Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Прыватныя мастацкія калекцыі ў Беларусі у 2й палове19 – п20ст.






Ў Беларусi iснаваў шэраг цiкавых прыватных збораў выяўленчага i дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Многiя з iх пачалi фарміравацца яшчэ ў першай палове XIX ст., калi рэзідэнцыi магнатаў i заможнай шляхты поўнілiся карцiнамi i дыванамi, скульптурамi i вазамi, вырабамi з косцi, крышталя, парцэляны. Першыя ўладальнiкi набывалі іх для ўпрыгожвання сваіх дамоў. Але з цягам часу гэтыя прадметы, складаўшыя побытавыя комплексы, набылi значэнне каштоўных мастацкiх калекцый. Такiм быў збор князёў Паскевiчаў у Гомелі.

Гомельскi палац М.П. Румянцава ў 1837 г. перайшоў да фельдмаршала I.Ф. Паскевiча ў якасці падарунка за перамогi ў вайне з Персiяй. У наступныя гады ён “…стаў амаль самым лепшым i багатым ва ўсiм краi”. На афармленне інтэр’ера палаца паўплываў увайшоўшы ў моду рамантызм. Гэта праявiлася ў захапленнi карцiнамi старажытных майстроў, гiстарычным матэрыялам, экзотыкай. Залы былi ўпрыгожаны мармурам, пазалотай, каштоўнымi пародамi дрэваў, што стварала ўражанне ўрачыстасцi i багацця. У парку прыцягвалi ўвагу дзесяткi мармуровых фiгур i бюстаў работы знакамiтых iтальянскiх, французскiх i нямецкiх майстроў (некаторыя з iх знаходзiлiся раней у Летнiм садзе ў Пецярбурзе). На бакавой тэрасе палаца ўзвышалася статуя польскага палкаводца I. Панятоўскага работы скульптара Б. Торвальдсэна.

У сярэдзiне XIX ст. да палаца была прыбудавана вежа ў стылі неарэнесансу, дзе дэманстравалiся найбольш каштоўныя калекцыi. Iх склад быў абумоўлены ваеннымі паходамі ўладальніка, а таксама яго мастацкiм густам. Так, iнтэр’еры залаў вежы ўпрыгожвалi карцiны мастака-рамантыка Я. Сухадольскага, летапісаўшыя паходы Паскевiча ў Турцыю, Персiю, Польшчу, палотны Каналета, партрэты рускiх цароў i царыц пэндзля айчынных i заходнееўрапейскiх мастакоў. Значную цiкавасць уяўляў збор ваз, падараваных гаспадару Мiкалаем I i прускiм каралём Фрыдрыхам-Вiльгельмам, скульптурныя творы А. Кановы i Х. Раўха, калекцыi старажытнай зброi i парцэляны, кнiг i рукапiсаў.

Збор Паскевiчаў, якi канчаткова сфармiраваўся у канцы XIX ст., прыцягваў увагу не толькi мясцовых аматараў мастацтва, але i вучоных абедзвюх сталiц імперыі*. Аднак трапiць у замак нават для выбраных было складана, а падчас прысутнасцi у iм гаспадароў – увогуле немагчыма. Становiшча змянiлася толькi пасля нацыяналiзацыi збору ў 1918 г. i пераўтварэння яго ў найбагацейшы самастойны музей.

Буйнейшы збор прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сярод якiх вылучалася калекцыя парцэляны, знаходзiлася ў Обрынскiм палацы, якi належаў роду Кашыцаў.

Падобныя зборы мелi Незабытоўскiя ў Бацэвiчах Бабруйскага павета (калекцыi старадаўнiх гадзiннiкаў, урэцкага шкла, саксонскай i венскай парцэляны), Галынскiя ў крычаўскiм палацы (партрэтная зала, якая налiчвала 42 палатна XVII–XIX ст.), Святаполк-Завадскiя ў Крошыне Наваградскага павета (калекцыi старадаўняй зброi, парцэляны, сямейных партрэтаў), Цэханавецкiя ў Бачэйкаве Лепельскага павета i iнш.

Разам з гэтымi пабытовымi, або “iнтэр’ернымi”, зборамi твораў мастацтва, якiя неслi на сабе адбiтак адышоўшай эпохi, з’яўляюцца новыя спецыялiзаваныя мастацкiя калекцыi. Да лiку апошнiх адносiлася вельмi папулярная сярод сучаснiкаў калекцыя жывапiсу мастака Генрыха Вейсенгофа (1859–1922), выпускніка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, дзе ён вучыўся ў класе славутага Клодта. Калекцыя знаходзілася ў Русаковiчах Iгуменскага павета, дзе былі напісаны сусветнавядомыя шэдэўры “Снег”, “Стары двор Русаковічы”, “Могілкі ў Русаковічах”. У калекцыянерскай дзейнасцi Вейсенгофа адлюстравалася цiкавасць да гiсторыi i культуры беларускага народа. У Русаковiчах можна было ўбачыць шмат эцюдаў i замалёвак беларускiх пейзажаў, тыпаў сялян, шляхты i мяшчан, а таксама сядзібаў i палацаў.

Самастойнае значэнне ў калекцыi мелi карцiны старых беларускiх мастакоў, у прыватнасці “Аўтапартрэт” Я. Дамеля, партрэты пэндзля В. Ваньковіча і Я. Рустэма і інш. Апроч жывапісных твораў, тут знаходзілася калекцыя ўрэцкага шкла, слуцкіх паясоў, старых абразоў.

Цікава адзначыць, што ў 1901 г. Г. Вейсенгофу давялося паспрабаваць свае сілы ў экспазіцыйным дызайне. Ён атрымлівае запрашэнне ад арганізатараў мінскай прамысловай і сельскагаспадарчай выставы выканаць эскізы яе экспазіцыі і дыпломаў, якія выдаваліся лепшым экспанентам.

У 1917 г. гаспадар Русаковічаў пераехаў у Варшаву, не прыняўшы новай улады, дзе і памёр у 1922 г. Мясцовыя сяляне разабралі маёнтак Вейсенгофа на дровы, лёс яго калекцыі невядомы.

Яшчэ адным прыкладам спецыялiзацыi ў галiне мастацкага калекцыянiравання з’яўляецца дзейнасць уладальнiка сядзiбы ў Геранёнах Ашмянскага павета I. Карвiн-Мiлеўскага. За перыяд з 1880 па 1895 г., не шкадуючы сiл i сродкаў, ён сабраў адну з лепшых калекцый польскага i беларускага жывапiсу (больш за 200 адзінак). Добрую калекцыю галандскага i французскага жывапiсу сабраў у сваiм маёнтку Клеўнiца Вiцебскай губернi бiблiяфiл А. Умястоўскi. Напачатку XX ст. вядомасцю карысталася калекцыя рускага і заходнееўрапейскага жывапiсу выхаванца імператара Мікалая ІІ палкоўнiка Станіслава Гарцiнга ў Дукоры. Залы дукорскага палаца пры яго апошнім уладальніку ўпрыгожвалі сцены, выкладзеныя з суцэльных люстэрак, унікальная паркетная падлога, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Усе гэтыя калекцыi пры спрыяльных умовах павiнны былi скласцi падмурак Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.