Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вера Ізраэля






12. Гісторыя ізраэльскага народу ў Кнізе Зыходу працягвае шлях веры Абрагама. Вера зноў нараджаецца з першаснага дару: Ізраэль адкрываецца на дзеянне Бога, які прагне вызваліць яго з нядолі. Вера паклікана да доўгай вандроўкі, каб змагчы адараваць Пана на Сінаі i ўзяць ва ўласнасць абяцаную зямлю. Божая любоў мае рысы айца, які нясе сына падчас усёй дарогі (пар. Дрг 1, 31). Вызнанне веры Ізраэля набывае форму апавядання пра дабрадзействы Бога, пра Яго дзейнасць, каб вызваліць народ i весці яго (пар. Дрг 26, 5-11), і гэтае апавяданне народ пераказвае з пакалення ў пакаленне. Божае Святло свеціць Ізраэлю праз чыны, здзейсненыя Панам, якія згадваюцца і вызнаюцца ў кульце, пераказваюцца бацькамі дзецям. Так мы даведваемся, што святло, якое нясе вера, звязана з канкрэтным апавяданнем пра жыццё, з удзячным успамінам дабрадзействаў, атрыманых ад Бога, i паступовым спаўненнем Яго абяцанняў. Гэта вельмі добра выразіла гатычная архітэктура: у вялікіх катэдрах святло сыходзіць з неба праз вітражы, на якіх прадстаўлена святая гісторыя. Божае Святло даходзіць да нас праз апавяданне пра Яго Аб’яўленне, таму можа асвятліць нашую дарогу ў часе, нагадваючы пра Божыя дабрадзействы, паказваючы, як спаўняюцца Яго абяцанні.

 

13. Гісторыя Ізраэля паказвае нам таксама спакусу бязвер’я, у якую шматразова трапляў народ. Супрацьлегласцю веры з’яўляецца тут ідалапаклонства. Калі Майсей размаўляе з Богам на Сінаі, народ не можа вытрымаць таямніцы ўкрытага Божага аблічча, не можа знесці часу чакання. Паводле сваёй прыроды вера патрабуе адмаўлення ад жадання мець адразу тое, што як здаецца прапануе зрок, з’яўляецца запрашэннем адкрыцца на крыніцу святла, ушаноўваючы таямніцу Аблічча, якое мае намер аб’явіцца асабіста i ў адпаведны час. Марцін Бубер прыводзіў азначэнне ідалапаклонства, сфармуляванае рабінам з Коцка. З ідалапаклонствам мы сутыкаемся тады, «калі звяртаецца поўнае пашаны аблічча да аблічча, якое не з’яўляецца абліччам»10. Замест таго, каб верыць у Бога, чалавек жадае ўшаноўваць ідала, аблічча якога можна адлюстраваць i паходжанне якога вядомае, бо ён учынены намі. У выпадку ідала няма небяспекі магчымага паклікання, якое патрабавала б вырачэння ўласнага пачуцця бяспекі, бо ідалы «маюць вусны, але не гавораць» (Пс 115, 5). Таму мы разумеем, што ідал з’яўляецца выдуманай прычынай таго, каб паставіць саміх сябе ў цэнтр рэчаіснасці, пакланяючыся справе ўласных рук. Чалавек, калі губляе асноўны напрамак, які яднае яго жыццё, губляецца ў разнастайнасці сваіх жаданняў. Баронячыся ад чакання часу абяцання, ён распыляецца на тысячы хвілінаў сваёй гісторыі. Таму ідалапаклонства – гэта заўсёды політэізм, рух без мэты ад аднаго гаспадара да другога. Ідалапаклонства не паказвае адной дарогі, але шмат шляхоў, якія не вядуць да выразнай мэты, a хутчэй ствараюць лабірынт. Хто не хоча даверыцца Богу, вымушаны слухаць галасы многіх ідалаў, якія клічуць яго: «Даверся мне». Вера, паколькі звязана з навяртаннем, з’яўляецца супрацьлегласцю ідалапаклонства; гэта аддаленне ад ідалаў дзеля вяртання да жывога Бога праз асабістую сустрэчу. Верыць – значыць даверыцца міласэрнай любові, якая заўсёды прымае i прабачае, падтрымлівае і накіроўвае існаванне, становіцца магутнай у сваёй здольнасці раўняць скрыўленні нашай гісторыі. Вера заключаецца ў гатоўнасці адкрыцца на ўсцяж новую перамену, якую здзяйсняе Божы заклік. Вось парадокс: няспынна звяртаючыся да Пана, чалавек знаходзіць пастаянную дарогу, што вызваляе яго ад хаатычных рухаў, да якіх змушаюць яго ідалы.

14. У веры Ізраэля з’яўляецца таксама постаць Майсея, пасрэдніка. Народ не можа сузіраць аблічча Бога. Гэта Майсей размаўляе з ТЫМ, ЯКІ ЁСЦЬ (YHWH), на гары і перадае ўсім волю Пана. Дзякуючы пасрэдніку Ізраэль навучыўся вандраваць у з’яднанні. Акт веры асобнага чалавека ўпісваецца ў супольнасць, у супольнае «мы» народу, які ў веры ёсць як бы адным чалавекам, «сынам маім першародным», як назаве Бог увесь Ізраэль (пар. Зых 4, 22). Пасрэдніцтва становіцца не перашкодай, але адкрыццём: пры сустрэчы з іншымі мы накіроўваем позірк да праўды, якая нас пераўзыходзіць. Ж. Ж. Русо скардзіўся, што не можа асабіста ўбачыць Бога: «Колькі ж людзей паміж Богам і мною!»11 «Ці гэта так проста і натуральна, што Бог пайшоў да Майсея, каб гаварыць да Жана Жака Русо?»12. Беручы за пункт выйсця індывідуалістычную i абмежаваную канцэпцыю пазнання, нельга зразумець сэнсу пасрэдніцтва, гэтай здольнасці ўдзельнічаць у візіі іншага чалавека, дзялення пазнаннем, пазнаннем ўласцівым для любові. Вера – бескарыслівы дар Бога, які патрабуе пакоры i адвагі, каб паверыць і даверыцца, i такім чынам заўважыць ясную дарогу сустрэчы паміж Богам i людзьмі, гісторыю збаўлення.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.