Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Гарады сярэдзіны ХУІІ-ХУІІІ ст.






Квітнеючыя беларускія гарады XVI — пачатку XVII ст. увайшлі ў другую палову XVII—XVIII ст. у стане страшэннага разбурэння. Сведчаннем таму сумныя лічбы. Васемнаццаць гарадоў і мястэчак Наваградскага ваяводства страцілі больш чым 40 % свайго насельніцтва. Восем буйных гарадоў ваяводства Берасцейскага да крывавага «патопу» налічвалі 4745 дамоў, пасля—2021. Гэта значыць было знішчана амаль 60 % гарадскіх забудоў. На 50—70 % былі разбураны гарадскія пасяленні Менскага, Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага ваяводстваў. Некаторыя населеныя пункты практычна былі зруйнаваны з зямлёй. Так, калі да пачатку ваенных дзеянняў Паўночнай вайны ў Крычаве мела жыхарства 500 сем'яў, то пасля засталося каля 20.

Пасля разбуральных навалаў жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак пачалі расчышчаць пажарышчы і адбудоўваць свае сядзібы. Але вярнуць былую веліч і прыгажосць бурлівым, людным, багатым гарадам Беларусі ім так і не ўдалося. У XVIII ст. чалавек няўтульна адчуваў сябе ў славутых раней Магілёве, Віцебску, Менску. Смецце з вуліц тут не прыбіралася. Вуліцы практычна не брукаваліся. Рыначныя плошчы зарасталі пустазеллем. Ноччу гарады не асвятляліся.

У пераважнай большасці гарадоў было ад 300 да 500 дамоў, гэта значыць, што насельніцтва складала прыкладна 2—3 тысячы чалавек. Звыш 10 тысяч налічвалі толькі Магілёў і Віцебск. А ў такіх павятовых цэнтрах, як Ліда і Мазыр, засталося 1, 5 тысячы насельнікаў. У Браславе жыло ўсяго 500 чалавек. «Пустым» горадам здалася падарожніку ў XVIII ст. Орша. Нават старажытная Гародня, якая стала ў XVIII ст. буйным дзяржаўным, прамысловым, культурным цэнтрам, асабліва не прываблівала вока яе наведвальнікаў.

Пасля ваенных спусташэнняў гарадскі люд пачаў інтэнсіўна папаўняцца яўрэйскім насельніцтвам. Прыток яўрэяў у асноўным з Польшчы і Украіны падтрымліваўся дзяржаўнай уладай і буйнымі землеўласнікамі. У гэтым яны бачылі крыніцу павелічэння прыбыткаў, бо яўрэй-рамеснік, яўрэй-гандляр сваімі капіталамі і працай ажыўлялі гаспадарчую дзейнасць. У буйных гарадах Беларусі яўрэі складалі ў гэты час каля 30 – 40 % насельніцтва, а ў мястэчках — часцяком палову і болей.

Жылі яны ў асобных кварталах сваёй грамадой — кагаламі. Рамеснікі-яўрэі большасцю не ўваходзілі ў цэхі і стваралі свае рамесніцкія «брацтвы». Шматвяковая традыцыя верацярпімасці на беларускіх землях дазволіла прышламу яўрэйскаму насельніцтву арганічна ўліцца ў грамадства Беларусі. Больш таго, улады і гаспадары ўладанняў сачылі за прадухіленнем канфліктаў на рэлігійна-этнічнай глебе. Напрыклад, Радзівілы ў свой час выдалі прывілей гораду Нясвіжу, паводле якога падчас Вялікодных святаў яўрэі абавязаны былі замыкаць з абодвух бакоў сваю вуліцу. А ключы здаваць замкавай адміністрацыі, якая павінна была сачыць, каб распаленыя ўяўленнямі аб пакутах Збавіцеля хрысціяне не кідаліся помсціць нявінным людзям або проста, карыстаючыся выпадкам, іх рабаваць.

Увогуле, як ні ў якія папярэднія вякі, насельніцтва беларускіх гарадоў у другой палове XVII—XVIII ст. было шматэтнічным, шматмоўным і шматверным. Іудзеі ў гарадах і мястэчках будава-лі і наведвалі сінагогі, мусульмане — мячэці. Прадстаўнікі вышэйшых колаў гарадскога насельніцтва спавядалі часцей за ўсё каталіцтва. Прасталюдзіны былі ў асноўным уніятамі і, радзей, — праваслаўнымі.

Калі паміж жыхарамі розных вераў і народнасцей непаразуменняў амаль не здаралася, а калі здараліся – на бытавым узроўні, то сацыяльных канфліктаў хапала.

Гарады Беларусі па-ранейшаму карысталіся Магдэбургскім правам. Склад магістрату захоўваўся той жа. У яго ўваходзілі бурмістры, радцы і лаўнікі. На чале горада стаяў войт. У дапамогу яму прыдаваліся намеснікі — лентвойты. Судовыя функцыі выконваў магістрацкі суд. Войтаў прызначаў кароль. Ва ўмовах суцэльнай прадажнасці ўлад Рэчы Паспалітай гэтыя пасады захоплівалі багатыя гарадскія вярхі. Праўдамі і няпраўдамі яны перакідвалі асноўныя падаткі на плечы простых гараджан, памнажаючы свае капіталы.

А падаткі тыя былі немалыя. 3 насельніцтва гарадоў спаганяліся на карысць дзяржавы падымнае, «гіберна», паштовае і іншыя падаткі. За карыстанне ворнай зямлёй, сенажацямі і агародамі гарадское жыхарства сплачвала чынш. Цяжарам на плечы мяшчан клаліся грашовыя выплаты магістрату на гарадскія патрэбы. Плюс да гэтага гараджане выходзілі на ахову сваіх паселішчаў, рамантавалі замкавыя ўмацаванні, прымалі на пастой дзяржаўных службовых асоб і прадстаўлялі кватэры для войска.

Павіннасны цяжар, умяшанне ў гарадскія справы дзяржаўнай адміністрацыі і феадалаў, самавольствы членаў гарадскога самакіравання выклікалі супрацьдзеянні з боку мяшчан. Часам яны адстойвалі свае правы і са зброяй у руках. Полацк – 1667г., Гродна – 1670, 1726, Менск – 1700; Магілёў – 1733. Улады вымушаны былі ісці на ўступкі. Так, за мяшчанамі Магілёва і Гародні было замацавана права выбіраць войта горада. На працягу 60-х гадоў XVII ст. членам магістратаў Магілёва, Віцебска, Гародні былі прадстаўлены шляхецкія правы. Як ужо згадвалася раней, шэраг правоў мяшчанскае саслоўе ўсёй Рэчы Паспалітай атрымала ў выніку рэфарматарскай дзейнасці 60—90-х гадоў XVIII ст.

Рамяство і гандаль заставаліся асновай гаспадарчай дзейнасці гараджан. Гандаль, як унутраны, так і знешні, вёўся ў традыцыйных формах. Буйныя гарады з'яўляліся таксама буйнымі гандлёвымі цэнтрамі. У малых гарадах і мястэчках перыядычна праводзіліся кірмашы. Найбуйнейшы адбываўся ў Зэльве. Значныя кірмашы збіраліся ў Шклове, Бешанковічах, Нясвіжы.

У XVIII ст. адбылася пэўная карэкціроўка арыентаванасці знешняга гандлю. Заходняя яго арыентацыя заставалася важнай па-ранейшаму. У гэтым кірунку ішлі, як і ў былыя часы, прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці. Але з пачатку XVIII ст. узрасла роля Пецярбурга. Праз яго пайшлі тавары ў Заходнюю Еўропу з паўночнага захаду Расіі, што раней рухаліся цераз Беларусь. Такім чынам, рэзка скарацілася пасрэдніцкая роля беларускага купецтва. Тады яго гандлёвыя сувязі пераарыентаваліся на гарады паўночна-заходняй Расіі і левабярэжнай Украіны.

Як і ў XVI — першай палове XVII ст., у разглядаемы час ад 25 да 50 % гарадскога насельніцтва займалася рамяством. Зноў жа, як і раней, рамеснікі былі згрупаваны ў прафесійныя цэхі. Але цэхі XVIII ст. былі далёка не тымі моцнымі, зарганізаванымі аб'яднаннямі, што ў папярэдні перыяд. На гэты час яны ўжо вычарпалі рэсурсы для самаразвіцця. Разбагацеўшыя майстры і цэхмістры, падмяўшы пад сваю ўладу падмайстраў і вучняў, няшчадна Іх эксплуатавалі. Абвастрыліся адносіны паміж цэхавымі і няцэхавымі рамеснікамі. Апошніх станавілася ўсё больш. Узнікалі канфлікты паміж блізкімі па прафесіі цэхамі.

Цэхавая арганізацыя прамысловай вытворчасці, як параджэнне аджываючых феадальных адносін, паступова адыходзіла. Але без бою саступаць месца новым формам гаспадарання цэхі не збіраліся. У XVIII ст. яны адыгрывалі першасную ролю на рынках гарадоў, асабліва буйных, дзе мелі даўнія традыцыі і трывалыя пазіцыі. Усё ж спыніць пранікненне ў эканоміку мануфактурнай вытворчасці цэхі былі не ў стане.

Першыя мануфактуры Мануфактурамі (ад лацінскага manus — рука і factura — выраб) называліся капіталістычныя прадпрыемствы, якія былі заснаваны на ручной працы і шырокім яе падзеле. Яны былі пераходнай формай ад рамеснай вытворчасці да капіталістычнай фабрыкі. Мануфактуру з майстэрняй рамесніка блізіла выкарыстанне ручной працы. А з капіталістычнай фабрыкай падабенства мануфактур было ў тым, што на гэтых прадпрыемствах ужывалася наёмная праца і прысутнічаў яе падзел.

Панаванне ў значных гарадах цэхавых арганізацый абумовіла пачатковую канцэнтрацыю мануфактур галоўным чынам у малых гарадах, мястэчках. Першыя ў Беларусі мануфактуры з'явіліся ў 10 – 30-х гадах XVIII ст. Першынцы – Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры, а таксама Свержаньская – фаянсавая. Шырокую вядомасць атрымалі Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры шаўковых паясоў. Значнымі былі Крычаўская, Шклоўская, Горацкая, Дубровенская, Мышаўская, Карэліцкая мануфактуры. У прадмесцях Гародні дзейнічалі створаныя рэфарматарам Антоніем Тызенгаўзам суконная, баваўняная, палатняная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная фабрыкі, а таксама фабрыкі шаўковых паясоў, ігральных карт, аружэйная, свечачная і гар-барная, завод жалезных і медных вырабаў. Усяго на 53 мануфактурах у азначаны час было занята 2400 рабочых.

Еўрапейскую вядомасць мела шкляная мануфактура ў радзівілаўскім мястэчку Урэчча. Гэта было першае прадпрыемства па вырабу люстэркаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Яна была створана па ўзору Дрэздэнскай каралеўскай люстэрні. Урэцкія люстры аздаблялі пакоі Нясвіжскага палаца, польскіх замкаў у Вілянове (Варшава), Падгурцах і іншых. Тут жа, ва Урэччы, а таксама ў Налібоках выраблялі аконнае шкло, посуд з каляровага і малочнага шкла і крышталю. Вырабы аздаблялі гравіроўкай, граненнем, размалёўвалі золатам, срэбрам, плацінай і фарбамі, упрыгожвалі накладнымі медальёнамі. На згаданых мануфактурах працавалі дынастыі мясцовых майстроў Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў.

Сусветную славу мелі і маюць слуцкія паясы. Пры іх вырабе выкарыстоўваліся беларускія народныя ўзоры, нацыянальны арнамент. Даўжыня такога пояса складала прыблізна 2— 4, 5 метра. На ражках звычайна ткаліся надпісы «Слуцк», «У горадзе Слуцку» і да таго падобнае.

У другой палове XVIII ст. у мястэчку Карэлічы працавала ткацкая мануфактура Радзівілаў па вырабу палатна для абіўкі сцен, абрусаў, бязворсавых дываноў (шпалераў). Ткалі іх у складанай габеленавай тэхніцы. Выканаўцамі былі мясцовыя майстры. На Карэліцкай мануфактуры была выткана серыя шпалераў цудоўных па якасці і геніяльных па майстэрству. На іх адлюстроўваліся гістарычныя падзеі: «Парад войскаў пад Заблудавам», «Імператар Карл V надае Радзівілам княжацкі тытул», «Узяцце ў палон Станіслава Міхала Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і іншыя.

У XVIII ст. з'яўляюцца невялікія заводы па выплаўцы жалеза і чыгуну. Вядомыя яны ў Высокім на Аршаншчыне, Кляцішчах пад Стоўбцамі. Найбуйнейшым прадпрыемствам такога тыпу быў чыгуналіцейны завод графа Храптовіча ў Вішневе, што на Валожыншчыне.

Такім чынам, у другой палове XVII — першай палове XVIII ст. беларуская вёска і горад перажывалі заняпад у сваім развіцці. Звязаны ён быў з разбурэннямі ды нястачамі ваеннага ліхалецця. Але ў другон палове XVIII ст., пасля аднаўлення гаспадаркі, цераз спробы пераадолення палітыка-эканамічнага крызісу Рэчы Паспалітай у эканоміцы Беларусі прабіваліся парасткі новых вытворча-грамадскіх адносін.

 

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.