваслаўнай царквы (некаторыя праваслаўныя цэрквы пераўтвараліся ў каталіцкія, а іх землі канфіскоўваліся);

- шырокая прапаганда праз дзяржаўныя, рэлігійныя, адукацыйныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі польскага характару краю; рабіліся спрбоы давесці тое, што ўсё каталіцкае і частка праваслаўнага насельніцтва краю спрадвечна з’яўляюцца палякамі.

Грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гг. характарызуецца барацьбой паміж рознымі палітычнымі партыямі і групоўкамі. Галоўную ролю сярод іх адыгрывалі польскія партыі. Усе дадзеныя партыі можна падзяліць на тры асноўныя блокі:

- правацэнтрысцкі: у яго межах галоўнае месца займалі Партыя нацыянальнай дэмакратыі (эндэкі) і Партыя хрыціянскай дэмакратыі (хадэкі); дадзеныя партыі выступалі за захаванне асноў існуючага грамадскага ладу і правядзенне палітыкі жорсткай паланізацыі;

- левацэнтрысцкі: галоўнае месца займалі Польская партыя сацыялістычная (ППС) і “ Вызваленне ”; дадзеныя партыі выступалі за правядзенне сацыяльных рэформ з мэтай паступовай эвалюцыі грамадства ў бок дэмакратычнага сацыялізму, дапускалі супрацоўніцтва з беларускім і яўрэйскім нацыыянальнымі рухамі ў абарону правоў нацыянальных меншасцяў;

- леварадыкальны: галоўнае месца займала Польская камуністычная рабочая партыя; выступала за пераўтварэнне Польшчы ў дзяржаву савецкага ўзору ў саюзе з СССР, прызнавала права БССР на заходнебеларускія землі.

Працягвалі дзейнічаць яўрэйскія палітычныя партыі (Бунд, Паалей-Цыён і інш.). На Палессі функцыяніравалі украінскія палітычныя партыі і групоўкі.

У межах беларускага нацыянальнага руху ў гэты перыяд вызначыліся тры плыні:

1) Плынь, якая выступала за легальныя метады дзейнасці; галоўнай мэтай лічылася дасягненне аўтаноміі Заходняй Беларусі. Дадзеную плынь прадстаўлялі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларускі сялянскі саюз (БСС), грамадскія арганізацыі, буйнейшай з якіх з’яўлялася Таварыства беларускай школы. У 1922 г. прадстаўнікі гэтай плыні ўдзельнічалі ў выбарах у сойм; у выніку было абрана ў сойм 11, у сенат – 3 беларускіх дэпутаты, якія ўтварылі Беларускі пасольскі клуб.

2) Плынь, якая арыентавалася на Раду БНР і выступала за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Яе прадстаўнікі знаходзіліся ў цесным саюзе з дзяржаўна-палітычнымі коламі Літвы, зацікаўленай у падтрымцы антыпольскага руху на тэрыторыі Віленшчыны. Асноўнай партыяй гэтай плыні была БПСР. На пачатку 1920-х гг. яна выкарыстоўвала тактыку ўзброенай барацьбы супраць польскіх улад, стварыла шэраг партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Віленшчыны, Гродзеншчыны і Беласточчыны.

3) Плынь, якая арыентавалася на БССР і выступала за далучэнне да яе заходняй Беларусі. Яна фарміравалася перадусім у межах камуністычнага руху. У 1923 г. у Польскай камуністычнай рабочай партыі афармляецца аўтаномная арганізацыя – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, да якой далучылася левае крыло БПСР. У першай палове 1920-х гг. камуністы пры падтрымцы дзяржаўна-палітычных колаў СССР шырока праводзілі падпольную барацьбу. Пракамуністычныя партызанскія атрады дзейнічалі пераважна на тэрыторыі Палесся, Навагрудчыны і Віленшчыны.

У сувязі з разгортваннем партызанскага руху ў 1923—1924 гг. урад увёў ваеннае становішча на тэрыторыі многіх паветаў, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды. У 1925 г. узброеная барацьба на тэрыторыі Заходняй Беларусі спынілася.

У сярэдзіне 1920-х гг. у сувязі з узбуйненнем БССР 1924-1926 гг. і палітыкай беларусізацыі, стратай надзей на дасягненне аўтаноміі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, разрывам адносін Рады БНР з урадам Літвы ў межах беларускага нацыянальнага руху ўзмацніліся прасавецкія настроі. БССР стала разглядацца як цэнтр беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У 1923-1924 гг. самараспусціліся БСДП і БПСР. Многія іх дзеячы далучаліся да камуністаў. Некаторыя прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху выязджалі ў БССР. Пераход КПЗБ да легальнай дзейнасці ў 1925 г. зрабіў яе вядучай партыяй у межах беларускага нацыянальнага руху.

Такім чынам, у 1921-1926 гг. адбывалася фарміраванне польскай дзяржаўна-палітычнай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Адметнай рысай праводзімай польскімі ўладамі палітыкі стала паланізацыя заходнебеларускіх зямель. Ігнараванне правоў беларусакй нацыі ў Польскай дзяржаве, а таксама поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР зрабілі камуністычную плынь вядучай у межах беларускага нацыянальнага руху да сярэдзіны 1920-х гг.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.