Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Мастацкія калекцыі ва Усходняй Еўропе і ў Беларусі ў эпоху Асветы.






У гэтай сувязi трэба спыніцца на збiральнiцкай дзейнасці Iахiма Храптовiча (1729–1812). Галоўным захапленнем І. Храптовiча было калекцыянiраванне кнiг i рукапiсаў, якiм ён займаўся ўсё жыццё.

Увесь верхнi паверх палаца Храптовiчаў у Шчорсах уяўляў спецыяльна абсталяванае памяшканне для бiблiятэкi, у якой налiчвалася каля 20 тыс. кнiг. Кнiгi былi размешчаны на трох галерэях, утвараючых амфiтэатр, па якім можна было лёгка перамяшчацца. У цэнтры памяшкання знаходзiўся стол i пюпiтры для чытання.

Крынiцы папаўнення кнiжнага збору былi разнастайныя – уладальнiк прывозiў кнiгi з Германii, Францыi, Італii, купляў старадрукі i рукапiсныя кнiгi ў закрытых кляштарах*, набыў частку Варшаўскай публiчнай бiблiятэкi епiскапа І. Залускага. З дзвюх апошнiх крынiц шчорсаўская бiблiятэка ўзбагацiлася шматлiкiмi старымi лацінскімі і кірылічнымі выданнямi. Галоўнай крынiцай папаўнення рэдкiмi заходнееўрапейскiмi выданнямi паслужыла рымская бiблiятэка кардынала І. Iмперыялi, распраданая пасля яго смерцi ў 1737 г. Урэшце трэба ўлічваць, што ў XVIII ст. выдавецкая справа ў самой Рэчы Паспалiтай была вельмi ажыўленай.

Як грамадскi дзеяч Iахiм Храптовiч цiкавiўся мінулым беларускіх зямель, выкарыстоўваючы кожны зручны выпадак, каб збiраць архiўныя матэрыялы – акты, лiсты i iнш. Са шматлiкiх цiкавых дакументаў, якiя захоўвалicя ў iншых зборах, ён здымаў копii, што дазволiла сабраць архiў у складзе 150 тамоў першакрынiц па гiсторыi Рэчы Паспалiтай i сумежных з ёй дзяржаў.

Да найбольш каштоўных архiўных дакументаў адносiлiся:

-дзённiк польскага пасольства ў Расiю 1686 г.,

-дзённiк Марыны Мнiшак, апiсанне каранацыi Уладзiслава V,

-геаграфiчна-статыстычнае апiсанне парафій Рэчы Паспалітай 1791 г.,

-калекцыя геаграфiчных карт i iнш.

Акрамя бiблiятэкі i архiва, у шчорсаўскiм палацы размяшчалася багатая калекцыя карцiн, гравюр мясцовага i замежнага вырабу (каля 7 тыс. адзінак), “музей разнастайных помнікаў”.

Высокi мастацкi густ спалучаўся ў І. Храптовiча з сапраўдным талентам калекцыянера. Пры стварэннi сваёй галерэi заходнееўрапейскага мастацтва ён iмкнуўся да набыцця твораў высокай мастацкай каштоўнасці, а не таго або iншага гучнага iмя. Гэтым тлумачылася адсутнасць у шчорсаўскай галерэi падробкаў шэдэўраў вялiкiх майстроў, якія часта сустракаліся ў магнацкiх зборах. Сярод твораў галандскiх, фламандскiх, iтальянскiх i аўстрыйскiх мастакоў былi пейзажы С. Рэйсдаля і I. Кесэля, рэлiгiйныя сюжэты I. Лампі i Н. Грасо.

Пасля смерці I. Храптовiча ўвесь збор перайшоў да яго сына Адама. Ён значна пашырыў бiблiятэку з дапамогай беларускага паэта Яна Чачота, якi некаторы час выконваў у Шчорсах абавязкi бiблiятэкара. У адпаведнасцi з распрацаваным раней статутам бiблiятэкi, якi даваў вольны ўваход даследчыкам, у гэты перыяд там працавалі многiя вучоныя, краязнаўцы, паэты. Сярод iх – астраном М. Пачобут, гiсторык I. Данiловiч, паэты Ул. Сыракомля i А. Мiцкевiч. У 1820 г. у Шчорсах быў складзены статут таварыства фiларэтаў.

А. Храптовiч не пакiнуў нашчадкаў i завяшчаў збор першаму унiверсiтэту, якi будзе адкрыты ў краі. Палац перайшоў ва ўладанне да яго далёкiх сваякоў Буцянёвых, якiя не падзялялi захаплення папярэднiх уладальнiкаў. У 1913 г. апошнi ўладар Шчорсаў К.А. Храптовіч-Буцянёў загадаў перадаць бiблiятэку Кiеўскаму унiверсiтэту, пакiнуўшы сабе каля 3 тыс. кнiг, а мастацкую калекцыю вывез у Маскву. Лёс “музея помнікаў старажытнасці” невядомы.

Хутка пасля стварэння Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у 1924 г. Народны камісарыят асветы БССР накіраваў у Народны камісарыят асветы УССР просьбу аб вяртанні бібліятэкі ў Мінск, матывуючы яе наступным: а) бібліятэка ўвесь час знаходзілася ў самым цэнтры этнаграфічнай Беларусі; б) бібліятэка ўяўляе выключную культурную каштоўнасць для Беларусі; в) граф К.А. Храптовіч-Буцянёў даручыў прафесару Кіеўскага універсітэта М.В. Доўнар-Запольскаму перадаць яго бібліятэку на захаванне ў Кіеўскі універсітэт, пры ўмове яе вяртання на Беларусь, калі будзе заснаваны Беларускі універсітэт.

Украінскі бок задаволіў гэтую просьбу. Рашэннем Народнага камісарыята асветы УССР ад 16 снежня 1924 г. бібліятэка Храптовіча перадавалася прадстаўніку Народнага камісарыята асветы Беларусі прафесару У.І. Пічэце. Аднак гэта перадача па невядомых прычынах не адбылася.

Палымянай прыхiльнiцай распаўсюджання iдэй асветнiцтва была ўладальнiца маёнтка Семяцiчы Ганна Ябланоўская (1728–1800), валодала вялікай калекцыяй прыгожых гравюр, вырабамi з косцi XVI ст., касцюмамi жыхароў Індыі i… хатнiм начыннем рымлян з Геркуланума i Пампеi”. Гэтыя экспанаты былi раскладзены ў “прыгожых шафах, iнкруставаных перламутрам i караламi i ўяўляўшых сабой сапраўдныя творы сталярнага мастацтва”.

Невялiкiя па памерах калекцыi жывапiсу, гістарычных рэліквій, прыродазнаўчых прадметаў былi раскiданы па шляхецкiх рэзiдэнцыях у розных частках краю. Фактам несумненна вялікага культурнага значэння было існаванне ў другой палове ХVІІІ ст. у праслаўленых паэтамі і мастакамі Вярках (зараз у межах Вільні) мастацкай калекцыі. Яе аснова была сфарміравана віленскім біскупам, першым старшынёй Адукацыйнай камісіі Ігнаціем Масальскім у час яго падарожжаў за мяжу. Хуткаму павелічэнню колькасці карцін у Вярках (напрыканцы ХVIII ст. іх лічба пераўзышла 200) спрыяла асабістая энергія калекцыянера, а таксама яго статус дыпламатычнага прадстаўніка Рэчы Паспалітай у Італіі, Францыі, Аўстрыі.

Крыніцы не дазваляюць у дэталях рэканструяваць калекцыю І. Масальскага, але вядома, што яе большую частку складалі работы “старых майстроў”, у т. л. Рэмбранта, Леанарда да Вінчы, Рубенса. Цікавасць знатакоў выклікалі таксама карціны пэндзля тагачасных французскіх майстроў (Вернэ, Робера, Гюдэна, Грэнье, Ракэ, Грандзі) і лепшых мастакоў іншых школ (Снейдэрса, Мааса, Ваперса і інш.). Вядома, што паміж палацам у Вярках і Вільняй рэгулярна курсіравала вялікая карэта, прывозячы і забіраючы шматлікіх наведвальнікаў. Апошняе трэба зразумець у кантэксце шматлікіх выступленняў біскупа на сеймах за вызваленне сялян ад прыгону і надзяленне іх зямлёй, стварэнне шырокай сеткі пачатковых школ, іншыя асветніцкія мерапрыемствы.

Пасля пакарання смерцю І. Масальскага за здраду па загаду Т. Касцюшкі яго збор перайшоў да новага гаспадара Вяркоў – маршалка шляхты Віленскага павета С. Ясінскага, а потым – вядомага расійскага генерала Л. Вітгенштэйна, жанатага на княгіне Радзівіл. Ён пашырыў мастацкі збор, перавёз з Нясвіжа ў Вяркі частку карцін, а таксама стварыў там з былой радзівілаўскай збраёўні рыцарскую залу.

Адным з цэнтраў культурнага жыцця беларускіх зямель ХVIII ст. быў палац у Паланэчцы (цяпер Баранавіцкі раён), якім валодаў віленскі кашталян кн. Мацей Радзівіл. Хаця ён і не належаў да ліку багацейшых родавых радзівілаўскіх гнёздаў, жыццё ў Паланэчцы вызначалася тонкім густам і прыгажосцю. Гаспадар палаца быў добра вядомы сучаснікам не толькі як мецэнат і літаратар, але і як калекцыянер, які любіў мастацтва. Пасля смерці М. Радзівіла збор у Паланэчцы папаўняўся эпізадычна, і ў другой палове ХІХ ст. быў вывезены на захад.

У ліку іншых асветніцкіх збораў заслугоўвае ўвагі збор Эльжбеты Агінскай, жонкі харунжага Антонія Пузыны, у маёнтку Лучай (цяпер Пастаўскі раён).

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.