Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вальны сойм






Інстытут сойму як станавага прадстаўніцтва быў тыповай з’явай дзяржаўнага жыцця тагачаснай Еўропы. У Англіі з 1265 г. існаваў парламент, у Іспаніі з канца XIII ст. картэзы, у Францыі з 1302 г. генеральныя станы, у Швецыі з 1435 г. рыгсдаг, у тым жа XV ст. з’явіліся райхстаг у Нямеччыне, снэм у Чэхіі, сейм у Польшчы і інш. Польскі прадстаўнічы орган ўзнік на аснове шляхецкіх з’ездаў і сваім прыкладам мог уплываць на фармаванне адпаведнага інстытута ў Вялікім Княстве, які таксама ўтварыўся ў выніку эвалюцыі тэрытарыяльных з’ездаў.

Свой мясцовы сход, паходжанне якога ў гістарыяграфіі прынята звязваць з сярэднявечным вечам, існаваў у кожнай зямлі. У актах XV ст. захавалася багата сведчанняў пра дзейнасць соймаў (земскіх соймікаў) у Полацку, Віцебску, Смаленску ды іншых землях-вобласцях. Удзел у іх спачатку бралі прадстаўнікі самых розных сацыяльных групаў – баяраў, шляхты і мяшчан. На абласных соймах размяркоўваліся дзяржаўныя падаткі, васнныя павіннасці, прызначаліся кандыдаты на мясцовыя ўрады, разглядаліся судовыя справы, а таксама абіраліся дэлегаты на агульнадзяржаўныя з’езды. Фактьгчна, у кампетэнцыі агульнага сходу вобласці было вырашэнне ўсіх важных пьгганняў земскага жыцця – ад выпрацоўкі лакальных прававых нормаў да пабудовы новых умацаванняў і вызначэння “помачы” – грашовага забеспячэння – вялікаму князю. Аднак з органа шырокага прадстаўніптва ён паступова трансфармаваўся ў алігархічны інстытут. Барацьба інтарэсаў, якая з другой паловы XV ст. вялася паміж баярамі-шляхтай, з аднаго боку, і мяшчанамі, з другога, скончылася перамогай першых, так што ўжо ў псршай трэці XVI ст. абласны соймік ператварыўся ў орган шляхецкага стану. Цяпер ён адстойваў інтарэсы заможных родаў. У Віцебску, напрыклад, з мясцовых элітаў у соймавых пасяджэннях звычайна ўдзельнічалі князі Палубінскія, Сакалінскія, Жылінскія, Горскія, паны Сапегі, Зяноўевічы ды прадстаўнікі некаторых іншых родаў, а ў Полацку – князі Лукамскія, паны Глябовічы, Зяноўевічы, шляхцічы Корсакі.

Пад канец XV ст. на аснове абласных соймікаў паўстаў агульны сойм усіх зямель Вялікага Княства Літоўскага. Як і ў іншых краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, найважнейшым фактарам з’яўлення новага інстытута было наданне шляхецкаму стану такіх прывілеяў, пасля якіх кожная надзвычайная павіннасць вымагала яго згоды. У выніку манарх мусіў склікаць на агульны з’езд ужо не толькі вышэйшую эліту (раду), але і прадстаўнікоў баярства-шляхты. Далучэнне да гаспадарскай рады на з’ездах няўрадавай шляхты, якая рэпрэзентавала розныя землі, ператварыла іх у агульныя прадстаўншгвы, у вальныя соймы (вальнымі ў тагачаснай мове называлі агульнадзяржаўныя форумы). I хоць кожны з’езд паноў-рады, асабліва дапоўнены князямі і баярамі, у актах канца XV – пачатку XVI ст. маглі называць соймам, вальным соймам быў толькі той, на які апрача гаспадарскай рады з’язджаліся князі, паны і баяры з усіх зямель дзяржавы. Такім чынам, прынцыповым адрозненнем сойма ад веча ці алігархічнага з’езда была шляхецкая прадстаўнічасць. На вальным сойме прысутнічалі не толькі паны, якія займалі важныя дзяржаўныя пасады, але і няўрадавая шляхта зямель і паветаў – усе, хто валодаў зямлёю па рыцарскім праве.

Падобныя форумы сталі звычайнымі тады, калі для вырашэння дзяржаўных пытанняў першаступеннай важнасці цэнтральнай уладзе было важна атрымаць згоду зямель-вобласцяў. Шукаючы апоры на мясцовыя грамадска-палітычныя сілы, вялікія князі склікалі агульны сойм кожны раз, як толькі з’яўлялася патрэба зацвердзіць новыя падаткі або паўставала праблема адносінаў з іншымі дзяржавамі. Ужо Казімір Ягайлавіч меў за правіла для разгляду самых адказных палітычных пытанняў, найперш уніі з Каронай, склікаць на з’езд апрача паноў-рады шырокае кола князёў і баярства з розных зямель сваёй дзяржавы. Гэтаксама зрабілі паны-рада, калі спатрэбілася абраць новага манарха без узгаднення з Польшчаю. У 1492 г. на віленскі з'езд яны склікалі як арыстакратыю з усіх зямель, так і землеўладальнікаў, якія не займалі дзяржаўных пасадаў. Упершыню разам з радай новага гаспадара абіралі князі, паны і зямяне з тэрыторыі цэлай дзяржавы, незалежна ад веравызнання. Гзтая акалічнасць надавала ўладзе манарха аднолькавую легітымнасць у межах усёй дзяржавы. Віленскі з’езд 1492 г. і можна лічыць першым сапраўдным вальным соймам.

Пастаянна ж склікацца соймы пачалі ў часы княжання Жыгімонта I Старога. У XVI ст. Вялікас Княства Літоўскае ўваходзіла з новым палітычным органам, новай формай дзяржаўнай кансалідацыі.

Цяпер палітычнае адзінства дзяржавы забяспечвалася не толькі прызнаннем аднаго манарха, але і ўдзелам прадстаўнікоў розных тэрытарыяльных частак у цэнтральным органе ўлады. Праўда, поўнае вызначэння яго функцый і складу адбылося толькі ў другой палове XVI ст., у выніку дзяржаўных рэформаў напярэдадні Люблінскай уніі. Першапачаткова кампетэнцыі вальнага сойму былі абмежаваныя праблемамі ўнутранага жыцця, пытаннямі уніі і абрання новага манарха. Удзел баярства-шляхты ў ім спачатку быў вельмі нязначны і зводзіўся да ўхвалення прынятых панамі рашэнняў, аднак на абозных соймах, скліканых пад час паспалітага рушання, рыцарска-шляхецкі стан дамагаўся ўсё большага ўплыву. Узрастанне ваеннай небяспекі з боку Маскоўскага княства і Крымскага ханства з канца XV ст. прымусіла манарха і яго раду паставіць у цэнтр увагі праблемы арганізацыі абароны. У гады княжання Жыгімонта Старога гэтая праблема стала наогул галоўнай задачай вальных соймаў. Практычна ўсе яны разглядалі пытанні, звязаныя з вайной. Так, на сойме 1510 г. абмяркоўвалася справа арганізацыі абароны краіны, у 1514 г. прымалася ўхвала аб працягу вайны з Масквой, у 1515 г. прызначалі падаткі на тую ж вайну, у 1516 г. ухвалялі мабілізацыю паспалітага рушання і збор серабшчыны, у 1522 г. выпрацоўваліся ўмовы замірэння з Масквой, і г.д.

Цяжар земскай абароны клаўся перш за ўсё на плечы землеўладальнікаў, таму, каб узгоднена прызначаць новыя падаткі (серабшчыну), новыя нормы земскай службы, – гаспадар – Вялікі князь мусіў склікаць на соймы ўсю шляхту пагалоўна. Але ў час вайны ад’езд шляхты на сойм мог абярнуцца цяжкімі наступствамі. Таму ў 1512 г. была прынята норма прадстаўніцтва ўпаўнаважаных паслоў – па два шляхцічы ад зямлі ці павета. Пры гэтым і асабістая прысутнасць іншых не забаранялася. Князі ж, паны і ўраднікі па-ранейшаму запрашаліся пайменна. Усе яны разам з пасламі ад шляхты аб’ядноўваліся на сойме ў «рыцарскае кола», тады як паны-рада ўтваралі сваё асобнае кола.

Так паўстаў новы, стала дзеючы палітычны інстытут – вальны сойм, які замкнуў сістэму органаў вярхоўнай улады ў дзяржаве. У адрозненне ад соймаў Швецыі ці Нарвегіі, якія прадстаўлялі і сялян, або снэму Чэхіі, у якім адстойваліся інтарэсы і мяшчанства, сойм Вялікага Княства Літоўскага быў органам чыста шляхецкага прадстаўніцтва. Утварэнне агульнадзяржаўнага сойма азначала абмежаванне ўлады манарха станамі, аднак шляхта супрацьстаяла тут не столькі манарху, колькі панскай алігархіі, якая цалкам дамінавала ў сойме. За «шляхецкую дэмакратыю» належала яшчэ доўга змагацца.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.