Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Суцяшальная моц у цярпенні






56. Калі св. Павел піша хрысціянам у Карынце пра свае пакуты і цярпенні, лучыць сваю веру з абвяшчэннем Евангелля. Па сутнасці кажа, што ў ім спаўняецца фрагмент Пісання: «Паверыў, таму прамовіў» (2 Кар 4, 13). Апостал прыгадвае тут словы псальма 116, у якім псальміст кліча: «Я верыў нават тады, калі казаў: “Я моцна прыгнечаны”» (в. 10). Мова пра веру часта звязана з мовай пра балесныя выпрабаванні, але св. Павел менавіта гэта лічыць найбольш пераканаўчым абвяшчэннем Евангелля, бо ў слабасці і цярпенні аб’яўляецца і адкрываецца Божая моц, якая пераўзыходзіць нашыя слабасці і цярпенні. Сам Апостал стаіць перад абліччам блізкай смерці, якая стане жыццём для хрысціянаў (пар. 2 Кар 4, 7-12). Вера асвятляе нас у час выпрабавання і менавіта ў слабасці і цярпенні становіцца зразумелым, што «мы не сябе абвяшчаем, але Езуса Хрыста, Пана» (2 Кар 4, 5). Адзінаццаты раздзел Паслання да Габрэяў заканчваецца ўспамінам тых, хто цярпеў за веру (пар. вв. 35-38), сярод іх асаблівае месца адводзіцца Майсею, які цярпеў знявагі дзеля Хрыста (пар. в. 26). Хрысціянін ведае, што нельга пазбегнуць цярпення, але яно можа набыць сэнс, можа стаць актам любові, адданнем сябе ў рукі Бога, які не пакідае нас, можа стаць праз гэта этапам узрастання веры і любові. Сузіраючы з’яднанне Хрыста з Айцом, таксама ў хвіліну найбольшага цярпення на крыжы (пар. 15, 34), хрысціянін вучыцца ўдзельнічаць у позірку самога Езуса. Нават смерць становіцца асветленай і можа перажывацца як апошняе вызнанне веры, апошняе «выйдзі з тваёй зямлі», апошняе «прыйдзі!», сказанае Айцом, якому давяраемся з надзеяй, што Ён нас умацуе таксама падчас апошняга прыйсця.

 

57. Святло веры не вядзе да таго, што мы забываем пра цярпенні свету. Для якой жа колькасці людзей веры церпячыя сталі пасрэднікамі святла! Для св. Францішка з Асізі пракажоны, а для бл. Маці Тэрэзы з Калькуты яе ўбогія. Яны зразумелі таямніцу, заключаную ў іх. Набліжаючыся да іх, напэўна не вызвалілі іх ад усіх цярпенняў і не маглі растлумачыць кожнага зла. Вера не з’яўляецца святлом, якое рассейвае ўсю нашую цемру, але лямпай, якая ўначы кіруе нашымі крокамі, а гэтага дастаткова, каб ісці. Чалавеку, які церпіць, Бог не дае аргументацыі, якая ўсё раз’ясняе, але свой адказ дае ў форме прысутнасці, якая спадарожнічае гісторыі дабра, што лучыцца з кожнай гісторыяй цярпення, каб асвятліў яе прамень святла. У Хрысце Бог пажадаў дзяліць з намі тую дарогу і ахвяраваць нам свой позірк, каб мы ўбачылі на гэтай дарозе святло. Хрыстус з’яўляецца тым, хто цярпеў боль, i таму Ён пачынальнік і завяршальнік веры (пар. Гбр 12, 2).

Цярпенне нагадвае нам, што служэнне веры агульнаму дабру заўсёды з’яўляецца паслугай надзеі, якая глядзіць перад сабой, што толькі ў Богу, у будучыні, ахвяраванай уваскрослым Езусам, нашае грамадства можа знайсці моцны і трывалы фундамент. У гэтым сэнсе вера яднаецца з надзеяй, бо нават калі бяднее святыня нашага зямнога жылля, існуе вечнае жыллё, якое Бог ужо адкрыў у Хрысце, у Яго целе (пар. 2 Кар 4, 16 – 5, 5). Дынаміка веры, надзеі і любові (пар. 1 Тэс 1, 3; 1 Кар 13, 13) робіць блізкімі нам клопаты ўсіх людзей на нашай дарозе, якая вядзе да гэтага горада, «будаўніком якога ёсць Бог» (Гбр 11, 10), бо «надзея не асароміць» (Рым 5, 5).

У еднасці з верай і любоўю надзея кіруе нас да пэўнай будучыні ў іншай перспетыве, адрознай ад ілюзорных прапаноў ідалаў гэтага свету, якая дае нам новы запал і новую сілу да штодзённага жыцця. Не дазволім, каб у нас скралі надзею, не дазволім, каб яе знішчылі раптоўныя рашэнні і прапановы, якія спыняюць нас на шляху, «рассейваюць» час, перамяняючы яго ў прастору. Час заўсёды пераўзыходзіць прастору. У прасторы крысталізуюцца праекты, а час заўсёды мкне ў будучыню і пабуджае крочыць з надзеяй.

 

«Шчаслівая тая, якая паверыла» (Лк 1, 45)

58. У прыпавесці пра сейбіта св. Лука прыводзіць наступныя словы, у якіх Езус тлумачыць сэнс «ураджайнай зямлі», што азначае тых, «хто, пaчуўшы слoвa, захоўвае яго ў дoбрым i чыстым сэрцы i прынoсіць у цярплівaсцi плён» (Лк 8, 15). У кантэксце Евангелля паводле Лукі зварот да шляхетнага і добрага сэрца, да пачутага і захаванага Слова, з’яўляецца ўкрытым вобразам веры Дзевы Марыі. Той самы Евангеліст кажа нам пра памяць Марыі, пра тое, што Яна захавала ў сваім сэрцы ўсё, што чула і бачыла, каб Слова прыносіла плён у Яе жыцці. Маці Пана – гэта дасканалая ікона веры, як скажа св. Альжбета: «Шчаслівая тая, якая паверыла» (Лк 1, 45).

У Марыі, Дачцы Сіёна, спаўняецца доўгая гісторыя веры Старога Запавету, якая расказвае пра многіх верных жанчын, пачынаючы ад Сары, пра жынчын, у якіх, побач з Патрыярхамі, здзяйснялася Божае абяцанне i кветнела новае жыццё. Калі настала паўната часоў, Слова Божае звярнулася да Марыі, а Яна прыняла Яго ўсёй сваёй сутнасцю, каб Яно сталася ў Ёй целам і нарадзілася як святло для людзей. Св. Юстын Мучанік у сваім «Дыялогу з Трыфанам» прыгожа сказаў, што Марыя, прымаючы вестку анёла, зачала «веру і радасць»49. Вера Маці Езуса была плённай, а калі нашае духоўнае жыццё прыносіць плён, яно напаўняе нас радасцю, якая з’яўляецца найбольш выразным знакам велічы веры. У сваім жыцці Марыя здзейсніла пілігрымку веры, ідучы за сваім Сынам50. У Марыі дарога веры Старога Запавету ўключаецца ў следаванне за Хрыстом і перамяняецца Ім, бо атрымлівае позірк уцелаўлёнага Божага Сына.

 

59. Можам сказаць, што ў Найсвяцейшай Панне Марыі ажыццяўляецца тое, што я ўжо падкрэсліў, гэта значыць тое, што веруючы цалкам ахоплены сваім вызнаннем веры. З увагі на сваю сувязь з Езусам Марыя ўключана ў тое, у што мы верым. У дзявочым зачацці праз Марыю мы маем выразны знак Боскага сыноўства Хрыста. Спрадвечны пачатак Хрыста – у Айцу, Ён з’яўляецца Сынам у поўным і непаўторным сэнсе, i таму нараджаецца ў часе без удзелу мужчыны. Будучы Сынам, Езус можа прынесці свету новы пачатак і новае святло, паўнату вернай любові Бога, які ахвяруецца людзям. З другога боку, сапраўднае мацярынства Марыі запэўніла Божаму Сыну сапраўдную чалавечую гісторыю, сапраўднае цела, у якім Ён памрэ на крыжы і паўстане з мёртвых. Марыя будзе спадарожнічаць Яму аж да крыжа (пар. Ян 19, 25), адкуль Яе мацярынства пашырылася пасля ўваскрасення і ўнебаўшэсця Езуса на кожнага вучня Яе Сына (пар. Ян 19, 26-27). Яна будзе таксама ў Вячэрніку, каб разам з Апосталамі выпрошваць дар Духа Святога (пар. Дз 1, 14). Такім чынам дынаміка любові паміж Айцом і Сынам у Духу напоўніла нашую гісторыю; Хрыстус прыцягвае нас да сябе, каб нас збавіць (пар. Ян 12, 32). У цэнтры веры знаходзіцца Езус, Божы Сын, народжаны з жанчыны, які вядзе нас праз дар Духа Святога да ўсынаўлення (пар. Гал 4, 4-6).

 

60. Мы звяртаемся ў малітве да Марыі, Маці Касцёла і Маці нашай веры:

О Маці, падтрымлівай нашую веру!

Адкрый нас на слуханне Слова, каб мы распазналі голас Бога і Яго заклік.

Абудзі ў нас жаданне ісці за Ім, выходзячы з нашай зямлі і прымаючы Яго абяцанне.

Дапамажы нам, каб мы дазволілі Яго любові дакрануцца да нас, каб мы маглі дакрануцца да Яго праз веру.

Дапамажы нам цалкам даверыцца Яму, верыць у Яго любоў, асабліва ў хвіліны засмучэння i крыжа, калі нашая вера паклікана да сталення.

Сей у нашай веры радасць Уваскрослага.

Нагадвай нам, што той, хто верыць, ніколі не будзе самотным.

Навучы нас глядзець вачыма Езуса, каб Ён быў святлом на нашай дарозе. Няхай гэтае святло веры ўзрастае ў нас штораз больш, пакуль не настане той дзень без захаду, якім ёсць сам Хрыстус, Твой Сын, наш Пан!

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 29 чэрвеня 2013 года, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, у першы год Нашага Пантыфікату.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.