Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






У 1911 – 1914 гг. у Віцебску працавала аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.






Такім чынам, у другой палове XIX – пачатку XX ст. адукацыя краю зрабіла вялікі крок наперад. Гэта выявілася ў росце колькасці пісьменных, пашырэнні сеткі пачатковых і сярэдніх школ. Але адсутнасць вышэйшых навучальных і навуковых устаноў стрымлівала развіццё навукі ў Беларусі. У даследаваннях пераважаў гуманітарны кірунак, звязаны з развіццём беларусазнаўства.

Развіццё нацыянальнай мовы і культуры. Нацыянальная самасвяцомасць. Нацыянальная самасвядомасць – гэта сукупнасць ідэй, уяўленняў, перакананняў, вераванняў, у якіх народ (этнас) асэнсоўвае сябе як нацыянальную супольнасць і ўсведамляе гістарычныя карані свайго паходжання. У XIX – пачатку XX ст. праваслаўныя ў сваёй большасці беларусы прызнавалі айчынай Расію, падтрымлівалі цара, слухаліся святароў, але ўсё ж адрознівалі сябе ад рускіх. Беларусы-католікі, у асноўным мясцовыя землеўладальнікі і шляхта, аддзяляючы сябе ад палякаў, называліся краёўцамі, або літвінамі.

Аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці сведчылі адносіны жыхароў Беларусі да мовы. Паводле перапісу 1897 г. беларускую мову прызналі роднай 60% настаўнікаў, 40% чыноўнікаў, 29 % паштова-тэлеграфных служачых, 20 % работнікаў медыцынскіх устаноў.

Знешняй формай праяўлення нацыянальнай самасвядомасці з’яўляецца назва народа. Яшчэ ў першай палове XIX ст. Цэнтральную і Заходнюю Беларусь нярэдка называлі Літвою, а яе насельніцтва – літвінамі. У канцы XIX – пачатку XX ст. тэрмін «Беларусь» і назва «беларусы» замацаваліся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе “тутэйшыя”. Унекаторых мясцовасцях існавалі рэгіянальныя назвы, якія адносіліся як да значных тэрыторый: «палешукі» – для ўсяго Палесся, «пінчукі», «брашчане» – для яго асобных частак. Тым не менш перапіс 1897 г. засведчыў, што большасць жыхароў Беларусі ўжо засвоіла назву «беларусы» і трымалася яе.

Агульнасць мовы – адна з самых істотных прыкмет нацыі. 3 пачатку XIX ст. адбывалася станаўленне новай беларускай літаратурнай мовы. Яна не мела пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай, якая выкарыстоўвалася ў якасці дзяржаўнай у ВКЛ. Старая літаратурная мова ў XVIII ст. фактычна знікла. Шляхта і амаль уся інтэлігенцыя засвоілі польскую мову, што панавала ў грамадскім і культурным жыцці да паўстання 1863 – 1864 гг. Беларускай дыялектнай мовай карысталася толькі сялянства, частка збяднелай шляхты, працоўныя слаі гарадскога насельніцтва. Новая літаратурная пісьмовая мова складвалася на аснове шматдыялектнай гутарковай народнай мовы, перш за ўсё сярэднебеларускіх гаворак. Важнейшым напрамкам развіцця літаратурнай мовы быў друк. У канцы 50-х – пачатку 60-х гг. з’явіліся першыя падпольныя агітацыйныя выданні на беларускай мове. Выдатнай вяхою ў развіцці беларускай публіцыстыкі сталі «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага і яго «Пісьмы з-пад шыбеніцы».

Ф. Багушэвіч першым з беларускіх пісьменнікаў адзначыў самастойнасць беларускай мовы і роўнасць яе з усімі іншымі мовамі. Ф. Багушэвіч заклікаў да адраджэння беларускай мовы як асновы нацыі: “...мова нашая ёсць такая ж людская і памская, як і французская, альбо нямецкая. альбо і іншая якая....Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам. Яно добра. а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю...»

Пры друкаванні беларускіх выданняў выкарыстоўвалася пераважна лацінка. Так выдаваліся творы В. Дуніна-Марцінкевіча. Ф. Багушэвіча, газета «Мужыцкая праўда». У канцы XIX ст. лацінку паступова пачала выцясняць кірыліца.

У Пецярбургу ў 1903 г. выйшаў з друку зборнік паэзіі Янкі Лучыны (Івана Неслухоўскага) «Вязанка». Пасля невядомага аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» і В. Дуніна-Марцінкевіча Лучына зрабіў далейшы у літаратурнай апрацоўцы сярэднебеларускай гаворкі, якая станавілася асновай беларускай літаратурнай мовы.

Пры нешматлікасці і нават выпадковасці легальных публікацый на беларускай мове ў межах Расійскай імперыі, што тлумачыцца свавольствам царскай цэнзуры і русіфікатарскай палітыкай самадзяржаўя, істотнае значэнне ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы набывалі бесцэнзурныя публікацыі, якія ажыццяўляліся ў іншых краінах. Пераважна гэта былі агітацыйныя выданні, што зыходзілі ад рэвалюцыйных народніцкіх арганізацый. Яны садзейнічалі распрацоўцы і замацаванню ў беларускай літаратурнай мове новай грамадска-палітычнай і навукова-эканамічнай лексікі, а таксама агітацыйнага стылю.

У цэлым працэс фарміравання беларускай літаратурнай мовы да канца XIX ст. не завяршыўся. Гэта тлумачыцца каланіяльным становішчам Беларусі, жорсткай русіфікатарскай палітыкай царызму і фактычнай забаронай беларускамоўнага друку, якая існавала аж да часу рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.

Развіццё перыядычнага і кніжнага друку. Перыядычны і кніжны друк у Беларусі развіваўся ва ўмовах даволі жорсткай цэнзуры. У мясцовых выдавецтвах выходзіла пераважна рэлігійная і багаслоўская літаратура, граматыкі і азбукі, даведнікі, невялікія зборнікі вершаў. Кнігі выдаваліся галоўным чынам на рускай, яўрэйскай і польскай мовах, некалькі кніг у год выходзіла на літоўскай мове.

Перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены афіцыйнымі выданнямі. Сярод іх вылучаліся “ Губернские ведомости”, “Епархиальные ведомости”. “Губернские ведомости” складаліся з 2 частак: афіцыйнай і неафіцыйнай. У афіцыйнай частцы публікаваліся розныя ўрадавыя паведамленні. У неафіцыйнай частцы маглі змяшчацца паведамленні аб кірмашах, рыначных цэнах, здарэннях, аб стане сельскай гаспадаркі, фабрык і заводаў, аб некаторых падзеях у міжнародным жыцці. Існавала магчымасць публікаваць асобныя матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фальклору. Але катэгарычна забаранялася змяшчаць тут крытычныя меркаванні аб фактах грамадскага жыцця, крытычныя заўвагі аб дзейнасці мясцовых улад.

У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “Минский листок”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. Тут друкавалаея паэма “Тарас на Парнасе”, змяшчаліся творы Янкі Лучыны, Каруся Каганца, публікаваліся артыкулы беларускага этнографа М. Янчука, работы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі М. Доўнар-Запольскага. 3 публікацыі ў 1889 г. на старонках газеты «Минский листок» паэмы «Тарас на Парнасе»пачалося пэўнае ажыўленне (пасля 25-гадовага перапынку) падцэнзурнага беларускамоўнага друку. У другой палове 90-х – пачатку 900-х гг. гэта паэма набыла надзвычайную папулярнасць, пра што сведчаць тры выданні яе ў Віцебску, два ў Гродне і два ў Магілёве У якасці літаратурна-краязнаўчага дадатка да «Минского листка» публікаваўся “Северо-Западный календарь”, які змяшчаў шмат этнаграфічных матэрыялаў. 3 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. Менавіта на яе старонках у 1905 г. з’явіўся першы друкаваны верш Янкі Купалы “Мужык”.

У канцы XIX – пачатку XX ст. пачынаюць больш шырока друкавацца беларускамоўныя творы. 3 1901 па 1914 г. у пяці беларускіх губернях колькасць перыядычных вы-данняў павялічылася з 15 да 109. У 1906 г. у першым легальным беларускім выдавецтве “ Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецярбургу, заснаваным былі выпушчаны “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” Каруся Каганца і “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі. За выданне зборнікаў вершаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Багушэвіча і “Жалейка” Купалы Пецярбургскі камітэт па справах друку распачаў крымінальнае праследаванне выдавецтва. Беларускія кнігі выдавалі таксама выдавецтвы " Наша ніва", " Наша хата", " Мінчук" і інш.

3 1901 па 1914 г. у пяці беларускіх губернях колькасць перыядычных выданняў павялічылася з 15 да 109. У верасні – снежні 1906 г. выходзіла першая легальная беларуская газета “Наша доля”, заснаваная групай членаў БСГ, У ёй востра ставіліся пытанні палітычнага і культурнага характару. Пасля закрыцця “Нашай долі” барацьбу за нацыянальнае адраджэнне ўзначаліла штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая, літаратурна-мастацкая газста «Наша ніва». Яе выданнем кіравалі лідэры Беларускай сацыялістычнай грамады браты Іван і Антон Луцкевічы. Да 1912 г. газета друкавалася кірыліцай і лацінкай, пазней – толькі кірыліцай. «Наша ніва» арыентавалася пераважна на сялянства і сельскую інтэлігенцыю, дробных служачых і рабочых. У артыкуле, які адкрываў першы нумар газеты, адзначалася: “Не думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не. ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу”. Газета абвяшчала, што будзе “старацца. каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны есць – зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права...» Сваю першачарговую і галоўную задачу «Наша ніва» бачыла ў барацьбе за прызнанне факта існавання беларускага народа, за яго раўнапраўнасць з іншымі народамі. Пры садзейнічанні " Нашай нівы" выходзілі папулярны " Беларускі каляндар", часопісы " Саха" і " Лучынка".

Развіццё беларускай літаратуры. 60 – 90-я гг. былі, відаць, самымі цяжкімі ў гісторыі беларускай літаратуры. На яе развіцці крайне адмоўна адбіліся мураўёўскія рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў паўстання 1863 г. і ў цэлым мясцовай інтэлігенцыі, жорсткі русіфікатарскі курс палітыкі царызму, фактычная забарона беларускага друку. Усё гэта прычынілася да таго, што ў падцэнзурным расійскім друку ў 1863 – 1888 гг. не з’явілася ніводнага беларускага мастацкага твора.

У першыя два дзесяцігоддзі пасля паўстання 1863 – 1864 гг. асноўным жанрам у беларускай літаратуры з’яўлялася ананімная (без вызначэння аўтарства) вершаваная гутарка. Такія творы напісаны жывой народнай мовай. Сярод іх – «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім, што баліць, а чаму баліць – не ведаем».

Пісалі, але не маглі публікаваць свае творы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Фелікс Тапчэўскі, Альгерд Абуховіч, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Адам Гурыновіч, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) і іншыя беларускія пісьменнікі. Многае з іх творчай спадчыны загінула.

Такі лёс пагражаў і творчасці Францішка Багушэвіча (1840 – 1900). Нарадзіўся ён у Віленскім павеце ў збяднелай шляхецкай сям’і. Быў удзельнікам паўстання 1863 г. Шмат гадоў служыў за межамі Беларусі. На радзіму вярнуўся толькі ў 1884 г. Працаваў адвакатам у Віленскім акруговым судзе. Добра ведаў становішча сялян. У 1891 – 1894 гг. за межамі Расіі (у Кракаве і Познані) пад псеўданімамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава выдаў зборнікі вершаў “ Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Невядомым застаецца лёс трэцяга зборніка вершаў Багушэвіча («Скрыпачка беларуская»), а таксама зборніка “Беларускія апавяданні Бурачка”, які ў канцы 90-х гг. падаваўся ў расійскую цэнзуру, але дазволу на публікацыю не атрымаў.

Ф. Багушэвіч – першы ў поўным сэнсе слова нацыянальны беларускі пісьменнік. У прадмове да «Дудкі беларускай» паэт абвясціў аб існаванні беларускай мовы – не мужыцкай, а “такой жа людскай і панскай, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая”, адзначыў шматлікасць беларусаў (“нас не жменька, а з шэсць мільёнаў”) і слаўнае мінулае Беларусі ў часы Вялікага княства Літоўскага як цэнтра гэтай дзяржавы, акрэсліў прастору, на якой жыла беларуская мова (“ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчак і вёсак”), папярэдзіў свой народ, што, страціўшы родную мову, ён, як этнас, загіне.

У прадмове да “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіч пісаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую... “мужыцкай” завуць, а завецца яна “беларускай”... Шмат было такіх народаў. шго страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем. катораму мову займе, а потым і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!...”

Выдатным беларускім паэтам другой паловы XIX ст. быў Янка Лучына (I. Неслухоўскі, 1851 – 1897 гг.). Нарадзіўся ён у Мінску. Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Закончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, працаваў інжынерам. Пісаць пачынаў па-польску і, радзей, па-руску. Як нацыянальны паэт абудзіўся ў 1887 г. пад уражаннем выступленняў украінскіх артыстаў, што гастралявалі ў Мінску – нацыянальны тэатр братняга народа паказаў прыклад нацыянальна-культурнага адраджэння і беларусам. У прывітальным вершы Я. Лучыны ўкраінскай трупе з глыбіні душы паэта вырваліся словы: «Маці-Зямліца! Ой не забыта роднага слова святая сіла!..»

Друкаваўся Я. Лучына ў розных польскіх і расійскіх перыядычных выданнях, садзейнічаў збліжэнню польскай і рускай літаратуры шляхам перакладаў з адной мовы на другую. На беларускай мове пры жыцці змог апублікаваць усяго некалькі вершаў. Тым не менш працягваў пісаць і па-беларуску без надзеі ўбачыць твор надрукаваным. Адсутнасць магчымасцей для публікацыі беларускіх твораў, вядома, адмоўна адбілася на раскрыцці яго таленту як нацыянальнага паэта. Толькі праз 6 гадоў пасля смерці Я. Лучыны гурток беларускіх студэнтаў выдаў у Пецярбургу зборнік яго беларускамоўных вершаў пад назвай “ Вязанка». Ёсць звесткі, што падаваўся ён у цэнзуру пад выглядам балгарскіх твораў. Найбольш вядомы яго твор – верш «Роднай старонцы», у якім аўтар выказаў сваю любоў да радзімы.

Трагічна склаўся лёс паэта Адама Гурыновіча (1869 – 1894 гг.). Нарадзіўся ён у Вілейскім павеце ў сям’і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе далучыўся да нелегальнай студэнцкай арганізацыі, у якую ўваходзілі ўраджэнцы Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. 3 красавіка 1893 г. узначаліў яе. Члены арганізацыі вывучалі марксісцкую літаратуру ў выданнях партыі “Пралетарыят” і групы “Вызваленне працы”, займаліся прапагандай сярод рабочых. Летам 1893 г. А. Гурыновіч быў арыштаваны і пасаджаны ў турму, дзе захварэў на чорную воспу і неўзабаве памёр.

А. Гурыновіч рана зацікавіўся беларускім фальклорам, зрабіў шмат запісаў народных песень, загадак. Частку з іх апублікаваў у 1893 г. у польскім навуковым выданні. Усе ўласныя мастацкія творы паэта засталіся ў рукапісах. 8 сшыткаў забрала паліцыя ў час арышту і яны, відаць, загінулі, частку твораў зберагла радня А. Гурыновіча. Упершыню яны былі апублікаваны ў 1921 г.

У вершах «Чаго спіш, мужычок», «Перш душылі паны» А. Гурыновіч заклікаў сялянства абудзіцца, асэнсаваць сваё станонішча, не чакаць ласкі ад няпрошаных апекуноў як з расійска-царскага, так і з польска-панскага боку («абое рабое»), сабрацца ў магутны хаўрус і ўзняцца на барацьбу з імі, узяць свой лёс у свае рукі.

Сынам ссыльнага паўстанца 1863 г. быў Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі, 1868 – 1918). Нарадзіўся ён у Сібіры, паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. На радзіму (у Мінскі павет) сям’я вярнулася ў 1874 г. 3 маленства Каганцу давялося зарабляць сабе на хлеб. Першыя літаратурныя творы, што дайшлі да нас, напісаны ім у 1893 г. з выразных нацыянальна-дэмакратычных пазіцый («Прамова», «Наш сымболь», «Гадка пра Галубка» і інш.).

Пачатак XX ст. стаў асаблівым перыядам у гісторыі нацыянальнай літаратуры. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 – 1907 гг. сфарміравалі новы тып пісьмснніка і паэта, цесна звязанага з жыццём і вызваленчай барацьбой народа. У лігаратуры з’явіўся новы герой – нястомны шукальнік праўды, абаронца народных інтарэсаў, смелы і стойкі барацьбіт. Буйной постаццю ў беларускай паэзіі пачатку XX ст. з’яўлялася Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. Яна ўдзельнічала ў заснаванні БСГ. Першыя зборнікі паэтэсы «Хрэст на свабоду» і “Скрыпка бедаруская” выйшлі нелегальна. Яе рэвалюцыйныя і патрыятычныя вершы выкарыстоўваліся арганізацыямі БСГ, РСДРП у якасці адозваў і лістовак.

У пачатку XX ст. раскрыліся паэтычныя таленты заснавальнікаў сучаснай бсларускай літаратуры і літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Янка Купала (Іван Дамімікавіч Луцэвіч) нарадзіўся ў фальварку Вязынка Мінскага павета. Першы яго верш «Мужык» з’явіўся ў 1905 г.

Ужо сваімі першымі паэтычнымі кнігамі “Жалейка” і “Гусляр” паэт прыцягнуў да сябе ўвагу чытачоў. Зборнік вершаў “Шляхам жыцця” фактычна стаў найвышэйшым дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры. Паэмы Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна” ўзнялі гэты жанр на якасна новую ступень. Яго п’есы “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо” сталі вызначальнай з’явай беларускага тэатральнага жыцця ў пачатку XX ст.

Я. Купала імкнуўся абудзіць у чытачоў пачуццё годнасці і удзячнасці да продкаў, якія былі здольныя бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць самабытную культуру. У час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Паэт падтрымаў народ у барацьбе супраць самадзяржаўя.

Набыў папулярнасць сваімі творамі і Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), ураджэнец засценка Акінчыцы Мінскага павета (цяпер у межах горада Стоўбцы). У першым зборніку вершаў «Песні жальбы» Я. Колас апаэтызаваў вобраз беларуса-мужыка, які, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, застаецца аптымістам і верыць у адраджэнне роднага краю. У 1911 г. Колас пачаў працу над паэмай «Сымон-музыка». Значна ўзбагаціў беларускую паэзію і вывеў яе на еўрапейскі ўзровень Максім Багдановіч. Ён нарадзіўся ў Мінску, але большую частку свайго нядоўгага 26-гадовага жыцця правёў за межамі радзімы. Адзіны прыжыццёвы зборнік паэта «Вянок», у які ўвайшлі вершы, напісаныя ім у 17 – 20-гадовым узросце, быў выдадзены ў Вільні ў 1913 г.

Станаўленне нацыянальнага прафесійнага тэатра. Жорсткая русіфікатарская палітыка царызму на Беларусі пасля 1863 г. стала прычынай таго, што і ў 60 – 90-я гг. XIX ст. не змог нарадзіцца беларускі прафесійны тэатр. У 1892 г. была спроба з боку гуртка беларусаў-інтэлігентаў мястэчка Радашковічы і ваколіц (Вілейскі павет) паставіць без цэнзурнага дазволу на беларускай мове п’есу Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) «Злодзей». Падрыхтоўка спектакля дайшла да генеральнай рэпетыцыі і ў гэты момант была забаронена ўладамі. На тэатральных сцэнах Беларусі выступалі пераважна расійскія і (радзей) украінскія трупы. У Мінск прыязджалі вядомыя рускія артысты М. Савіна, А. Яблачкіна, К. Варламаў і інш. 3 1898 г. даволі актыўную дзейнасць разгарнула Мінскае таварыства аматараў выяўленчага мастацтва і музыкі. Яно мела драматычную, музычную, мастацкую і літаратурную секцыі. Тэатральная секцыя ставіла пераважна класічныя творы рускай і зарубежнай драматургіі. Музычная секцыя мела свой аркестр. Сярод сялян і мяшчан па-ранейшаму карысталіся папулярнасцю розныя формы народнага тэатра, у тым ліку лялечнага («батлейка»).

У пачатку XX ст. мясцовыя артысты праводзілі ў гарадах і вёсках так званыя беларускія вечарынкі. Гэта былі своеасаблівыя тэатральна-канцэртныя паказы, на якіх чыталіся ўголас творы беларускіх аўтараў, выконваліся народныя песні і танцы, ставіліся спектаклі.

У 1907 г. самадзейны мастацкі калектыў стварыў у сваім фальварку Iгнат Буйніцкі, якога па праву называюць “бацькам беларускага тэатра”. 3 групай аматараў ён пачаў наладжваць канцэрты, якія прыцягвалі мноства гледачоў тым, штоса сцэны гучала іх родная мова, чаго яны ніколі раней не чулі. Калектыў Буйніцкага стаў першым нацыянальным прафесійным тэатрам, які дзейнічаў у 1910 – 1913 гг. Ён складаўся з драматычных акцёраў, харыстаў, танцораў (каля 70 чалавек). У гэты тэатральны калектыў уваходзілі дочкі Буйніцкага, А. Пашкевіч і інш. Сам I. Буйніцкі быў і рэжысёрам, і акцёрам, і танцорам. Яго тэатр паставіў п’есы “Паўлінка” Я. Купалы, “Краю мой родны!..” (па творах М. Багдановіча), народныя песні і танцы.

У 1911 і 1912 гг. трупа I. Буйніцкага выступіла ў Пецярбургу, у 1913 г. калектыў наведаў Варшаву і ўсюды карысталася вялікім поспехам. Аднак тэатр I. Буйніцкага працаваў у нялёгкіх умовах. Мясцовыя ўлады часта забаранялі яго выступленні. За кожным словам Буйніцкага на сцэне і па-за ёй шукалі вальнадумства. Так, пасля пастаноўкі ў Слуцку камедыі К. Каганца “Модны шляхцюк”, у якой высмейваліся і развенчваліся пагардлівыя адносіны шляхты да простых людзей, мясцовая шляхта, убачыўшы сябе ў п’есе як у люстэрку, дамаглася забароны гастроляў тэатра ў сваім павеце. Матэрыяльныя цяжкасці прымусілі I. Буйніцкага ў 1913 г. закрыць тэатр.

Пад уплывам дзсйнасці I. Буйніцкага набыў шырокі размах аматарскі тэатральны рух. Так, з 1910 г. у Вільні дзейнічаў «Беларускі музычна-драматычны гурток», якім кіраваў А. Бурбіс. Ён ажыццявіў першую пастаноўку камедыі Я. Купалы «Паўлінка».

Створанае ў 1917 г. у Мінску беларускім акцёрам і рэжысёрам Фларыянам Ждановічам пры ўдзеле I. Буйніцкага Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ўпершыню паставіла на сцэне драму Я. Купалы «Раскіданае гняздо».

Прыкметныя поспехі меліся і ў развіцці беларускай прафесійнай музыкі. Зборам і апрацоўкан народных песень займаліся Антон Грыневіч, Людамір Рагоўскі, Мікалай Чуркін і інш. Л.Рагоўскі на тэму беларускіх песень напісаў " Беларускую сюіту для сімфанічнага аркестра", кантату " А хто там ідзе? " на верш Я.Купалы.

Выяўленчае мастацтва. У другой палове XIX ст. сярод творчай інтэлігенцыі абудзілася цікавасць да гісторыі і побыту беларускага народа. У беларускім жывапісе запанаваў мастацкі стыль рэалізм, прадстаўнікі якога імкнуліся аб’ектыўна адлюстроўваць рэчаіснасць.

Вядомай постаццю ў беларускім пейзажным жывапісе з’яўляецца фігура Апалінара Гараўскага. Мастак нарадзіўся ў Мінскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе яго здольнасці прыцягнулі ўвагу выкладчыкаў. Пасля заканчэння акадэміі быў узнагароджаны залатым медалём. Да ліку лепшых яго карцін адносяцца пейзажы, звязаныя з краявідамі роднай Міншчыны: «Вечар у Мінскай губерні», «На радзіме», «Рака Бярэзіна», “Бераг ракі Свіслач”, «Пінскія балоты», «Восень», «Час жніва»; сярод партрэтаў вылучаюцца «Жанчына з палітрай», «Жаночы партрэт», партрэт М. Глінкі. Пейзажы А. Гараўскага вылучаюцца жыццёвай праўдай і высокім тэхнічным майстэрствам. Мастак быў вядомы не толькі ў Расіі, але і за мяжой, ён атрымаў званне акадэміка жывапісу. Асабісты сябра рускага мецэната П. Траццякова, А. Гараўскі дапамагаў у збіранні яго славутай калекцыі. Некаторыя работы беларускага мастака зараз знаходзяцца сярод экспанатаў Траццякоўскай галерэі. Адной з лепшых прац жывапісца стала палатно «Старая моліцца», якое карысталася вялікім поспехам на выставах у Расіі і за мяжой. Карціну высока ацаніў вядомы рускі мастак Iлля Рэпін. На працягу шэрагу гадоў I. Рэпін жыў у сваім маёнтку Здраўнёва пад Віцебскам, дзе напісаў адзін з вядомых эцюдаў – “Беларус”, мадэллю для якога стаў звычайны селянін – жыхар суседняй вёскі.. Сёння на месцы маёнтка Здраўнёва, набытага I. Рэпіным у 1892 г., адноўлены музей-сядаба. Пакупка стала магчымай для мастака пасля персанальнай выставы, дзе паказвалася вядомая карціна – “Запарожцы пішуць ліст да турэцкага султана”, якую ў далейшым набыў цар Аляксандр III за 35 тыс. рублёў. У Здраўнёве мастак напісаў каля 60 карцін. у тым ліку партрэты сваіх дзяцей, эцюд “Беларус”, мадэллю для якога стаў звычайны селянін – жыхар суседняй вёскі. У пачатку XX ст. I. Рэпін прадаў большую частку зямель сваёй сядзібы сялянам на выгадных для іх умовах.

Па эцюдах, якія былі створаны ў Белавежскай пушчы, напісаў свае лепшыя палотны рускі пейзажыст Iван Шышкін.

Майстрам бытавога жывапісу быў Нікадзім Сілівановіч. Атрымаўшы адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, ёя стварае шэраг кампазіцый у бытавым жанры. У рэалістычнай манеры мастак напісаў нямала выдатных палотнаў, тэматычна-вобразна звязаных з радзімай (Вілейшчына): «Стары пастух», «У школу», «Дзеці ў двары» “Пастух са Свянцяншчыны”. Творы Сілівановіча прынеслі яму высокі аўтарытэт сярод пецярбургскіх мастакоў, аб чым сведчыць запрашэнне да ўдзелу ў афармленні Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. За мазаічнае пано “Тайная вячэра” Сілівановічу прысвоілі ганаровае званне акадэміка.

Імкненне адлюстраваць старонкі гісторыі выявілася ў творчасці Напалеона Орды. Ён нарадзіўся ў Пінскім павеце. Атрымаў мастацкую адукацыю ў Парыжы, вучыўся музыцы ў вядомага польскага кампазітара Ф. Шапэна. Амаль 25 гадоў падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў. У Беларусі мастак зрабіў больш за 200 замалёвак, у тым ліку Камянецкай вежы, палацаў і замкаў у Міры, Навагрудку, Нясвіжы, Гродне, Лідзе.

К. Альхімовіч, ураджэнец Шчучыншчыны, удзельнічаў у паўстанні 1863 – 1864 гг., за што адбыў ссылку ў Сібіры. 3 1878 г. жыў у Варшаве. Пісаў у гістарычным жанры («Пахаванне Гедыміна», «Пасля бітвы», «Смерць Глінскага ў турме», “Хрысціянскія пакутнікі” ), на тэмы сібірскай ссылкі («Смерць у выгнанні», «На этапе» і інш.), паказваў цяжкую працу сялян і парабкаў («Жніво», «Парабкава хата», «Найманне работнікаў»,). Ён стварыў цэлы шэраг гістарычных палотнаў, якія з поспехам выстаўляліся ў Мюнхене і Парыжы. К.Альхімовіч шмат працаваў і як графік. У тэхніцы літаграфіі ім выкананы шматлікія ілюстрацыі да твораў А.Міцкевіча.

Яркай старонкай у гісторыі беларускага пейзажнага жывапісу стала творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі. Вялікі ўплыў на яго станаўленне як мастака аказаў вядомы рускі жывапісец Ісак Левітан. У сваёй творчасці ён развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Эмацыянальныя і змястоўныя творы мастака вылучаюцца мяккім каларытам. У ранні перыяд былі напісаны пейзажы “3 аколіц Пяцігорска”, якую набыў П. Траццякоў для сваёй калекцыі, “Вясна ідзе”, што прынесла аўтару першую прэмію Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў. Шчырыя сяброўскія адносіны звязвалі мастака з I. Рэпіным. “Вечныя снягі”, “Зімні пейзаж” В.Бялыніцкага-Бірулі

Вядомымі творамі гэтага жанру жывапіс былі “Зямля”, “Эмігранты” Ф.Рушчыца; “Снег”, “Беларускія могілкі” Г.Вейсенгофа; “Нёман”, “Восеньскі вечар” С.Жукоўскага і інш.

Прыватную мастацкую школу стварыў у Віцебску ў канцы XIX ст. Юдэль Пэн. Ён адлюстроўваў нацыянальнмя рысы яўрэйскага побыту, стварыў цэлую галерэю вобразаў яўрэйскіх рамеснікаў («Гадзіншчык», «Стары кравец», «Жабрак» і інш.). У школе Пэна займаўся ўраджэнец Віцебска Марк Шагал, які прысвяціў сваёй радзіме нямала карцін, сярод іх – “Я і вёска”, “Над Віцебскам”. У будучым Шагал атрымаў сусветную вядомасць і стаў адным з найбуйнейшых мастакоў XX ст.

Бытавому жанру прысвечаны карціны “На суд прафесара”, “Партрэт скрыпача Жухавіцкага” Якава Кругера; “Швачкі”, “Вечар у сям’і” Льва Альпяровіча.

Развіццё архітэктуры. У архітэктурным абліччы гарадоў Беларусі ў другой палове XIX ст. адбыліся прыкметныя змены: з’явіліся буйныя фабрыкі і заводы, а ў сувязі з імі – на ўскраінах – рабочыя пасёлкі са скучанай і хаатычнай драўлянай забудовай; праз многія гарады прайшлі чыгункі, што выклікала новы тып пабудоў – вакзалы (у Мінску – 1874 г., Брэсце – 1896 г., Магілёве – 1902 г. і г. д.), дэпо. Цэнтры буйных гарадоў былі забяспечаны водаправодам (Мінск – 1874 г., Гродна – 1876 г., Магілёў – 1879 г., Мазыр – 1900 г.), каналізацыяй, электрычным асвятленнем, тэлефонам (з 90-х гг.). Насаджаліся сады і паркі. Ствараўся агульнадаступны гарадскі грамадскі транспарт. У Мінску з 1892 г. дзейнічала конка (рэйкавая дарога з вагонам, які цягнулі коні), у Віцебску з 1898 г. – трамвай. У гарадской забудове выдзяляліся асабнякі буйных чыноўнікаў, духавенства, памешчыкаў, купцоў, будынкі розных дзяржаўных і прыватных крэдытна-фінансавых і іншых устаноў, шматкватэрныя даходныя дамы, гасцініцы, магазіны і г. д.

Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне XIX ст. Да канца XIX ст. у беларускім дойлідстве пануе эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі.

У другой палове XIX ст. наглядаецца росквіт неагагычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі.У гэтым стылі былі ўзведзены касцёлы ў Відзах, Вілейцы, Іўі, Паставах і касцёл Святога Роха ў Мінску, названы ў гонар святога, вядомага сярод каталікоў як абаронца людзей і жывёл ад розных эпідэмій. Касцёлы будаваліся з чырвонай цэглы, іх фасады звычайна не атынкоўваліся. Для ўнутранага ўбрання касцёлаў былі характэрныя вітражы, фрэскі.

Пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль у праваслаўным культавым дойлідстве. Для псеўдарускага стылю было характэрна традыцыйнае пяцікупалле, цыбулепадобныя купалы, высокія шатровыя званіцы, багаты дэкор у выглядзс какошнікаў. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XIV і XVII стст., каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “мураўёвак”. Найбольш значнымі пабудовамі гэтага напрамку з'яўляюцца мемарыяльны храм у вёсцы Лясная, створаны ў гонар 200-годдзя перамогі рускіх войск над шведамі, капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Уваскрасенскі сабор у Барысаве, Пакроўскі сабор у Гродне, а таксама свецкая архітэктура Магілёва (будынкі тэатра, гарадской управы, жаночай гімназіі, рэальнага вучылішча).

У культавым дойлідстве Беларусі склаўся і неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).

Побач з “архітэктурай гістарызму” ў канцы XIX ст. адбываецца станаўленне новага стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне, Гомелі, Магілёве. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.