Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Паўстанне 1830-1831 гг. і Беларусь.






28-29 лістапада 1830 г. у Каралеўстве Польскім пачалося паўстанне, якое часткова ахапіла таксама землі Беларусі, Літвы і Украіны. Асноўнымі прычынамі паўстання былі наступныя:

- абмежаванне царызмам аўтаноміі Каралеўства Польскага, пастаянныя парушэнні канстытуцыі 1815 г.;

- рэпрэсіўная палітыка царызму ў сферах грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Незадаволенасць палітыкай царызму ахапіла шырокія пласты шляхты як у Каралеўстве Польскім, так і на землях Беларусі і Літвы. Непасрэдным штуршком да пачатку паўстання з'явілася вестка аб намеры цара Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі ў 1830 г.

Паўстанне пачалося ў польскіх вайсковых частках, размешчаных у Варшаве, да якіх далучылася значная частка насельніцтва Варшавы. Расійскія войскі пакінулі Варшаву, а ў пачатку снежня – і Каралеўства Польскае. 18 снежня 1830 г. польскі сойм абвясціў нацыянальнае паўстанне, а ў студзені 1831 г. афіцыйна пазбавіў польскага трону Мікалая І і дынастыю Раманавых. У якасці органа вышэйшай выканаўчай улады быў створаны Нацыянальны ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім. Урад разлічваў дамагчыся незалежнасці Польшчы шляхам знаходжання падтрымкі з боку буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў, у першую чаргу Англіі і Францыі.

Дадзеныя падзеі выклікалі вайну паміж Расіяй і паўстаўшай Польшчай, якая працягвалася з лютага да кастрычніка 1831 г. У яе межах умоўна можна вылучыць два этапы:

1) люты-май 1831 г. – захаванне адноснай раўнавагі паміж ваюючымі бакамі;

2) чэрвень-кастрычнік 1831 г. – наступленне расійскай арміі і разгром паўстання.

Сярод удзельнікаў паўстання вызначыліся дзве плыні:

 

плынь асноўныя прадстаўнікі асноўныя ідэі
Кансерватыўная Адам Чартарыйскі Аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы ў форме канстытуцыйнай манархіі; захаванне прывілеяванага статусу шляхецкага саслоўя; вызначэнне ў якасці галоўнай рухаючай сілы паўстання шляхты
Радыкальная Іахім Лелявель Аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. як нацыянальнай польскай дзяржавы ў форме рэспублікі; правядзенне сацяльна-палітычных рэформ, накіраваных на пераўтварэнне Польшчы ў бессаслоўную дэмакратычную дзяржаву; ліквідацыя прыгонніцтва; апора на шырокія сацыяльныя пласты насельніцтва ў правядзенні паўстання

 

Пануючая роля ў кіраўніцтве паўстаннем належала кансерватарам. Праекты сацыяльных рэформ, прапанаваныя радыкаламі, не былі разгледжаныя.

Паўстанцкія ўлады Каралеўства Польскага да самага пачатку вялікую ўвагу надавалі перспектыве распаўсюджання паўстання на землі былога ВКЛ і Правябярэжнай Украіны. 25 студзеня 1831 г. Нацыянальны ўрад у Варшаве абвясціў зварот да жыхароў Беларусі, Літвы і Украіны з заклікам да паўстання. У студзені-лютым 1831 г. для падрыхтоўкі паўстання ствараецца падпольны Віленскі цэнтральны камітэт. Аднак ён не змог забяспечыць адначасовае выступление паўстанцаў і каардынацыю іх дзеянняў у розных раёнах. Таму паўстанне пачыналася ізалявана па асобных паветах.

У канцы сакавіка – красавіку 1831 г. паўстанне ахапіла Літву і паўночна-заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Свянцянскі і Дзісенскі паветы); у маі – Гродзенскую губерню, у чэрвені-ліпені – Рэчыцкі, Мазырскі і Пінскі паветы, а таксама Валынь. У маі 1831 г. на дапамогу паўстанцам на Віленшчыне і Гродзеншчыне быў накіраваны 12-тысячны польскі корпус Г. Гелгуда. 19 чэрвеня 1831 г. каля Вільні адбылася буйнейшая падчас паўстання бітва на тэрыторыі былога ВКЛ, у якой перамагло расійскае войска.

Падчас паўстання ў кожным павеце шляхта выбірала ўрад і вайсковага камандзіра. Урады ў паветах прыводзілі да прысягі мясцовае насельніцтва, праводзілі рэкруцкія наборы ў паўстанцкае войска, выдавалі адозвы з заклікамі далучыцца да барацьбы. Галоўнай рухаючай сілай паўстання з’яўлялася дробная і сярэдняя шляхта. Сялянства ў пераважнай большасці ставілася да паўстання індыферэнтна з-за адсутнасці сацыяльных кампанентаў у праграме паўстанцаў. Усяго ў паўстанні на тэрыторыі Беларусі прыняло ўдзел каля 30 тыс. чалавек.

Царскі ўрад у кантэксце барацьбы з паўстаннем са снежня 1830 г. увёў на тэрыторыі заходняй Беларусі і Літвы ваеннае становішча. Шляхціцы-паўстанцы прыцягваліся да суда, a іх маёнткі канфіскоўваліся. У той жа час з мэтай перацягуць на свой бок сялянства ў красавіку 1831 г. быў выдадзены загад, паводле якога сялянам дараваўся ўдзел у паўстанні, калі яны добраахвотна пакінуць паўстанцкія атрады.

У жніўні 1831 г. паўстанне было канчаткова падаўлена на тэрыторыі Беларусі і Літвы, а ў кастрычніку – на тэрыторыі Польшчы. Значная частка паўстанцаў накіравалася ў эміграцыю. Шмат удзельнікаў паўстання было рэпрэсіравана; у Сібір выселены тысячы шляхецкіх сем’яў. Маёмасць рэпрэсіраваных і эміграваўшых удзельнікаў паўстання падлягала канфіскацыі. Непасрэдным вынікам паўстання было скасаванне аўтаноміі Каралеўства Польскага. Былі ліквідаваны асобнае польскае войска і Літоўскі асобны корпус.

Да ліку асноўных прычын паражэння паўстання належаць:

- слабая матэрыяльна-тэхнічная і арганізацыйная падрыхтоўка паўстання;

- істотная перавага царызму ў матэрыяльных і людскіх рэсурсах ў параўнанні з польскай паўстанцкай уладай;

- адмаўленне паўстанцкіх уладаў вырашаць сялянскае пытанне, што абумовіла вузкасць сацыяльнай базы паўстання;

- неўмяшанне заходніх дзяржаў у ход узброенай барацьбы, на што спадзяваліся паўстанцы.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.