Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.






Крызіс феадальна-прыгонніцкай гаспадарцы, які стаў відавочны ў сярэдзіне 19 ст., вымусіў царскі ўрад шукаць шляхі да рэфармавання вытворчых адносін ў сельскай гаспадарцы. Неабходнасць адмены прыгоннага права стала ўсведамляцца правячымі коламі пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг., якая паказала тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з індустрыялізаванымі заходнееўрапейскімі краінамі, пасля ўваходжання на трон імператара Аляксандра ІІ (1855-1881). Шляхам адмены прыгоннага права царызм спадзяваўся стварыць умовы для тэхнічнай мадэрнізацыі гаспадаркі імперыі.

Падрыхтоўка да адмены прыгоннага права пачалася са стварэння “Сакрэтнага камітэта па сялянскіх справах” у студзені 1857 г. Урад імкнуўся правядзенне рэформы паставіць на шырокае абмеркаванне ў колах дваранства. Першым рэгіёнам, у якім меркавалася прыцягнуць памешчыкаў да рэалізацыі ідэі аграрнай рэформы, сталі землі Беларусі і Літвы. Тлумачыцца гэта тым, што памешчыкі гэтага рэгіёну былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз еўрапейскі рынак. Да вясны 1858 г. ва ўсіх губернях Беларусі і Літвы, а да канца года ў большасці губерняў Расійскай імперыі былі створаны губернскія камітэты з прадстаўнікоў дваранства, якім даручалася скласці праекты адмены прыгоннага права. Канчатковая выпрацоўка праекта рэформы праводзілася спецыяльна створанай імператарам у 1859 г. установай – рэдакцыйнымі камісіямі.

19 лютага 1861 г. расійскі імператар Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і дапасаваныя да яго “ Агульнае палажэнне ”, “ мясцовыя палажэнні ” і дадатковыя правілы, якія ілюстравалі змест аграрнай рэформы.

Сутнасць праводзімай аграрнай рэформы палягала ў наступным:

1) Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы: яны маглі гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д.; памешчыкі не маглі больш прадаваць і караць сялян.

2) Памешчыкі прызнаваліся ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы. Частка гэтай зямлі адводзілася для надзялення сялян, але не ў асабістую ўласнасць, а ў пастаяннае карыстанне. На працягу дзевяці гадоў сяляне павінны былі выконваць за выдзеленыя ім надзелы павіннасці на карысць памешчыка (паншчына або аброк). На гэты перыяд яны лічыліся часоваабавязанымі і не маглі пакінуць сваё месца жыхарства без дазволу памешчыка.

3) Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, складанне якіх даручалася памешчыкам і спецыяльна ўведзеным для гэтага чыноўнікам – міравым пасярэднікам у двухгадовы тэрмін.

4) Памеры надзелаў, якія адводзіліся сялянам, вызначаліся ў залежнасці ад мясцовых умоў. У Віцебскай і Магілёўскай, дзе панавала абшчыннае землекарыстанне, устанаўліваліся вышэйшыя і ніжэйшыя памеры надзелаў у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі ў пэўнай мясцовасці. Вышэйшы надзел складаў 4-5, 5 дзесяціны, “ніжэйшы” адпаведна 1, 2-1, 8 дзесяціны на душу мужчынскага полу. У выпадку, калі дарэформенны надзел быў большым, чым вышэйшы памер надзела, праводзіліся адрэзкі лішкаў зямлі на карысць памешчыка. У Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку адрэзкаў сяляне страцілі ад 25% да 40% зямлі. Для забеспячэння выканання сялянамі павіннасцей у абшчынах уводзілася кругавая парука. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветах Віцебскай губерні, дзе існавала падворнае землекарыстанне, нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся; за сялянамі захоўваліся тыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель; у той жа час сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Пры выкананні павіннасцей дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.

5) Сяляне атрымлівалі права выкупу ва ўласнасць вызначаных для іх надзелаў са згоды памешчыка. Пасля ажыццяўлення выкупу часоваабавязаныя адносіны сялян спыняліся. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Аднак сяляне не мелi такой сумы грошай. Дзяржава выступіла ў якасці пасярэдніка паміж памешчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павiнны былі заплаціць 20-25% ад выкупной сумы, а астатнюю частку атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць дзяржаве выкупныя плацяжы, якія ўключалі ў сябе доўг і працэнты за выдзеленую пазыку.

6) Стваралася сістэма сялянскага самакіравання. Сяляне, якія пражывалі на пэўнай тэрыторыі і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка падаткаў і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Валасны сход (сход сялян пэўнай воласці) выбіраў валасную ўправу на чале са старшынёй і валасны суд. Сельскія і валасныя органы ўлады сачылі за грамадскім парадкам, аб’яўлялі сялянам дзяржаўныя законы, кіравалі зборам падаткаў. У сваёй дзейнасці яны падпарадкоўваліся дзяржаўнай павятовай адміністрацыі.

Умовы правядзення аграрнай рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства. У масавым парадку сяляне адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, выконваць павіннасці. Уздым сялянскага руху ў 1861-1863 гг. супаў па часе з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863-1864 гг. Дадзеная акалічнасць стварала для царскіх улад пагрозу масавага далучэння сялян да паўстання. У падобных умовах царызм у 1863-1864 гг. пайшоў на некаторыя саступкі сялянам:

- адмена часоваабавязанага становішча для сялян беларускіх губерняў у 1863-1864 гг. і перавод іх на абавязковы выкуп;

- змяншэнне сумы выкупных плацяжоў па розных губернях ад 20% да 75%;

- вяртанне сялянам часткі адрэзаных раней зямель; у выніку сярэднія памеры надзелаў былых памешчыцкіх сялян Беларусі аказаліся вышэйшымі, чым у цэлым па Расійскай імперыі (у Беларусі 4, 2-5, 7 дзесяціны, па Расійскай імперыі – 3, 3 дзесяціны).

У 1863 г. былі створаны камісіі, якія павінны былі праверыць памеры сялянскіх надзелаў і скласці выкупныя акты. Складанне выкупных актаў на тэрыторыі Беларусі было завершана ў асноўным да пачатку 1870-х гг.

У 1867 г. была праведзена рэформа дзяржаўных сялян. Яны пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў, але выкуп для іх не быў абавязковы. Дзяржаўныя сяляне ў асноўным захавалі свае надзелы, якія аказаліся вышэйшымі, чым у памешчыцкіх. За карыстанне зямлёй яны павінны былі плаціць дзяржаве аброк.

Такім чынам, адмена прыгоннага права ліквідавала асабістую залежнасць сялян ад памешчыкаў і стварыла больш спрыяльныя, чым раней, умовы для развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін у селькай гаспадарцы і эканоміцы ў цэлым. Разам з тым асаблівасці правядзення рэформы, накіраваныя перш за ўсё на забеспячэнне інтарэсаў памешчыкаў і дзяржавы, абумовілі захаванне істотных феадальных перажыткаў, крыніцай якіх з’яўлялася сялянскае малазямелле, дапоўненае ўзмацненнем падатковага ціску з боку дзяржавы ў выглядзе выкупных плацяжоў.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.