Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Гарады і гараджане ў ВКЛ






У ХІІІ-ХVI стст. на беларускіх землях інтэнсіўна развіваюцца гарады і мястэчкі, якія ўсё ў большай ступенi канцэнтравалi рамеснiцтва, гандаль, станавiлiся цэнтрамi ажыўленага палiтычнага i культурнага жыцця насельнiцтва Беларусi. У крынiцах XIV - першай паловы XVII стст. упамiнаецца прыкладна 350 гарадскiх паселiшчаў на тэрыторыi сучаснай Беларусi, з якіх пераважную большасць складалi мястэчкi ў 200-300 дамоў, з некалькiмi вулiцамi і 2-3 тыс. жыхароў. У сярэдзiне XVII ст. з 2, 8-3 млн. жыхароў Беларусi ў гарадах i мястэчках пражывала 350-400 тыс. чалавек, або 12-13%. Гарадское насельнiцтва фарміравалася за кошт уцёкаў прыгонных сялян, перасялення вольных сялян, натуральнага прыросту. Але частыя войны i масавыя эпiдэмii зводзiлi натуральны прырост да мiнiмуму.

80% гараджан складалi беларусы (літвіны). Этнiчны склад гарадскога насельнiцтва iстотна дапаўняўся рускiмi, яўрэямi, палякамi, украiнцамi, немцамi i татарамi, якiя складалi ад 20, а ў некаторых гарадах - да 40% насельнiцтва. Разнастайным быў канфесiйны склад гараджан: праваслаўныя, католiкi, унiяты, iўдзеi, мусульмане, кальвiнiсты i iншыя, але пераважалі хрысцiяне.

Гарады мелі неаднародную сацыяльную структуру. Вярхушку складала багатая частка купецтва i рамеснiцкiя майстры, якім належала ўся ўлада ў горадзе. Уплывовы пласт складалi таксама прадстаўнiкi ваенна-служылага саслоўя - баяры. Сярод гарадской вярхушкi была i шляхта, якая масава перасялялася ў гарады на працягу XVI - першай паловы XVII стст. Гарадскi патрыцыят складаў каля 25% іх насельнiцтва. Найбольш шматлiкую групу гараджан складалi дробныя гандляры, радавыя рамеснiкi, чаляднiкi і іх сем'i. Гэты сярэдні слой складаў 40-50% усiх жыхароў, улiчваючы, што частку iх складала таксама духавенства, чыны ўрадавай адмiнiстрацыi i iнш. Найбольш абяздоленай часткай гарадскога люду былi так званыя " люзныя людзi" i " гульцяi" - даведзеныя да галечы i абеззямеленыя сяляне, вымушаныя пакiнуць сваю гаспадарку і шукаць прытулку ў горадзе. У пачатку XVII ст. іх колькасць даходзiла да адной трэцi гарадскога насельнiцтва.

Гарады i мястэчкi існавалі як на дзяржаўных вялiкакняжацкiх, так i прыватнаўласнiцкiх землях. Больш 40% усiх гарадскiх пасяленняў Беларусi ў першай палове XVI ст. падпарадкоўвалiся юрысдыкцыi буйных магнатаў (Слуцк, Стары Быхаў, Клецк, Копысь, Тураў, Шклоў, Зэльва, Маладзечна, Смаргонь, Лагойск i iнш.).

Жыхары мястэчак i невялiкiх гарадоў побач з рамяством i гандлем займаліся апрацоўкай зямлi i сельскагаспадарчымi промысламi.

Невялікімі тады былі і гарады. Гарады з насельнiцтвам 10 тыс. жыхароў i больш лічыліся буйнымі. Да iх адносiлiся Полацк, Вiцебск, Слуцк, Магiлёў, Пiнск.

Крынiцы XVI ст. упамiнаюць каля 200 рамеснiцкiх прафесiй i спецыяльнасцей. Да лiку найбольш развiтых вiдаў рамёстваў адносiлiся здабыча i апрацоўка металаў (каля 40 прафесiй), дрэваапрацоўка (27 спецыяльнасцей), гарбарная i футравая вытворчасць (звыш 25 прафесiй), вытворчасць валакнiстай сыравiны i адзення (26 прафесiй), прадуктаў харчавання i напiткаў (21), апрацоўка мiнеральнай сыравiны (12) i г.д. Не менш 80% рамеснiкаў працавалi або на рынак, або спалучалi работу на заказ i на рынак.

Дзеля абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі стваралі свае ўласныя карпарацыі. Такiмi аб'яднаннямi сталi цэхi. Цэхi ў беларускiх гарадах былi трох тыпаў: спецыялiзаваныя (уваходзiлi рамеснiкi адной прафесii); аб'яднаныя (уваходзiлi рамеснiкi дзвюх i больш блiзкiх прафесiй) і зборныя (уваходзiлi прадстаўнiкi розных прафесiй). Апошнiя карпарацыi ўзнiкалi тады, калi ў тым цi iншым горадзе было мала рамеснiкаў адной спецыяльнасцi.

Аб'яднаныя ў цэхi рамеснікі падзялялiся на майстроў, чаляднiкаў i вучняў. На чале цэха стаяў цэхмiстр (стараста), якi аднагалосна выбiраўся цэхавымі майстрамі. Пры выбраннi ўлiчвалiся яго ўзрост, прафесiйныя якасцi, маёмаснае i асабiстае юрыдычнае становiшча. Майстры наймалi чаляднiкаў i вучняў. Колькасць членаў цэха вагалася ў межах 60-150 чалавек, з якiх чаляднiкi складалi ад 40 да 60%. Чаляднiк быў абавязаны прайсці курс навучання майстэрству на працягу 2-3 i больш гадоў, здзейсніць " вандроўку" ў iншы горад ці нават краiну з мэтай пераймання вопыту ў майстроў. Умовай выбрання ў цэхавыя майстры, акрамя галасавання, была добра i якасна зробленая " штука" альбо " шэдэўр" (прафесійны выраб), " пачастунак", або " каляцыя" для ўсiх членаў цэха i прадугледжаны статутам уступны ўзнос у цэхавую касу. Тэрмiн вучнёўства складаў 3-5 гадоў, на працягу якiх вучнi вельмi прыгняталiся.

Дзейнасць цэха i кожнага яго члена рэгламентавалася статутам. Статут ахоўваў гарадскi рынак ад канкурэнтаў і быў накіраваны як супраць нецэхавых рамеснікаў - " партачоў", так i супраць прыезджых рамеснiкаў i купцоў.

Рост рамяства садзейнiчаў развiццю гандлёвай дзейнасцi. У буйных гарадах таргi наладжвалiся двойчы, у невялiкiх гарадах i мястэчках - раз у тыдзень. У перадсвяточныя днi ў буйных гарадах арганiзоўвалiся кiрмашы, якiя маглi цягнуцца некалькi дзён.

Гандлёвыя сувязi звязвалi горад з вёскамi i мястэчкамi, а буйныя гарады - памiж сабой. Буйнейшымі гандлёвымі цэнтрамі Беларусі былі Вiцебск, Полацк, Менск, Магiлёў, Бярэсце. Гарады гандлявалі таксама з Расiяй, Польшчай, Турцыяй, Малдавiяй і інш. Больш як 20 буйных " шляхоў i гасцiнцаў" звязвалі беларускія гарады паміж сабой і з кiрмашамі Варшавы, Любліна, Лiтвы, Венгрыі, Смаленска, Украіны. Беларускiя купцы выконвалі пасрэдніцкую ролю ў гандлёвых сувязях Расіі з Польшчай. Купцы аб'ядноўваліся ў братчыны, якія ахоўвалi манапольнае становiшча мясцовага купецтва на гандаль у сваім горадзе. Вялiкiм цяжарам для купецтва былі мытныя зборы, якія яны абавязаны былі плаціць не толькі пры правозе тавару ў другую краіну за дазвол на яго продаж у іншым горадзе, але і плаціць феадалам за праезд па збудаваных iмi мастах, насыпах, а то i проста па дарозе, якая праходзiла праз iх уладаннi.

З умацаваннем эканамiчнай і грамадскай ролi гарадоў расло іх iмкненне пашырыць свае правы i прывiлеi. З канца XІV ст. дзяржаўная ўлада ВКЛ пайшла на дараванне гарадам самакiравання на аснове магдэбургскага права. У 1390 г. такое права было дадзена Брэсту, у 1391 г. - Вiцебску i Магiлёву, у 1496 г. - Гародні, 1499 г. - Менску, і інш. Да сярэдзiны XVII ст. яго атрымала большасць буйных гарадоў, каля паловы сярэднiх гарадоў Беларусi, у тым лiку i прыватнаўласніцкіх.

Горадам, які атрымаў магдэбургскае права, кіраваў магiстрат, што складаўся з рады i лавы. Рада ажыццяўляла функцыi гарадской улады i суда па маёмасных i грамадзянскiх справах, лава судзiла гараджан па крымiнальных справах. Члены рады (радцы, райцы, ратманы) i гарадскога суда (лаўнiкi) выбiралiся выключна з заможнай вярхушкі, радцы - штогод, лаўнiкi - на больш працяглы перыяд. На чале магiстрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая i выканаўчая ўлада. Спачатку войты, як правiла, прызначаліся ў гарады вялiкiм князем з лiку буйных феадалаў, а з другой паловы XVI - першай паловы XVII стст. - усё часцей войты выбiралiся самiмi гараджанамi, а пасля зацвярджалiся каралём. Паўсядзённы нагляд за дзейнасцю магiстрата ажыццяўляў намеснік войта - лентвойт. Радцы са свайго асяроддзя выбiралі 3-4 бурмiстраў, якія па чарзе старшынствавалі на пасяджэннях рады, кантралявалі дзейнасць камунальных службаў, наглядалі за грамадскiм парадкам, выдаткамі гарадской казны i г. д. Пасяджэннi магiстрата праходзiлi ў будынку ратушы, які ўзводзіўся ў цэнтры горада, атрымаўшага магдэбургскае права.

Жыхары такіх гарадоў вызвалялiся ад улады i суда дзяржаўнай адмiнiстрацыi і ад выканання феадальных павiннасцей (па рамонту замка, абарончых умацаванняў i iнш.), што давала iм магчымасць больш часу займацца сваёй прафесiйнай дзейнасцю. Павiннасцi былi заменены аднаразавым штогадовым грашовым падаткам.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.