Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Касцёл, маці нашай веры






37. Той, хто адкрыўся на любоў Бога, пачуў Яго голас і атрымаў Яго святло, не можа затрымаць гэтага дару для сябе. Паколькі вера – гэта слуханне і бачанне, то перадаецца яна таксама як слова i як святло. Прамаўляючы да Карынцянаў, апостал Павел выкарыстаў менавіта гэтыя два вобразы. З аднаго боку, кажа: «Маючы той самы дух веры, як напісана: “ Я паверыў, таму прамовіў ”, – і мы верым, таму і кажам» (2 Кар 4, 13). Прынятае слова становіцца адказам, вызнаннем i такім чынам гучыць для іншых, заахвочвае іх паверыць. З другога боку, св. Павел кажа таксама пра святло: «А мы ўсе з адкрытым абліччам углядаемся, нібы ў люстра, у славу Пана і перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу…» (2 Кар 3, 18). Адлюстраванне гэтага святла пераносіцца з аднаго аблічча на другое, так як Майсей насіў у сабе адлюстраванне Божай хвалы пасля размовы з Ім: «Бог […] засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста» (2 Кар 4, 6). Святло Езуса яснее, як у люстэрку, на абліччы хрысціянаў i так разыходзіцца i даходзіць да нас, каб мы таксама мелі ўдзел у гэтым бачанні i неслі іншым Яго святло, так як святло пасхала, якое ў пасхальнай літургіі запальвае столькі іншых свечак. Вера перадаецца, можна сказаць, ад асобы да асобы, так як полымя запальваецца ад іншага агня. Хрысціяне ў сваім убостве сеюць такое ўраджайнае зерне, што яно становіцца вялікім дрэвам, здольным напаўняць свет пладамі.

 

38. Перадаванне веры, якая яснее для ўсіх людзей у кожным кутку, адбываецца таксама ў часе, з пакалення ў пакаленне. Паколькі вера нараджаецца з сустрэчы, якая адбываецца ў гісторыі, i асвятляе нашую дарогу ў часе, яна павінна перадавацца праз вякі. Менавіта дзякуючы непарыўнаму ланцугу сведчанняў даходзіць да нас аблічча Езуса. Як гэта магчыма? Як мы можам быць упэўненымі, што праз вякі мы даходзім да «праўдзівага Езуса»? Калі б чалавек быў адасобленым, калі б мы ўзялі за пункт выйсця толькі адзінкавае «я», якое прагне ў самім сабе мець перакананне ў сваім пазнанні, то ўпэўненасць была б немагчымай. Я не магу сам убачыць таго, што здарылася ў настолькі аддаленую ад мяне эпоху. Аднак гэта не адзіны спосаб, якім чалавек пазнае. Асоба заўсёды жыве ў суадносінах. Паходзіць ад іншых, належыць іншым, яе жыццё становіцца большым у сустрэчы з іншымі. Таксама самапазнанне, уласнае самаўсведамленне мае характар суадносінаў і звязана з тымі, хто быў перад намі: найперш з нашымі бацькамі, якія далі нам жыццё і імя. Сама мова, словы, якімі мы інтэрпрэтуем нашае жыццё і нашую рэчаіснасць, даходзяць да нас праз іншых, захоўваюцца ў жывой памяці іншых. Самапазнанне магчыма толькі тады, калі мы маем доступ да большай памяці. Дзеецца так і з верай, якая прыводзіць да паўнаты чалавечы спосаб разумення. Будучыня веры, справа любові Езуса, якая распачала ў свеце новае жыццё, даходзіць да нас у памяці іншых, сведкаў, захоўваецца і жыве ў тым адзіным суб’екце памяці, якім з’яўляецца Касцёл. Касцёл – гэта Маці, якая вучыць нас гаварыць моваю веры. Св. Ян падкрэслівае гэты аспект у сваім Евангеллі, яднаючы з сабою веру i памяць, а таксама, звязваючы іх з дзеяннем Духа Святога, які – як кажа Езус – «нагадае вам пра ўсё» (Ян 14, 26). Любоў, якой з’яўляецца Дух i якая трывае ў Касцёле, яднае з сабою ўсе эпохі i робіць нас сучаснікамі Езуса, становячыся праз гэта нашым правадыром на шляху веры.

 

39. Нельга верыць у самоце. Вера не з’яўляецца толькі індывідуальным выбарам веруючага, гэта не ізаляваныя адносіны паміж «я» верніка i «Ты» Бога, паміж аўтаномным суб’ектам i Богам. Па сваёй натуры яна адкрываецца на «мы», адбываецца заўсёды ў супольнасці Касцёла. Нагадвае нам пра дыялогавую форму Credo у літургіі хросту. Вера выражаецца як адказ на запрашэнне, на слова, якое трэба слухаць i якое не паходзіць ад мяне, i таму ўключаецца ў дыялог, не можа быць толькі вызнаннем, якое выходзіць ад асобы. Можна адказаць у першай асобе «веру» толькі таму, што ёсць прыналежнасць да вялікай супольнасці, толькі таму, што гаворыцца таксама «верым». Гэтая адкрытасць на эклезіяльнае «мы» адбываецца згодна з адкрытасцю, якая характэрна для Божай любові, якая не з’яўляецца толькі адносінамі паміж Айцом i Сынам, паміж «я» i «ты», але таксама ў Духу ёсць «мы», супольнасць асобаў. Таму той, хто верыць, ніколі не з’яўляецца самотным, i таму вера імкнецца да распаўсюджвання, каб запрасіць іншых да сваёй радасці. Чалавек, які атрымлівае веру, бачыць, што пашыраецца яго «я» i ўстанаўліваюцца новыя адносіны, якія ўзбагачаюць жыццё. Тэртуліян гэта добра выразіў, калі сказаў пра катэхумэна, што «пасля абмыцця новага нараджэння» ён прымаецца ў дом Маці, каб выцягнуць рукі і разам з братамі маліцца Ойча наш, будучы прынятым у новай сям’і34.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.