Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Рэформы і контррэформы.






Сялянская рзформа 19 лютага 1861 г. Першай і галоўнай з буржуазных рэформаў з'яўлялася адмена прыгоннага права. Пайсці на гэту рашучую меру цара Аляксандра II прымусіла ўсведамленне сацыяльна-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай адсталасці краіны, якая асабліва выразна праявілася ў ходзе Крымскай вайны, а таксама небяспекі хуткага нарастання антыпрыгонніцкага сялянскага руху, што пагражаў перарасці ў сялянскую рэвалюцыю.

Падрыхтоўка сялянскай рэформы пачалася з публікацыі 2 0 лістапада 1857 г. рэскрыпта (пісьма) цара на імя віленскага генерал-губернатара В. I. Назімава ў адказ на хадайніцтвы дваранскіх з'ездаў Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў, якім дазвалялася стварыць у гэтых губернях спецыяльныя дваранскія камітэты для распрацоўкі праектаў скасавання прыгоннага права. Пазней такія камітэты былі створаны і ў іншых губернях. Большасць з іх выступала за вызваленне сялян з-пад прыгону, але без зямлі. Некалькі гадоў, на працягу якіх рыхтавалася рэформа, памешчыкі выкарысталі для інтэнсіўнага абеззямельвання сваіх прыгонных. Але ўрад не адважыўся пайсці на адкрытае рабаўніцтва сялян.

19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпісаў «Маніфест» і «Палажэнні» аб вызваленні памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці. Яны атрымалі, хоць і не адразу, асабістую волю, правы чалавека, фармальна незалежнага ад пана. Селянін мог сам звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, заключаць гандлёвыя і іншыя здзелкі, пераязджаць у горад, запісвацца ў саслоўі мяшчан і купцоў, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову. У гэтых адносінах рэформа 1861 г. карэнным чынам змяняла становішча сялян.

Агульныя «Палажэнні» ўводзілі новую сістэму кіравання вёскай. Сяляне, якія жылі на зямлі аднаго памешчыка, складалі сельскую грамаду (абшчыну). На сходзе сельскай абшчыны выбіраўся стараста. Некалькі сельскіх абшчын, якія адносіліся да аднаго царкоўнага прыходу, стваралі воласць. На валасным сходзе сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Сельскія і валасныя праўленні фактычна павінны былі выконваць усё, што патрабавалі ад іх урадавыя чыноўнікі. Да ліку галоўных абавязкаў сельскіх улад адносіліся раскладка і збор падаткаў, кантроль за выкананнем сялянамі шматлікіх павіннасцей, рэгуляванне пазямельных узаемаадносін сялян, арганізацыя ў вёсцы паліцэйскай службы (соцкія, дзесяцкія). За спраўнае выкананне павіннасцей і выплату падаткаў сяляне адказвалі на аснове кругавой парукі, якая захоўвалася да пачатку XX ст. Валасны сялянскі суд дзейнічаў на аснове нормаў і традыцый звычаёвага права, што было перажыткам сярэднявечча.

Паводле «Палажэнняў 19 лютага» ўся зямля маёнткаў абвяшчалася ўласнасцю памешчыкаў, якіх, праўда, закон абавязваў прадаць сваім былым прыгонным пэўную частку зямлі на адпаведных умовах. Зямельныя надзелы павінны былі вызначацца на аснове добраахвотных пагадненняў сялян з памешчыкамі. У выпадках, калі згода не дасягалася, закон устанаўліваў нормы сялянскіх надзелаў, зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў. Апошнія мелі права пакінуць у сваіх руках ад 1/3 да 1/2 усёй карыснай зямлі. Калі ў памешчыкаў заставалася зямлі менш за гэту норму, то адпаведная частка адразалася на іх карысць ад ранейшых сялянскіх надзелаў.

У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе, як і ў цэнтральнай Расіі, было шырока распаўсюджана абшчыннае землекарыстанне сялян, рэформа праводзілася на аснове «Палажэнняў для губерняў вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У гэтых губернях «Палажэнні» прадугледжвалі вышэйшыя і ніжэйшыя нормы надзелаў. Першыя па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5, 5 дзесяціны, другія ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу. Паводле «Палажэнняў» для Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, дзе існавала падворнае землекарыстанне, а таксама Літвы захоўвалася права сялян на дарэформенны надзел. Аднак і тут прадугледжваліся адрэзкі ў тых выпадках, калі ў памешчыка, у выніку надзялення сялян, заставалася менш за 1/3 зямлі, якая належала яму да рэформы, але сялянскі надзел не мог быць скарочаны больш чым на 1/6 частку

Пры раздзеле зямлі памешчыкі выбіралі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да незвычайнай цераспалосіцы панскіх і сялянскіх зямель. Яны пакінулі сабе амаль усе лясы, лепшыя сенажаці, азёры і г. д. Надзелы сялянам выдзяляліся на няўдобіцах, далёка ад вёсак. Многія тысячы сялян-дваровых, якія да рэформы служылі ў панскіх маёнтках і не мелі зямельных надзелаў, засталіся беззямельнымі і пасля рэформы.

Паводле закона селянін павінен быў заплаціць памешчыку выкуп і за зямлю і за сваю свабоду.

Выкуп асабістай свабоды быў замаскіраваны шляхам завышэння цаны за зямлю. Свой палявы надзел зямлі сяляне выкупалі ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума вызначалася праз 6-працэнтную капіталізацыю гадавога аброку. Напрыклад, калі аброк з сялянскага надзелу складаў 6 р. у год, то агульная сума, якую селяніну трэба было заплаціць, складала 100 р. (6 р. – 6 %, 100 % – 100 р.). Неабходных для выкупу грошай у сялян не было, а памешчыкі хацелі атрымаць іх адразу. Выйсце з гэтага становішча забяспечыў урад: пры выкупе сяляне плацілі 20 % адпаведнай сумы, а астатнія 80 % памешчыкам давала дзяржава. Сяляне рабіліся яе даўжнікамі на 49 гадоў і павінны былі выплачваць не толькі суму доўгу, але і вялікія працэнты за пазыку. Выкупныя плацяжы спаганяліся да першай расійскай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., калі ўрад быў вымушаны датэрмінова адмяніць іх. За гэты час сяляне заплацілі ўраду ў 3 разы больш, чым каштавала купленая імі зямля.

Каб памешчыкі не засталіся адразу пасля рэформы без рабочых рук, «Палажэннямі 19 лютага 1861 г.» прадугледжвалася, што выкупіць свае надзелы сяляне не маглі раней, чым праз 9 гадоў. Увесь гэты час яны лічыліся “часоваабавязаныміі павінны былі за карыстанне надзелам, як і раней, адбываць паншчыну або плаціць памешчыку чынш. Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах ствараліся спецыяльныя органы – павятовыя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы. Кантроль за дзейнасцю гэтых органаў неслі губернатары. Першай інстанцыяй па ўрэгуляванню адносін паміж сялянамі і памешчыкамі з’яўляліся міравыя пасрэднікі, якія прызначаліся з мясцовых дваран. Асноўным абавязкам міравых пасрэднікаў было садзейнічанне складанню ўстаўных грамат – нарматыўных актаў, дзе вызначаліся пазямельныя адносіны сялян і памешчыкаў. На складанне і падпісанне ўстаўных грамат адводзілася два гады – да 19 лютага 1863 г. У паветах ажыццяўл еннем рэформы кіравалі міравыя з'езды, у губернях – губернскія па сялянскіх справах установы на чале з губернатарамі. Прадстаўнікоў сялян у гэтых установах не было.

Устаноўленыя ўрадам часовыя абавязкі, звязаныя з адбываннем паншчыны і выплатай аброку, высокія выкупныя плацяжы не маглі не вы-клікаць масавага абурэння сялян. У 1861 г. на Беларусі зарэгістравана 379 выступленняў, што ў 9 разоў перавысіла паказчык 1860 г. Аб вастрыні і размаху барацьбы сведчыць тое, што 125 з іх былі падаўлены войскам і паліцыяй. Гэта ў 11 разоў больш, чым у 1858 – 1860 гг.

Сярод сялян распаўсюджваліся чуткі, што мясцовыя ўлады і памешчыкі падмянілі царскі маніфест. Нямала выступленняў сялян адбылося пад уплывам гэтых чутак, якія сведчылі аб веры сялян у цара, г. зн. іх царысцкіх ілюзіях. Пратэсты сялян выклікалі спробы выдзеліць ім пры складанні ўстаўных грамат пустэчы, забалочаныя ўчасткі, пазбавіць выпасаў, сенажацяў, вадапою для жывёлы, павысіць павіннасці і г. д. Асабліва ненавіснай для сялян пасля аб'яўлення маніфеста была паншчына. У 1862 г. на Беларусі адзначаны 152 выступленні сялян, з іх 78 былі звязаны з увядзеннем устаўных грамат. На 1 студзеня 1863 г., г. зн. за паўтара месяца да канца вызначанага тэрміну, тут не было падпісана амаль 80 % устаўных грамат.

Паўстанне 1863 г. прымусіла царскі ўрад прыняць пэўныя захады з мэтай аддягнуць ад удзелу ў ім беларускіх і літоўскіх сялян. Указам ад 1 сакавіка 1863 г. быў уведзены абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Мінскай губернях. 3 1 мая таго ж года спыняліся часоваабавязаныя адносіны, сяляне пераводзіліся ў разрад уласнікаў зямлі. Выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %. 2 лістапада 1863 г. гэты ўказ быў распаўсюджаны і на ўсходнюю Беларусь – Віцебскую і Магілёўскую губерні. У кастрычніку 1863 г. генерал-губернатар М. М. Мураўёў, які кіраваў падаўленнем паўстання на Беларусі і ў Літве, падпісаў загад аб выдзяленні сялянам, абеззямеленым у 1846 – 1856 гг., 3-дзесяцінных сямейных надзелаў; сялянам, якіх памешчыкі пазбавілі зямлі ў пазнейшыя гады, надзелы вярталіся цалкам.

Нягледзячы на паражэнне паўстання, царскі ўрад не адважыўся адняць у беларускіх і літоўскіх сялян тыя льготы, якія былі ім дадзены ў 1863 г. Урад заявіў і аб захаванні на няпэўны час сервітутнага права на Беларусі і ў Літве (права сялян на карыстанне пэўнымі ўгоддзямі, найчасцей пашай, якія належалі памешчыкам). У цэлым адзначаныя меры істотна аблягчалі становішча сялян у заходніх губернях у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі і садзейнічалі больш хуткаму развіццю на Беларусі і ў Літве капіталістычных адносін.

У 1867 г. былі пераведзены з аброку на абавязковы выкуп і далучаны да разраду «сялян-уласнікаў» дзяржаўныя сяляне, якія складалі ў гэты час каля 20 % сялянскага насельніцтва Беларусі (у Еўрапейскай Расіі – 48, 2 %). Як і раней, асноўная маса дзяржаўных сялян пражывала ў Гродзенскай і Віленскай губернях. Умовы іх вызвалення ад феадальнай рэнты былі больш спрыяльныя, чым у памешчыцкай вёсцы.

Іншыя буржуазныя рэформы. У канцы 50-х – пачатку 60-х гг. вызначылася неабходнасць рэфармавання ваеннай справы, дзяржаўнага ладу, органаў суда і пракуратуры, сістэмы гарадскога самакіравання, народнай асветы, цэнзуры, фінансаў. Мера ўступак царызму патрабаванням буржуазнага развіцця краіны ў пэўнай ступені залежала ад сілы ўздзеяння вызваленчага руху.

Ваенная рэформа пачалася ў 1862 г., калі былі ўтвораны 15 ваенных акруг (у тым ліку і Віленская, у якую ўвайшлі ўсе беларускія губерні) і скарочаны тэрмін службы да 7 – 8 гадоў. У 1874 г. з увядзеннем усеагульнай воінскай павіннасці ў Расіі былі рэалізаваны буржуазныя прынцыпы камплектавання арміі. Усе мужчыны з 20-гадовага ўзросту павінны былі служыць у войску (выключэнне рабілася толькі для карэннага насельніцтва Сярэдняй Азіі, Казахстана, Сібіры і Поўначы). Тэрмін службы паніжаўся да 6 гадоў у сухапутных войсках і 7 – на флоце. Уводзіліся ільготы для людзей, якія мелі адукацыю. Тыя, хто скончыў вышэйшыя навучальныя ўстановы, служылі 6 месяцаў, гімназіі – 1, 5 года, гарадскія вучылішчы – 3 гады, пачатковыя школы – 4 гады.

У 1864 г. у Расіі пачаліся земская, судовая і школьная рэформы. Першая з іх прадугледжвала стварэнне ў паветах і губернях выбарных земскіх устаноў для кіраўніцтва мясцовай гаспадаркай, на-роднай асветай, аховай здароўя.

Прадстаўніцтва ў земствах на аснове маёмаснага цэнзу мелі землеўласнікі і гараджане, а саслоўнае – ад валасных сходаў – і сяляне. Выбарчы закон забяспечваў перавагу ў земствах памеснага дваранства.

Тым не менш гэта былі адзіныя ў самадзяржаўнай Расіі выбарныя ўстановы ў сістэме мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання. Яны сталі своеасаблівымі цэнтрамі згуртавання апазіцыйных царызму сіл, у тым ліку ліберальнай і дэмакратычнай інтэлігенцыі, якія нямала зрабілі ў развіцці мясцовай гаспадаркі, шляхоў зносін, народнай адукацыі, медыцынскай і ветэрынарнай службы і г. д. Аднак на Беларусь, Літву і Правабярэжную Украіну након аб земствах не распаўсюджваўся па палітычных матывах: царскі ўрад пасля паўстання 1863 – 1864 гг. не давяраў мясцовым польскім памешчыкам, у рукі якіх – з прычыны іх большасці – трапілі б земствы. Гэта дыскрымінацыя адмоўна адбівалася на развіцці гаспадаркі, культуры і грамадска-палітычнага жыцця Беларусі.

У выніку судовай рэформы саслоўныя суды, якія з'явіліся пры Кацярыне II, былі заменены агульнымі для ўсіх саслоўяў судовымі ўстановамі. Абвяшчалася адкрытасць (публічнасць) і незалежнасць суда ад урада. У паветах уводзіліся міравыя суды і з'езды міравых суддзяў, у губернях – акруговыя суды. Крымінальныя справы ў акруговых судах разглядаліся з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці – прысяжных засядацеляў, якія незалежна ад суддзяў выносілі рашэнне, вінаваты падсудны ці не. Улічваючы іх рашэнне, старшыня і два члены суда вызначалі меру пакарання або вызвалялі падсуднага. Для юрыдычнай дапамогі падсудным быў створаны інстытут прысяжных павераных (адвакатаў), якія не знаходзіліся на дзяржаўнай службе і не залежалі ад урада. Міравыя суддзі (ніжэйшая судовая інстанцыя) выбіраліся павятовымі земскімі сходамі.

На Беларусі і ў Літве судовая рэформа пачалася толькі ў 1872 г. з увядзення міравых судоў. У сувязі з адсутнасцю земстваў міравыя суддзі тут не выбіраліся, а назначаліся міністрам юстыцыі і цалкам залежалі ад яго. Акруговыя суды з прысяжнымі засядацелямі былі ўведзены ў заходніх губернях у 1882 г. Пры гэтым улады захавалі за сабою права зацвярджаць, а па сутнасці фарміраваць спіс прысяжных засядацеляў. Для сялян па дробных грамадзянскіх і крымінальных справах захоўваўся саслоўны валасны суд, уведзены рэформай 19 лютага 1861 г.

Школьная рэформа зыходзіла з прынцыпу ўсесаслоўнасці адукацыі. Саслоўныя абмежаванні адмяняліся пры паступленні ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кантынгент навучэнцаў вызначаўся ў іх высокай платай за навучанне. У адрозненне ад цэнтральных губерняў Расіі на Беларусі не было земскіх школ і грамадства не дапускалася да кіраўніцтва школьнан справай. Расійскае «Палажэнне аб пачатковых народных вучылішчах» 1864 г. на Беларусь і Літву не распаўсюджвалася. Тут дзейнічалі спецыяльныя «Часовыя правілы для народных школ». Паводле іх у кожнай губерні краю ствараліся дырэкцыі народных вучылішчаў і вучылішчныя саветы з ліку чыноўнікаў, якія ажыццяўлялі нагляд за народнай школай, прызначалі і звальнялі настаўнікаў, давалі дазвол на адкрыццё новых школ і г. д. Распараджэннем міністэрства асветы ад 6 студзеня 1864 г. вучням у навучальных установах забаранялася размаўляць на роднай (не рускай) мове.

Агульную сярэднюю адукацыю давалі класічныя і рэальныя сямікласныя гімназіі. У першых шмат часу выдзялялася на вывучэнне лацінскай і грэчаскай моў, у другіх гэтыя («класічныя») мовы не вывучаліся, замест іх пашыралася праграма па матэматыцы і прыродазнаўству. Выпускнікам класічных гімназій давалася права без экзаменаў паступаць ва універсітэты, а рэальных гімназій – у тэхнічныя інстытуты. У 1871 г. рэальныя гімназіі былі ліквідаваны і замест іх утвораны рэальныя шасцікласныя вучылішчы, у якіх рэзка скарачалася выкладанне агульнаадукацыйных дысцыплін і пашыралася вывучэнне прыкладных, вузка тэхнічных. «Рэалісты» (а гэта былі ў асноўным дзеці буржуазіі) страцілі права паступаць без экзаменаў у вышэйшую тэхнічную школу, а прыём іх ва універсітэты быў увогуле забаронены. 3 таго ж года ў класічных гімназіях спынялася выкладанне прыродазнаўства, скарачалася колькасць урокаў па літаратуры і гісторыі і на 50 % павялічваўся час на вывучэнне старажытных моў. Гэтыя меры мелі рэакцыйны напрамак.

У выніку цэнзурнай рэформы 1865 г. некалькі пашырыліся магчымасці друку, найперш сталічнага. Творы вялікіх памераў, а таксама ўсе выданні навуковых устаноў маглі друкавацца без папярэдняй цэнзуры. Строга абмяжоўвалася выдача дазволу на новае перыядычнае выданне, кола пытанняў, якія можна было абмяркоўваць у друку. На Беларусі ўсе хадайніцтвы грамадскасці аб дазволе выдання незалежнай ад улад газеты адхіляліся аж да сярэдзіны 80-х гг. Першым і на доўгі час адзіным такім выданнем стала газета «Минский листок» (1886 – 1902).

Гарадская рэформа на Беларусі пачалася ў 1875 г. (на 5 гадоў пазней, чым у Расіі). Яна таксама засноўвалася на буржуазным прынцыпе ўсеагульных выбараў органаў кіравання ў гарадах паводле маёмаснага цэнзу. Выбарчым правам надзяляліся ўсе плацельшчыкі гарадскіх падаткаў – уласнікі зямлі, дамоў, гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў і інш. Яны дзяліліся на тры выбарчыя сходы. У першым прымалі ўдзел найбольш багатыя гараджане, якія плацілі трэць агульнай сумы падаткаў, у другім – сярэдняя праслойка, на якую таксама прыходзілася трэць падаткаў, і ў трэцім – усе астатнія. Кожны сход выбіраў трэць дэпутатаў (гласных) гарадской думы. Такім чынам у думе забяспечвалася большасць прадстаўнікоў буйной і сярэдняй буржуазіі. Дума выбірала свой выканаўчы орган – гарадскую ўправу на чале з гарадскім галавою. Органы гарадскога самакіравання займаліся пытаннямі добраўпарадкавання гарадоў, развіцця камунальнай гаспадаркі, гандлю, прамысловасці, транспарту, аховы здароўя, народнай адукацыі і інш. Іх дзейнасць рэгулявалася дзяржаўнымі органамі – губернскімі па гарадскіх справах установамі, падначаленымі губернатарам.

Контррэформы. Буржуазная накіраванасць рэформаў 60 – 70-х гг. была вельмі непаслядоўнай, супярэчлівай, з многімі адступленнямі і выключэннямі, якія забяспечвалі захаванне феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў як у сацыяльна-эканамічным, так і дзяржаўным ладзе імперыі. Асабліва выразна гэтыя адхіленні і выключэнні праяўляліся ў палітыцы на ўскраінах імперыі, у тым ліку на Беларусі. Уздым рэвалюцыйнага і ліберальнага руху ў канцы 70-х – пачатку 80-х гг. прымусіў Аляксандра II падпісаць 1 сакавіка 1881 г., за некалькі гадзін да сваёй смерці ад бомбы нарадавольцаў, прапановы, якія хіліліся да ўвядзення прадстаўнічага ладу («канстытуцыі») у Расіі.

Аднак тэрарыстычны акт «Народнай волі» меў вынікам не канстытуцыю, а адкрыты паварот у палітыцы самадзяржаўя да рэакцыі, контррэформаў, Рэальнай расійскай канстытуцыяй аж да 1917 г. стала часовае «Палажэнне аб мерах да аховы дзяржаўнай бяспекі і грамадскага спакою» ад 14 жніўня 1881 г., паводле якога любая мясцовасць у любы час магла быць аб'яўлена на становішчы ўзмоцненай або надзвычайнай аховы. У такім выпадку кожны жыхар гэтай мясцовасці не быў нічым гарантаваны ад арышту да трох месяцаў па распараджэнню мясцовай адміністрацыі або ад штрафу да 3 тыс. руб., ад секвестрацыі маёмасці, ссылкі ў аддаленыя мясцовасці. Адміністрацыя атрымлівала права закрываць навучальныя ўстановы, гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, органы друку. Рэформы 60-х гг. ацэньваліся ўрадам Аляксандра III як «фатальныя памылкі».

Першыя контррэформы датычылі народнай асветы і выявіліся ў падпарадкаванні сіноду з 1884 г. царкоўна-прыходскіх школ, а з 1891 г. – школ граматы і ва ўзмоцненым насаджэнні ўрадам менавіта гэтага тыпу пачатковых школ. У 1887 г. міністрам асветы быў выдадзены цыркуляр, які прадпісваў мо прымаць у гімназіі дзяцей прыслугі, возчыкаў, дробных лавачнікаў і г. д.

Спробай рэстаўрацыі прыгонніцкіх парадкаў з'явіўся закон 1889 г. аб увядзенні земскіх начальнікаў, які цалкам надпарадкаваў гэтым чыноўнікам сялянскае самакіраванне. У іх асобе спалучаліся адміністрацыйная і судовая ўлады. Земскі начальнік мог прыпыніць любое рашэнне сельскага і валаснога сходаў, арыштаваць ці аштрафаваць селяніна, а таксама службовых асоб органаў сялянскага самакіравання, адхіліць іх ад выканання службовых абавязкаў. Законам аб земскіх начальніках скасоўваліся міравыя суды. У выніку сяляне трапілі ў поўную залежнасць ад гэтых «маленькіх самадзержцаў».

У 1890 г. было зацверджана новае «Палажэнне» аб земствах, якое пазбавіла сялян выбарнага прадстаўніцтва ў гэтыя ўстановы (з ліку сялянскіх кандыдатаў губернатар сам прызначаў гласных), а курыі землеўладальнікаў і гараджан ператварыла фактычна ў курыі дваран і гарадскіх саслоўяў. Паводле гарадской контррэформы 1892 г. шляхам рэзкага павышэння маёмаснага цэнзу дробнабуржуазная (г. зн. самая шматлікая) праслойка гараджан была адхілена ад удзелу ў выбарах органаў гарадскога самакіравання. Перавагі на выбарах атрымалі ўласнікі гарадскіх зямель. У гарадах Беларусі гэты закон фактычна пазбавіў выбарчых правоў яўрэйскае насельніцтва, у тым ліку буржуазію. Закон 1893 г. зноў прымацоўваў сялян да сваіх надзелаў, паколькі забараняў заклад надзелу ў банку, датэрміновы выкуп яго без згоды 2/3 сходу і продаж асобам, якія не з'яўляліся членамі дадзенай сельскай грамады. Спецыфіка палітыкі царызму на Беларусі яскрава праявілася ў тым, што закон 1889 г. аб земскіх начальніках быў уведзены тут толькі ў 1900 г. і толькі ва ўсходніх губернях – Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай: урад па-ранейшаму не давяраў мясцовым памешчыкам і баяўся ўручыць ім моцную адміністрацыйна-судовую ўладу над сялянамі. На Гродзеншчыне і Віленшчыне земскія начальнікі не былі ўведзены і пазней.

Становішча ў Беларусі ўскладнялася яшчэ і тым, што тут дзейнічалі розныя абмежаванні ў дачыненні да польскага (каталіцкага) і яўрэйскага (іудзейскага) насельніцтва. У 1865 г. палякам дазвалялася мець маёнткі толькі па спадчыне. Польскія памешчыкі пазбаўлялася магчымасці карыстацца льготнымі пазыкамі Дваранскага банка. 3 канца XVIII ст. Беларусь уваходзіла ў “мяжу яўрэйскай аселасці”. Яўрэям было забаронена сяліцца за межамі гарадоў і мястэчак, арандаваць і купляць зямлю. У пачатку 90-х гг. у Беларусь была выселена значная колькасць яўрэяў з гарадоў Цэнтральнай Расіі, у выніку чаго была створана штучная перанаселенасць беларускіх гарадоў. Яўрэяў не прымалі на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў арміі, на чыгуначны транспарт. Існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Буржуазныя рэформы ў пачатку XX ст. Новы этап буржуазных рэформ у Расійскай імперыі быў звязаны з рэвалюцыяй 1905 – 1907 гг. Маніфест 17 кастрычніка 1905 г. абвяшчаў асноўныя прынцыпы буржуазнага канстытуцыяналізму: свабоды слова, друку, сходаў, саюзаў, а таксама стварэнне прадстаўнічага заканадаўчага органа – Дзяржаўнай думы. Але, нягледзячы на дэклараванне буржуазных сзабод, закон аб выбарах дэпутатаў у Дзяржаўную думу меў шмат феадальных саслоўных абмежаванняў. Выбары былі шматступеннымі, не ўсеагульнымі і няроўнымі. Усе выбаршчыкі падзяліліся на 4 курыі: землеўладальніцкую (памешчыкі), гарадскую (буржуазія), сялянскую і рабочую. Значную перавагу мелі памешчыкі – 1 голас памешчыкаў адпавядаў 3 галасам гарадской буржуазіі, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых, 3 чэрвеня 1907 г. быў зацверджаны новы выбарчы закон, які меў яшчэ больш абмежаванняў. Ён захоўваў чатыры курыі, але рэзка павялічваў колькасць дэпутатаў ад землеўладальнікаў – з 32 % да 50 % месцаў у Думе. Яшчэ адным вынікам рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. была сталыпінская аграрная рэформа (П. А. Сталыпін – прэм’ер-міністр і міністр унутраных спраў). Такой апорай магло стаць заможнае сялянства. Каб забяспечыць больш хуткія тэмпы развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы, прадугледжвалася ліквідаваць сярэдневяковыя формы землеўладання, галоўнай з якіх была сялянская абшчына. У адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г. кожны селянін мог выйсці з абшчыны і атрымаць зямлю, якой карыстаўся, у асабістую ўласнасць, прычым на адным участку, на хутары ці водрубе.

У дадатак да аграрных пераўтварэнняў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях 14 сакавіка 1911 г. уводзіліся земскія ўстановы. Уводзячы земствы, П. А. Сталыпін імкнуўся аблегчыць правядзенне зямельнай рэформы і ўзняць палітычную ролю заможнага сялянства ў сістэме мясцовага кіравання. Выбары ў земскія ўстановы ажыццяўляліся па “рускай” і “польскай” курыях, пры гэтым праваслаўных сялян залічвалі ў “рускую”, а католікаў – у “польскую”. Гэта павінна было аслабіць у краі ўплыў памешчыкаў польскага паходжання. Спроба разбурыць абшчыну і выселіць сялян на хутары, знішчыць традыцыйны ўклад жыцця і калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі поспеху не мелі. Ініцыятар рэформы П. А. Сталыпін у 1911 г. трагічна загінуў. У лістападзе 1915 г. расійскі ўрад прыняў закон аб спыненні на час вайны землеўпарадкавальных работ, звязаных з хутарызацыяй, якія заўсёды выклікалі супраціўленне з боку сялян.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.