Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Прыватныя прыродазнаўчыя калекцыі на Беларусі ў 2й пал. 19 – пач. 20ст.






Працягвалi фарміравацца прыродазнаўчыя калекцыi. Яны характарызавалiся грунтоўнай спецыялiзацыяй, выкарыстаннем сабраных прадметаў у навуковых даследаваннях, а таксама ў асветнiцкiх мэтах. З’яўленне гэтых калекцый у значнай ступенi абумовіла паўстаўшая патрэба ў прыродазнаўчым вывучэннi Беларусi.

У гэтай сувязi заслугоўвае ўвагi навуковая дзейнасць вядомага беларускага геабатанiка i дэндролага У.У. Адамава (1875–1937). У пачатку стагоддзя ў маёнтку Вялiкiя Лётцы Вiцебскай губерні ён распачаў стварэнне батанiчнага сада i гербарыяў. У iх камплектаваннi на чале з уладальнiкам бралi ўдзел таксама славутыя батанiкi Я.К. Кесельрынг, К.Н. Вагнер, Р.Ф. Нiман, А.Д. Ваейкоў, а таксама супрацоўнiкi батанiчных садоў Пецярбургскай Акадэмii навук і Ляснога iнстытута, Парыжскага прыродазнаўчага музея, Жэнеўскага альпiйскага сада.

У канцы ХІХ ст. у распараджэннi У.У. Адамава была 1021 раслiна – аклiматазаваныя прадстаўнiкi заходнееўрапейскай, азiяцкай i iншай флоры. Праз дзесяцiгоддзе калекцыя павялiчылася больш чым удвая. На аснове гербарыяў i батанiчнага сада быў створаны “невялiкi батанiчны музей”.

Побач з выкарыстаннем у навуковых мэтах самiм уладальнiкам, калекцыi ў Вялiкiх Лётцах сталi месцам правядзення даследчай працы мясцовага земляробчага гуртка, iншых вучоных. А з 1924 г. гэтыя калекцыi выкарыстоўвалiся ў якасцi вучэбнай базы Беларускага дзяржаўнага ветэрынарнага iнстытута.

Шырока вядомым у Вiцебскай губернi было iмя натуралiста-самавучкi I.К. Мароза. У яго доме-лабараторыі на хутары Фатынь размяшчалася даволi багатая калекцыя птушак i насякомых, вялiкая навуковая бiблiятэка. У вынiку заняткаў па вывучэнні глебаў Беларусi сфарміравалася мiнералагiчная калекцыя. Падобна У.У. Адамаву, I.К. Мароз не толькi дзялiўся вынiкамi сваёй навуковай працы з калегамi-вучонымi, але i забяспечваў доступ да сабранага ўсiх зацiкаўленых. Са слоў сучасніка, на хутары Фатынь быў “…жывы, дзеючы … музей, у якiм нават павярхоўны назiральнiк, амаль што апрача сваёй волi атрымлiвае шмат ведаў, знаёмiцца з раслiнамi, iх жыццём i ўвогуле ўпэўнiваецца ў карысцi ведаў”.

З iншых прыродазнаўчых прыватных збораў заслугоўваюць увагi батанiчныя калекцыi агранома В.В. Ельскага ў гадавальнiку Iгнацiчы Мiнскай губерні, а таксама энтамалагiчныя калекцыi барона фон Станге ў Гродне i В. дэ Вiр’ена ў в. Лiшкi Гродзенскай губерні

Характарызуючы развiццё прыватнага збiральнiцтва, нельга абмінуць з’яўленне першых тэхнiчных калекцый. Адной з iх валодаў вiцебскi iнжынер Г.М. Юрчанка, сабраўшы ў пачатку стагоддзя прадметы, якiя мелi дачыненне да будаўнiцтва чыгунак (кастылi, гонты i пад.), калекцыю чарцяжэй чыгуначных збудаванняў, паштовак з выявамi вакзалаў i каталогаў тэхнiчных вытворчасцей. Значную каштоўнасць уяўляла прафiлiраваная бiблiятэка, якая налiчвала звыш 1, 5 тыс. тамоў.

ХІХ стагоддзем датуюцца першыя спробы аматараў беларускіх старажытнасцей стварыць мемарыяльныя музеі. Так, у 1857 г. уладальнік косаўскага палаца Вандалін Пуслоўскі арганізаваў рэстаўрацыйныя работы ў прыйшоўшым у заняпад маёнтку Мерачоўшчына, дзе нарадзіўся Т. Касцюшка. Быў мемарыялізаваны пакой, дзе нарадзіўся славуты ваенны і палітычны дзеяч. У канцы ХІХ ст. падобным мемарыяльным пакоем у маёнтку Скокі быў ушанаваны ад’ютант Касцюшкі Юліян Нямцэвіч. Яго нашчадкі сабралі ўзнагароды, пагоны, гадзіннік, дарожны пісьмовы прыбор, калекцыю табакерак, падараваных Напалеонам, Паўлам І, Дж. Вашынгтонам, Т. Джэферсонам, а таксама жывапісныя і скульптурныя партрэты Ю. Нямцэвіча. Апошняя гаспадыня Залесся Марыя Жэброўская падчас абнаўлення свайго палаца таксама захавала рабочы кабінет свайго славутага продка – Міхала Клеафаса Агінскага, т. зв. “кампазітарскі пакой”.

Такiм чынам, на беларускiх землях iснавала значная колькасць разнастайных калекцый, якiя адыгрывалi важную ролю ў культурным i навуковым жыццi рэгiёна. Грамадска-палiтычны i культурны ўздым, рост нацыянальнай самасвядомасцi, якi намецiўся на беларускіх землях на мяжы XIX і ХХ ст., абудзiў у найбольш перадавой часткi грамадства жаданне вывучаць гiсторыю i прыроду сваёй радзiмы, захаваць ад заняпаду помнiкi яе мiнулага. У шэрагу выпадкаў дзейнасць калекцыянераў характарызавалася не толькi дбайным падборам прадметаў, высокiм узроўнем iх навуковай апрацоўкi, але i разуменнем грамадскай значнасцi сабранага. Апошняе цалкам тычыцца братоў Я.П. і К.П. Тышкевiчаў, I.І. Луцкевiча, I.Х. Каладзеева, Э.К. Гутэн-Чапскага, I.К. Мароза i iнш., якiя пры жыццi зрабiлi сваi калекцыi грамадскiм набыткам. Пазней іх калекцыі папоўнiлi фонды музеяў Беларусi, Расii i Польшчы.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.