Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сацыяльна-эканамічны ўздым у другой палове 18 ст.






У другой палове 18 ст. адбылося значнае ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі ВКЛ. Прычынамі ажыўлення былі:

1) Дэмаграфічная: хуткі рост насельніцтва (у 1791 – налічвалася звыш 3, 6 млн. жыхароў, з 11% гарадское насельніцтва).

2) Узрастанне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты як у самім ВКЛ, так і за яе межамі. Попыт на аграрную прадукцыю павялічваўся таму, што ўзрасло насельніцтва гарадоў. Знешні гандаль значна ажывіўся, таму што рэзка выраслі цэны на збожжа на замежным рынку ў другой палове 18 ст. (у 3-5 разоў) ва ўмовах паскарэння эканамічнага развіцця. Гэта садзейнічала росту таварнай фальваркавай гаспадаркі.

3) Дзяржаўныя рэформы 1760-1770-х гг.: узмацненне цэнтральнага апарату дзяржаўнай улады, адмена ўнутраных мытняў і пошлін, дазвол мяшчанам набываць маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем; устанаўленне адзіных мытных пошлін для ўсіх экспарцёраў Рэчы Паспалітай, уніфікацыя сістэмы мер і вагі.

4) Захады з боку дзяржавы па развіцці гандлю і сродкаў зносін: пракладваюцца пінска-слонімскі і пінска-валынскі тракты; праводзяцца работы па ачыстцы і рэгуліроўцы рэк, збудаванню рачных партоў, будаўніцтву дарог і мастоў. У 1781-1784 гг. быў пабудаваныя Прыпяцка-Нёманскі і Прыпяцка-Бугскі каналы.

Сельская гаспадарка

Прыкметамі эканамічнага росту ў сельскай гаспадарцы сталі:

- пашырэнне фальварачнай запашкі на захадзе і ў цэнтры ВКЛ;

- асваенне новых зямель;

- удасканаленне агратэхнікі;

- рост пагалоўя хатняй жывёлы;

- павышэнне ўраджайнасці;

- павялічэнне таварнасці шляхецкай сельскай гаспадаркі, пашырэнні яе сувязяў з рынкам.

У другой палове 18 ст. павялічваюцца надзелы сялянскіх гаспадарак. Сяляне асвойвалі пустуючыя землі, а таксама расчышчалі ад лесу новыя плошчы. Сярэдні зямельны надзел прыватнаўласніцкіх сялян у другой палове 18 ст. склаў 0, 63 валокі на адну гаспадарку. На ўсходзе ВКЛ сярэдні зямельны надзел быў некалькі большым, чым у заходніх і цэнтральных рэгіёнах. Пры чыншавай сістэме гаспадарання ў сяляніна была магчымасць апрацоўваць большую дзялянку зямлі. Сялянскія павіннасці заставаліся тымі ж, але змяніліся іх памеры. У цэлым сялянскія павіннасці ў гэты час павялічыліся ў сярэднім ў 1, 5 разы ў параўнанні з папярэднім перыядам.

Пачынаецца працэс сацыяльнага расслаення ў вёсцы. Каля 10% сялян не мелі сваёй гаспадаркі і працавалі па найме ў заможных сялян або на панскай гаспадарцы. У той жа час вылучаецца невялікая група заможных сялян, якая часам арандавала ў шляхты млыны, цагельныя заводы і г.д.

З мэтай павелічэння прыбытковасці дзяржаўных маёнткаў падскарбій ВКЛ Антоній Тызенгаўз у 1765 г. правёў аграрную рэформу ў каралеўскіх эканоміях – дзяржаўных зямельных уладаннях, прызначаных для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Сутнасць яе заключалася ва ўмацаванні фальваркавай сістэмы гаспадарання. Рэформа пачалася з перапісу і фіксацыі зямельнай маёмасці і павіннасцяў сялян, што дазволіла выпрацаваць агульныя нормы выканання павіннасцяў (галоўным відам павіннасцяў была паншчына) за карыстанне пэўнай колькасць зямлі сялянскімі дварамі. Была адменена арэнда ў эканоміях. Дадзеныя меры паслабілі злоўжыванні дзяржаўнай адміністрацыі ў адносінах да сялян і садзейнічалі павелічэнню рэнтабельнасці сялянскіх гаспадарак. Увядзілася дзяржаўнае страхаванне на выпадак неўраджаяў і бедстваў, ствараліся школы для сялянскіх дзяцей. Дадзеная рэформа дазволіла павялічыць прыбытковасць дзяржаўных маёнткаў. Аднак у той жа час яна прывяла да павелічэння павіннасцяў сялян, што прыводзіла да росту сацыяльнай напружанасці ў вёсцы. Найбольш яркім прыкладам гэтага стала паўстанне сялян Шаўліскай эканоміі 1769 г.

Некаторыя землеўладальнікі ў сваіх маёнтках пачалі ў гэты перыяд з мэтай павелічэння іх таварнасці ўводзіць капіталістычныя метады гаспадарання, г.зн. такія метады, якія былі заснаваны на выкарыстанні вольнанаёмнай працы. У такіх гаспадарках праца ў фальварках ажыццяўлялася не шляхам паншчыны прыгонных сялян, якія пераводзіліся на чынш, а шляхам працы наёмных сельскагаспадарчых рабочых (пераважна з ліку малазямельных і беззямельных сялян) за заработную плату. З мэтай павелічэння даходнасці ў такіх маёнтках уводзіліся новыя формы агратэхнікі і арганізацыі працы, тэхнічныя ўдасканаленні. Падобныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў маёнтках І. Храптовіча, П.К. Бжастоўскага, Т. Ваўжэцкага і іншых магнатаў. Аднак большасць шляхты працягвала ажыццяўлялць гаспадарчую дзейнасць традыцынымі метадамі.

Гарады, рамяство і гандаль

Да канца 18 ст. была адноўлена большасць гарадскіх паселішчаў. Насельніцтва гарадоў і мястэчак дасягнула каля 370 тыс., што складала каля 11% усяго насельніцтва. Аднак агульная колькасць гарадоў да канца 18 ст. не дасягнула ўзроўню першай паловы 17 ст.

Галоўную ролю адыгрывалі вялікія гарады на галоўных гандлевых шляхах – Вільня, Віцебск, Гародня, Магілёў, Менск. Рамеснае насельніцтва ў вялікіх гарадах складала 30-40%, у малых 10-25% ад агульнай колькасці жыхароў. Акрамя рамяства важнымі заняткамі жыхароў гарадоў заставаліся сельская гаспадарка, а таксама розныя промыслы – рыбная лоўля, сплаў лесу і інш.

Асноўныя віды рамёстваў:

- апрацоўка металаў (ім займалася каля 20-30% ад агульнай колькасці рамеснага насельніцтва гарадоў);

- апрацоўка скур;

- выраб адзення;

- будаўнічыя рамёствы.

У буйных гарадах налічвалася да 45-60 рамесных прафесій.

Пануючае становішча ў гарадах заставалася за цэхавым рамяством, але колькасць цэхаў змяншалася да канца 18 ст. Адначасова расла колькасць рамеснікаў, якія працавалі па-за межамі цэха. Яны пачалі выкарыстоўваць наёмных работнікаў. Такое становішча павялічвала канкурэнцыю і садзейнічала паступоваму разбурэнню цэхавай арганізацыі вытворчасці.

Мануфактурная вытворчасць

Новай з’явай у сацыяльна-эканамічным развіцці становіцца стварэнне мануфактур. Мануфактурная вытворчасць – буйная прамысловая вытворчасць, заснаваная на падзеле працы пры захаванні ручной тэхнікі. У Заходняй Еўропе шырока развіваецца з 16-17 стст. У ВКЛ першыя мануфактуры з’яўляюцца толькі ў 18 ст. Пераважная большасць мануфактур знаходзілася ў мястэчках і маёнтках, якія належалі каралю або магнатам. Таму яны называліся вотчыннымі мануфактурамі.

Першай мануфактурай у ВКЛ лічыцца шкляны завод у Налібоках (1720-я гг.). Большасць мануфактур спецыялізавалася на вытворчасці прадметаў раскошы. Найбольш вядомымі з’яўляліся мануфактуры ў мястэчку Ўрэчча Бабруйскага павета (шкляныя вырабы і люстэркі), мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы), Нясвіжы і Слуцку (шаўковыя паясы). У 1760-1770-я гг. у каралеўскіх эканоміях паводле ініцыятывы А. Тызенгаўза была заснавана 21 мануфактура ў раёне Гародні, Берасця і Пастаў (шоўк, сукно, зброя і г.д.).

Мануфактуры працавалі пераважна не на выраб масавай прадукцыі на продаж, а на задавальненне попыту ў прадметах раскошы магнацкай эліты. У якасці рабочых на большасці мануфактур выкарыстоўваліся прыгонныя сяляне, для якіх праца ў прамысловасці стала своеасаблівай павіннасцю. На працягу 18 ст. былі заснаваны 53 мануфактуры, на якіх працавала 2400 рабочых, пераважна прыгонных.

Гандаль

Адбываецца ажыўленне гандлёвых сувязей як на ўнутраным рынку, так і на знешнім рынку. Гэтаму садзейнічалі ўзнаўленне сельскай гаспадаркі; уздым рамеснай і станаўленне мануфактурнай вытворчасці; пашырэнне таварна-грашовых адносін; паляпшэнне сродкаў зносін.

У развіцці ўнутранага гандлю асноўная роля належыла кірмашам. Найбольш буйнымі былі кірмашы ў Бешанковічах і Зэльве. З’яўляецца рэгулярны гандаль праз крамы.

У структуры знешняга гандлю на экспарт вывозіліся збожжа, воск, мёд, скуры, лён, лес і г.д. Імпартаваліся пераважна прадметы заходнееўрапейскай мануфактурнай прамысловасці. Асноўнымі пунктамі знешняга гандлю былі балтыйскія порты Гданьск, Каралявец, Рыга. Паралельна пашыраліся гандлёвыя сувязі з Расійскай імперыяй.

Развіваюцца крэдытна-грашовыя адносіны. У 1776 г. у Гародні быў заснаваны першы на тэрыторыі Беларусі банк.

Такім чынам, у другой палове 18 ст. у ВКЛ назіраецца сацыяльна-эканамічны ўздым. Новымі з’явамі становяцца фарміраванне капіталістычных метадаў гаспадарання ў аграрнай сферы, стварэнне прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу. Аднак у той жа час феадальна-прыгонніцкія адносіны застаюцца пераважнымі формамі і механізмамі мабілізацыі эканамічных рэсурсаў, што абумовіла эканамічнае адставнне ВКЛ ад перадавых краін Заходняй Еўропы, якія ў гэты час развіваліся па капіталістычнамц шляху.

Асноўныя паняцці:

Арэнда, інвентары, паўстанне ў Крычаўскім старостве, Прыпяцка-Нёманскі канал, Прыпяцка-Бугскі канал, аграрная рэформа ў каралеўскіх эканоміях, капіталістычныя метады гаспадарання, мануфактура, вотчынная мануфактура, банк.

 

Кантрольныя пытанні і заданні:

1. Якія прычыны выклікалі востры крызіс у сацыяльна-эканамічным жыцці ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.?

2. Растлумачце, чаму у другой палове 17 – першай палове 18 стст. павялічваецца ўдзельная вага буйных латыфундый у структуры землеўладання?

3. Якія асноўныя метады выкарыстоўвала шляхта для аднаўлення сваіх гаспадарак у другой палове 17 – першай палове 18 стст.?

4. У сувязі з чым у 18 ст. распаўсюдзілася арэнда зямлі ў буйных маёнтках? Якія наступствы гэта мела для сялянства?

5. Ахарактарызуйце сацыяльна-эканамічнае становішча сялянства ў другой палове 17 – першай палове 18 стст.

6. Назавіце буйнейшыя сялянскія паўстанні ў першай палове 18 ст. Чым яны былі выкліканы?

7. Якім чынам змяніўся этнічны склад гарадоў ВКЛ у 18 ст?

8. Ахарактарызуйце агульнае становішча гарадоў ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

9. У якіх гарадах аднаўленне гаспадаркі адбываецца больш хуткім тэмпамі і чаму?

10. Якія змены адбываюцца ў рамесніцкай арганізацыі ў ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.?

11. Вызначце стан унутранага і знешняга гандлю ў ВКЛ у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

12. Якія прычыны вызначылі сацыяльна-эканамічны ўздым у ВКЛ у другой палове 18 ст.?

13. Якія шляхі камунікацый былі пабудаваныя на сродкі дзяржавы і магнатаў ВКЛ у другой палове 18 ст.?

14. Укажыце прыкметы эканамічнага росту ў сельскай гаспадарцы ВКЛ у другой палове 18 ст.

15. Ахарактарызуйце становішча сялянскай гаспадаркі ў другой палове 18 ст.

16. У чым заключаліся асноўныя накірункі аграрнай рэформы А. Тызенгаўза ў каралеўкіх эканоміях? Якія яна мела вынікі?

17. У чым спецыфіка капіталістычных метадаў гаспадарання ў шляхецкіх маёнтках? Падумайце, чаму дадзеныя метады не атрымалі шырокага распаўсюджання ў сельскай гаспадарцы ВКЛ?

18. Ахарактарызуйце асаблівасці развіцця гарадоў і рамяства ў ВКЛ у другой палове 18 ст.

19. Якія факты сведчаць пра пачатак працэсу разбурэння цэхавай арганізацыі вытворчасці ў гарадах ВКЛ у другой палове 18 ст.?

20. Што такое мануфактура? Дзе з’яўляюцца першыя мануфактуры ў ВКЛ?

21. Што такое вотчынныя мануфактуры? у чым палягае іх спецыфіка? Падумайце, чым было выклікана іх стварэнне?

22. Ахарактарызуйце працэс развіцця ўнутранага і знешняга гандлю ў ВКЛ у другой палове 18 ст.

23. Дзе на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца першы банк і калі?

 

Тэмы дакладаў і рэфератаў:

1. Каралеўскія эканоміі ў другой палове 17 – 18 стст.

2. Сялянскае паўстанне ў Крычаўскім старостве: прычыны, ход, вынікі.

3. Барацьба гарадоў ВКЛ з магнацкім самавольствам у другой палове 17 – першай палове 18 стст.

4. “Паўлаўская рэспубліка” ва ўладаннях П.К. Бжастоўскага.

5. Эканамічная палітыка А. Тызенгаўза ў дзяржаўных уладаннях ВКЛ (1765 – 1780).

6. Развіццё шляхоў зносін у ВКЛ у другой палове 18 ст.

7. Крэдытна-грашовая сістэма ў ВКЛ у 18 ст.

 

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.