Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Раздзел IX. Снеданне за горадам






 

Так працягвалася тры дні. Спачатку ён меў надзею, што сапраўды захварэе і што гэта падзейнічае на іх сумленне. Аднак, калі на чацвёртыя суткі ён уранні асцярожна расплюшчыў вочы, то выявіў у сябе ўсяго толькі моцны насмарк.

І тады ён пайшоў на хітрасць. Нават перад жонкай было смешна валяцца з насмаркам, і ён застагнаў, закашляў, стаў скардзіцца на боль у грудзях.

- Давай пастаўлю гарчычнікі. Каб хоць бранхіт не прычапіўся.

Бадзёрасць ніколі не пакідала яе. Яна з пяшчотай даглядала яго. Можна сказаць, проста песціла. І ўсё ж, ён адчуваў, што яе не ашукаеш.

- Заходзьце, месье Мінар, - данёсся да яго яе голас з прыхожай. - Не, яму ўжо не кепска. Толькі прашу вас не дужа стамляць яго.

Гэта азначала, што яна таксама ўступала ў гульню.

- Якая тэмпература? - занепакоена запытаўся флейтыст.

- Не дужа пагрозлівая.

Ёй страшэнна падабалася гатаваць усялякае зелле, прыпаркі, булёны і гогалі-могалі. Падабалася старанна зашторваць вокны і хадзіць на пальчыках, час ад часу прыадчыніць дзверы і правяраць, ці спіць ён.

Бедны Мінар, тут было не да яго! Мэгрэ нават дакараў сябе за гэта. Ён вельмі палюбіў яго. І быў бы рады зрабіць яму прыемнасць.

Жустэн з'яўляўся штораніцы, гадзін ў дзевяць-дзесяць; ён не званіў, а сціпла шкрабаўся ў дзверы, каб часам не патрывожыць Мэгрэ, калі той раптам яшчэ спіць. Потым шэптам пытаўся пра яго самаадчуванне ці хутка прашмыгваў у пакой, падыходзіў да ложка.

- Не, не, не падымайцеся! Я толькі праведаць прыйшоў. У вас няма для мяне ніякіх паручэнняў? Для мяне было б вялікім шчасцем...

Гаворка была ўжо не пра тое, каб высочваць злачынцаў. Ён гатовы быў да любой паслугі. Ён прапаноўваў сваю дапамогу і мадам Мэгрэ:

- Дазвольце мне схадзіць вам за пакупкамі. Я выдатна спраўлюся, вось пабачыце!

У рэшце рэшт, ён «усяго на адну хвілінку» прысаджваўся ля акна - і заставаўся на гадзіны. Калі ў яго пыталіся, як маецца яго жонка, ён жвава адказваў:

- Якое гэта мае значэнне!

Надвячоркам, перад работай, ён прыходзіў зноў, ужо ў фраку, таму што ён іграў цяпер на балях дзесьці на бульвары Сэн-Мішэль. Іграў ён ужо не на кантрабасе, а на карнет-а-пістоне, што, мусіць, было цяжкавата для яго, бо вакол рота ў яго доўга трымаўся ружовы след.

Лё Брэ таксама штораніцы прысылаў з камісарыята дзяжурнага праведаць Мэгрэ. Гэтая акалічнасць прывяла канс'ержку ў вялікае расчараванне. Яна, канешне, ведала, што яе кватарант службовец, але яна ніколі не падумала б, што ён служыць у паліцыі.

- Камісар загадаў перадаць, каб вы папраўляліся і не хваляваліся. Усё будзе добра.

Мэгрэ з галавой зарываўся ў падушку. Гэта дапамагала мысленна засяродзіцца. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта ўвойдзе ў прывычку, што ён даволі часта будзе карыстацца ёй ў хвіліны адчаю ці скрутнага становішча.

Усё пачыналася, як па камандзе. Замест таго каб думкі ўдакладняліся, святлелі, яны блыталіся, як у гарачцы. Ён паступова правальваўся ў напаўзабыццё, і ява мянялася, набывала новыя формы, пераблытвалася з успамінамі дзяцінства. Усё спрыяла гэтаму: і асвятленне ў пакоі, і кветкі на шпалерах, нават пахі з кухні і мяккія, каціныя крокі мадам Мэгрэ...

Ён узнаўляў усе падзеі з самага пачатку, расстаўляў усіх удзельнікаў, як шахматныя фігуркі на дошцы - стары Бальтазар, Жандро-бацька, Эліз і Рышар, Луі, Жэрмена, маленькая пакаёўка Мары.

Ён ажыўляў іх, прымушаў рухацца. Затым наставала чарга Лё Брэ: ён выходзіў з кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, садзіўся ў свой экіпаж, коратка загадваў фурману: «Набярэжная Арфеўр!»

Ці быў ён на «ты» з вышэйшым начальствам - з Ксаўе Гішарам? З гэтай хвіліны ўсё набывала асаблівую вастрыню. Што казаў Лё Брэ Гішару там, у прасторным кабінеце шэфа, куды Мэгрэ заходзіў толькі двойчы і які быў для яго самым свяшчэнным кутком на зямлі?

«Мой сакратар, - той малады чалавек, якога вы мне рэкамендавалі, - займаецца зараз адным расследаваннем. Я не змог зрабіць інакш і вымушаны быў даверыць справу яму. Цяпер, здаецца, ён наламае нам дроў».

Ці гэтак казаў ён? Зусім верагодна. Лё Брэ - свецкі чалавек, перш за ўсё. Ён штораніцы займаецца фехтаваннем у клубе Гоша, бывае на прыёмах, прысутнічае на ўсіх прэм'ерах і з'яўляецца на скачках у светла-шэрым парадным гарнітуры.

А Ксаўе Гішар? Ён быў сябар бацькі Мэгрэ і паходзіў з аднаго з ім асяроддзя. І жыў ён не ў даліне Мансо, а ў цеснай кватэрцы ў Лацінскім квартале, праводзячы свой вольны час хутчэй са сваімі талмудамі, чым з шыкоўнымі дамамі. Не, ён не здольны ні на свінства, ні на кампраміс.

Аднак ён выклікаў да сябе Барадэ. Што ён яму загадаў?

Ну а калі ўсё было менавіта так - хіба гэта сведчыць пра тое, што Мэгрэ дапусціў нейкую памылку? Ён не давёў да канца сваё расследаванне, хай! Ён не ведае, хто стрэліў у графа. Як не ведае і таго, чаму стрэліў. Але ён дазнаўся б!

Ён адчуваў, што і хутка, і добра справіцца са сваім заданнем. Нездарма ж гэтак перапужаўся камісар!

Тады - чаму?

Газеты болей не ўсчыналі гаворкі пра здарэнне. Справу замялі. Труп Боба, мабыць, адправілі ў морг, будуць ускрываць.

Мэгрэ зноў уявіў сябе ў двары дома на вуліцы Шапталь, у баку ад усіх гэтых месье, якія не звярталі на яго ўвагі. Барадэ, які не ведаў яго ў твар, мабыць, прыняў яго за каго-небудзь са слуг. Пракурор, суддзя і сакратар суда думалі, што ён з групы Барадэ.

Адзін Луі кінуў на яго насмешлівы позірк. Безумоўна, ён ад Жэрмены ведаў пра яго дзейнасць.

Усё гэта зневажала, прыводзіла ў роспач. Часам ён з заплюшчанымі вачыма, расслаблены ўтульнасцю пасцелі, маляваў сабе план ідэальна праведзенага расследавання.

«У наступны раз я зраблю вось так і вось гэтак...»

І вось нечакана на чацвёрты дзень яму збрыдла хварэць, і ён яшчэ да прыходу флейтыста падняўся, вымыўся, не шкадуючы вады, старанна пагаліўся, зняў павязку, якая ўсё яшчэ была на галаве.

- Ты на работу?

Ён адчуў патрэбу зноў дыхаць паветрам камісарыята, сесці за свой чорны пісьмовы стол, агледзець вартых жалю кліентаў на лаўцы ля беленай сцяны.

- Што мне сказаць Жустэну?

Цяпер флейтыста яны звалі проста Жустэнам, як сябра сям'і, як далёкага сваяка.

- Калі хоча, то хай падыдзе да мяне ў гадзіну дня, паснедаем разам.

Ён не надзяваў нанач навуснікі і вымушаны быў падкруціць кончыкі вусоў гарачымі шчыпчыкамі для завіўкі валасоў. Большую частку дарогі прайшоў пешкам, каб падыхаць свежым паветрам бульвара, і яго зласлівасць раставала ў ранішняй веснавой свежасці. «Навошта здаліся мне гэтыя людцы?»

Навошта яму думаць пра ўсіх гэтых Жандро ў іхняй крэпасці? Пра старога, характар якога перадаецца ў спадчыну ў яго родзе толькі жанчынам? Пра іх выкрутасы з завяшчаннем? Пра тое, каму дастанецца ў спадчыну «Кава Бальтазара?»

Таму што ён разумеў, што справа не толькі ў грошах. На пэўным узроўні багацця значэнне набываюць ужо не грошы, а ўлада.

Справа тычылася таго, у чыіх руках апынецца тоўсты жмут акцый, хто стане заправілам адміністрацыйнага савета. Эліз? Рышар?

Як жа ўелася ўсё гэта ў іх скуру, калі дзяўчына забылася на свае дваццаць адзін год і сніла толькі пра дырэктарскі кабінет, як некалі сніла пра яго яе матка!

Стаць галоўным патронам ці галоўнай патранесай!

«Хай сабе грызуцца!»

Чорт іх бяры! Менавіта гэта яны і ўчынілі. А ў выніку - забіты чалавек, якога ніхто не аплакаў, за выключэннем, праўда, адной дзеўкі з авеню дэ Ваграм.

Мэгрэ зайшоў у камісарыят, паціснуў рукі калегам.

- А Бертран паехаў праведваць вас.

Ён не паказаўся камісару, адразу моўчкі заняў сваё месца, і толькі а палове адзінаццатай Лё Брэ прыадчыніў дзверы і заўважыў яго.

- Вы тут, Мэгрэ? Зайдзіце ж да мяне. - Ён стараўся трымацца проста і нязмушана.

- Сядайце. Я вось думаю, ці разумна вы зрабілі, што так хутка падняліся з пасцелі? Магу прапанаваць вам водпуск, пакуль зусім не акрыяеце. Як па-вашаму, не пашкодзіла б адпачыць некалькі дзён у вёсцы?

- Я выдатна адчуваю сябе.

- Тым лепш! Тым лепш! Дарэчы, самі бачыце, уся гэта гісторыя ўладжана. Між іншым, віншую вас, вы былі недалёка ад ісціны. Якраз у той дзень, калі я быў у вас, Луі пазваніў у паліцыю.

- Па ўласнай ініцыятыве?

- Прызнацца, я нічога толкам не ведаю. Ды яно і не важна. Галоўнае, што ён сам прызнае сваю віну. Ён, мабыць, пранюхаў пра ваша расследаванне, зразумеў, што вы дакапаецеся да праўды.

Мэгрэ не ўзнімаў вачэй ад стала, а на яго твары не адбілася аніякага пачуцця. Камісар ніякавата прадаўжаў:

- Ён мінуў нас і звярнуўся проста ў прэфектуру. Вы чыталі газеты?

- Так.

- Канешне, сутнасць трошкі падмалёвана. Даніна неабходнасці, некалі вы зразумееце гэта. Бываюць выпадкі, калі скандал проста ні да чаго, калі суровая праўда прыносіць болей зла, чым дабра. Зразумейце мяне правільна. Мы абодва ведаем, што граф прыйшоў туды зусім не як грабежнік. Магчыма, яго там чакалі? Эліз Жандро зрабіла нямала паслуг яму. У самым лепшым сэнсе слова.

Не забывайце, што яна нарадзілася ў замку д'Ансенваль, што існуюць повязі паміж іх сем'ямі.

Боб быў прапашчы чалавек. Ён з нейкім шаленствам скочваўся ўсё ніжэй і ніжэй. Чаму б ёй было не паспрабаваць паставіць яго на правільны шлях?

Гэта думка маёй жонкі, а яна добра ведае характар Эліз.

Але не ў гэтым справа. Ці не быў ён п'яны той ноччу, як гэта часта з ім здаралася? Ці не паводзіў ён сябе абуральна?

Луі даволі скупы на падрабязнасці. Ён прыбег на крыкі. Калі ўбег у пакой, Боб і Рышар Жандро біліся, і яму здалося, што ў руцэ графа бліснуў нож.

- Нож знайшлі? - ціха запытаў Мэгрэ, не ўзнімаючы вачэй ад стала.

Здавалася, ён упарта разглядвае нейкую плямку на паліраванай настольніцы.

- Не ведаю. Расследаванне вёў Барадэ. Пацверджана, што на начным століку ляжаў рэвальвер і што Луі, баючыся за жыццё свайго гаспадара, схапіў рэвальвер і стрэліў.

Цяпер самі памяркуйце, мой юны сябар, каму быў выгадны скандал? Натоўп не прыняў бы праўды. Мы жывём у такі час, калі пэўныя класы грамадства ўзяты на мушку. На карту быў пастаўлены гонар мадэмуазель Жандро. Таму што менавіта яе гонар аказаўся б на языках.

Як бы там ні было, перад намі тыповы выпадак самаабароны.

- Вы верыце, што стрэліў дварэцкі?

- У справе маецца яго прызнанне. Паразважайце над гэтым, Мэгрэ. Падумайце, якою была б рэакцыя пэўнай прэсы і якія былі б вынікі гэтай справы для дзяўчыны, абвінавачваць якую нішто не дае нам права. Ні ў чым, хіба толькі ў пэўнай... гм... экспансіўнасці.

- Разумею.

- Мадэмуазель Жандро паехала ў Швейцарыю, у яе зусім развінчаны нервы, і яна, відаць, прабудзе за мяжой некалькі месяцаў. Луі пакуль на волі і, верагодна, адсвяткуе спыненне следства. Яго адзіная віна ў тым, што, будучы ў замяшанні, ён, замест таго каб неадкладна прызнацца ва ўсім, закапаў труп у садзе.

- Ён сам закапаў яго?

- Пастаўце сябе на месца Рышара Жандро. Я бачу, вы ўсё яшчэ ніяк не можаце зразумець, але некалі вам усё стане ясна. Ёсць выпадкі, калі мы не маем права...

Ён замяўся, падбіраючы словы, і тады Мэгрэ падняў галаву і роўна, абыякава, амаль наіўна закончыў:

-...паступаць так, як загадвае нам наша сумленне?

Голас Лё Брэ адразу ж загучаў суха і высакамерна, высакамерна, як ніколі.

- Маё сумленне не мае ў чым папракнуць мяне, - абрэзаў камісар, - і я лічу, што яно ў мяне гэткае ж далікатнае, як і ў любога іншага. Вы юнак, Мэгрэ, і толькі пагэтаму я не магу крыўдзіцца на вас.

Роўна апоўдні ў службовым памяшканні зазваніў тэлефон. Інспектар Бесан зняў слухаўку і аклікнуў Мэгрэ:

- Гэта вас. Усё той жа тып. Трэці дзень ужо звоніць, і заўсёды ў адзін і той жа час.

Мэгрэ схапіў слухаўку.

- Алё! Жуль?

Ён пазнаў голас Дэдэ.

- Як у вас - парадак? Вы ўжо зноў упрэгліся? Скажыце, вы збіраецеся снедаць?

- А што?

- Ды мне тут цюкнула ў галаву адна ідэя. Я даўно - з пэўнага часу - прагну выцягнуць вас снедаць за горад. Не бойцеся. Я прыеду за вамі на сваёй таратайцы. Не да камісарыята, разумеецца, я не дужа люблю падобныя мясцінкі. Буду чакаць вас на рагу вуліцы Фантэн. Згода?

Небарака-флейтыст, зноў яму не пашанцавала!

- Перадайце яму, што я вымушаны быў адлучыцца па важнай справе і абавязкова пабачуся з ім сёння ўвечары ці заўтра раніцай.

Праз чвэрць гадзіны ён ужо сядаў у шэры «дыён-бутон». Дэдэ быў адзін.

- Як вам - усё роўна куды? Вы любіце смажаных печкуроў? Толькі найперш трэба забегчы да Маё, прамачыць горла.

Яны сапраўды спыніліся каля бара, зайшлі туды, і Дэдэ ўладна заказаў дзве чаркі густога абсенту.

Настрой у яго быў вясёлы, але ўглыбіні вочы прытойвалі сур'ёзнасць. На ім быў усё той жа клятчасты гарнітур, туфлі колеру гусінага памёту і крыкліва яркі, пунсовы гальштук.

- Кульнём яшчэ па адной? Не? Воля ваша. Сёння ў мяне няма прычын спойваць вас.

Выехалі з горада, потым дарога пайшла берагамі Сены, на якой пагойдваліся рыбацкія лодачкі, і, нарэшце, спыніліся ля невялікага шынка ля самай ракі, з садам з альтанкамі.

- Ану, Густаў, скумекай нам абед на славу! Пачнём са смажаных печкуроў.

І растлумачыў Мэгрэ:

- Ён зараз закіне сетку, і мы атрымаем іх проста жывенечкімі.

Затым зноў да гаспадара:

- А што падасі нам потым?

- Як наконт пеўня ў віне, у ружовым бажале?

- Давай пеўня!

Дэдэ пачуваўся тут, як дома - пайшоў на кухню, потым спусціўся ў склеп і вярнуўся адтуль з пляшкай белага луарскага віна.

- Гэта зацьміць усё пітво свету. А цяпер, пакуль прычакаем смажанку, можаце набіваць люльку. Можна і пабалаболіць.

Ён, відаць, адчуў, што трэба растлумачыць свае паводзіны:

- Ведаеце, чаму мне захацелася пабачыцца з вамі? Таму што ў глыбіні душы вы мне дужа даспадобы. Вы яшчэ не струхлі, як большасць вашых калег.

Ён таксама будзе трошкі падмалёўваць праўду - Мэгрэ выдатна разумеў гэта. Людзі такога гатунку, як Дэдэ, - страшэнныя балбатуны, і гэта часта губіць іх. Яны настолькі ганарацца сваёй персонай, што амаль заўсёды адчуваюць патрэбу расказаць пра свае ўчынкі.

- Дзе Люсіль? - запытаў Мэгрэ, які чакаў, што ўбачыць тут і яе.

- Хочаце верце, хочаце не, але яна сапраўды захварэла. Ці ведаеце, гэтае дзяўчо па вушы ўліпла ў Боба. Дзеля яго яна разбілася б на друзачкі. Уся гэта гісторыя проста даканала яе. Спачатку яна і слухаць не хацела пра тое, каб пакінуць вуліцу Брэй: там, ці бачыце, усё нагадвае ёй пра яго. Учора я нарэшце ўгаварыў яе паехаць у вёску. І адвёз яе туды. Потым я паеду да яе. Але досыць! Можа, яшчэ калі-небудзь вернемся да гэтага.

Ён запаліў цыгарэту, павольна выпусціў дым праз нос. Віно іскрылася ў чарках, пад свежым ветрыкам трымцела маладая лістота альтанак, было відно, як гаспадар, стоячы ў яліку, пільна ўзіраўся ў ваду, гатовы закінуць сець.

- Думаю, вы з цікаўнасці кінулі вокам у заведзенае на мяне дасье і змаглі пераканацца, што я ніколі не ўліпаў у сур'ёзную справу. Усё па дробязях. Мне двойчы давялося адседзець па паўгода, і я пакляўся, што ўсё, завяжу, з мяне досыць!

Ён выпіў і працягваў:

- Газеты чыталі?

Мэгрэ сцвярджальна кіўнуў галавой.

- Для ўсемагутных і яны ўсёмагутныя. Калі б вы толькі бачылі Люсіль. Яна збялела як палатно. Памкнулася ляцець туды і выдаць хаўруснікаў. Я ледзь супакоіў яе.

«Што гэта дасць?» - даводзіў я.

Трэба было загадзіць яго, вось яны і загадзілі, ці ж не так? Калі б мне давялося сустрэць дзе-небудзь у цёмным кутку гэтага крываносага Рышара, ці як яго там, ох, з якой асалодай я натоўк бы яму лыч!

Гэта ж трэба, харкнуў мне пяцьдзесят тысяч канцоў - і не лыс. Ну што ж! Між намі, хоць гэта і ваш хлеб, запомніце, нашы дарожкі з ім яшчэ сыдуцца. Рана ці позна. Падла ёсць падла. А гэтакіх асабіста я за вярсту нюхам пазнаю.

А што ў вас?

- Мне не дазволілі прадаўжаць расследаванне, - прамармытаў Мэгрэ.

- Ведаю. І мне плоцяць за тое, што я гэта ведаю.

- Яны і вам загадалі маўчаць?

- Мне сказалі, каб я не соваў свой нос - тады квіты. Яны тады скрозь пальцы будуць глядзець на маю дзейнасць.

І азначала гэта, што яны заплюшчваюць вочы на ўсе дробныя грашкі Дэдэ, што яму даруюць удар, які ледзь не адправіў Мэгрэ на той свет, і не стануць дапытвацца, адкуль узяліся сорак дзевяць тысяч франкаў, знойдзеных у ягоным партманеце.

- Але ад каленца з дварэцкім я проста вочы вылупіў. Вы верыце ў гэта?

- Не.

- Разумна! Іначай я перастаў бы паважаць вас. Трэба ж было знайсці некага, хто стрэліў, - дык хай ім і акажацца лізаблюд. Як па-вашаму, хто згуляў у «піф-паф»? Тут можна быць шчырымі, праўда? Толькі ўлічыце, што калі вам узбрыдзе ў галаву пакарыстацца тым, што я вам тут наказаў, я прысягну, што ні пра што падобнае я і не заікаўся. Па-мойму, гэта - дзеўка.

- Я таксама так думаю...

- З той розніцай, што ў мяне нямала падстаў думаць менавіта так. Дадам, што калі яна і кокнула Боба, дык зусім памылкова. Бо ўгробіць яна хацела свайго мілага браточка. Бо яны так ненавідзяць адно аднаго, як толькі могуць ненавідзець у падобных сямейках.

Шкада, што вы не былі знаёмы з Бобам. Шыкоўнейшы хлопец! Ці ж дзіва, што яны не пераварвалі яго!

Але ён не быў злы, скажу я вам. Ён не меў ні кропелькі зласлівасці. Ён быў вышэй гэтага. Ён настолькі пагарджаў імі, што яму было проста смешна.

Калі гэтая дзеўка пачала круціцца вакол яго...

- Калі гэта пачалося?

- Восенню. Бог ведае, хто навёў яе на розум. Кожны знаў, што Боба можна знайсці пасля скачак а палове шостай у бары на авеню дэ Ваграм.

- І яна пайшла туды?

- Яшчэ б! Нават без вуалеткі. Яна прадставілася яму, сказала, што жыве ў замку д'Ансеваль, што цікавіцца ім і палічыць за шчасце прымаць яго ў сваім доме.

- Ён спаў з ёю?

- Дзіва што! За ім прысылалі. Ён нават прыводзіў яе ў вядомы вам гатэль на вуліцу Брэй. Каб паглядзець, да чаго яна можа дайсці, разумееце? Слаўны хлопец. Але яна зусім не тая лялька, каб пайсці ў гатэль дзеля адных любошчаў.

Тэмпераменту ў яе не болей, чым у бетоннай сцяны. Ад Люсіль ён нічога не ўтойваў. У яе не хапіла б рэўнасці да ўсіх, што прайшлі праз яго рукі! А вось і печкуры! Цікава, ці спадабаюцца яны вам?

Ён умеў і есці, і гаварыць адначасова, і не прамінаў ні таго, ні другога, у дадатак не забываючы прылашчыць другую пляшку, пастаўленую на стол.

- Не спрабуйце зразумець. Самому Бобу, не ў крыўду будзь вам сказана, які быў хітрэй нас абодвух разам, спатрэбіўся час на гэта. Што яго найбольш здзіўляла, дык гэта яе прага выйсці за яго замуж.

Яна выклала яму свае ўмовы. Працаваць, зразумела, ён не будзе мець патрэбы, кожны месяц яму будзе выдавацца пэўная сума на кішэнныя выдаткі - і ўсё. Боб і вухам не павёў. Ён разумеў, што яна проста шалее стаць графіняй д'Ансеваль. Ёсць такія людзі. Спачатку яны купляюць замак. А потым іх бярэ сквапнасць насіць яго імя, купіць і продкаў былога ўладальніка замка. Гэтак Боб мне растлумачыў.

Ён паглядзеў Мэгрэ ў вочы і, задаволены зробленым уражаннем, сказаў, як адрэзаў:

- Дык вось, справа была зусім не ў гэтым!

Ён грыз хрумсткія печкуры, раз-пораз паглядваў на Сену, дзе марудна праплывалі баржы, якія пачыналі гусці яшчэ за некалькі соцень метраў ад шлюза.

- І не спрабуйце звесці канцы з канцамі. Не зведзяце. Боб, калі дазнаўся пра гэта, аж задыхнуўся ад ярасці. Хоць і ведаў назубок гісторыю гэтай сямейкі. Ведаеце, ад каго зыходзіла думка пра шлюб? Ад старога!

Ён трыумфаваў.

- Прызнайцеся, што дзеля такой навіны варта паехаць снедаць ажно ў Божываль. Вы чулі пра старую мумію, якая завяшчала свой дом і карціны пад музей? Калі хочаце ад душы нарагатацца, дык слухайце, што было далей. Заўважце, я таксама не ўсё ведаю. Дый Боб ведаў не ўсё да канца. Аказваецца, стары, які пачаў з таго, што валэндаўся са сваім корабам па вёсках, марыў пра ўнукаў і праўнукаў высакароднага паходжання. Хочаце ведаць, што я пра ўсё гэта думаю? Гэта было б ягонай помстай. Бо, здаецца, Ансевалі не дужа цырымоніліся з ім. Яны прадалі яму свой замак і фермы. Сціпла выбраліся. Аднак ні разу не запрасілі яго ні на абед, ні хоць на снеданне. І тады ён у сваім завяшчанні паставіў умовы, якія ўсхвалявалі ўсю сям'ю. Яшчэ была жывая яго дачка, калі ён памёр, але мільянеры - не дурні, яны загодзь распараджаюцца сваімі мільёнамі. Стары ўсё прадугледзеў. Пасля смерці дачкі акцыі павінны былі быць падзелены на дзве часткі: пяцьдзесят адзін працэнт - паненцы, сорак дзевяць працэнтаў - крываносаму. Відаць, такі падзел мае вельмі вялікае значэнне, бо ён, як яны кажуць, забяспечвае большасць галасоў дзяўчыне. Асабіста я не надта разбіраюся ў гэтым. Ды ліха з ім. Завяшчанне павінна ўвайсці ў сілу, калі ёй споўніцца дваццаць адзін год.

- У наступным месяцы, - заўважыў Мэгрэ.

- Далей... Тым горш калі ўжо няма куды лезці пеўню ў віне!.. Дык пра што гэта мы гаварылі? Ага!.. Ды тут ёсць адна закавыка. Калі цыпулька выйдзе замуж за каго-небудзь з Ансевалей, яна атрымае абсалютна ўсе акцыі, з абавязацельствам выплочваць браціку штомесячную дапамогу з яго долі спадчыны.

Гэта азначае, што тады яму не бачыць як сваіх вушэй ні офіса, ні замка - нічагусенькі. Бальтазары, Жандро зробяцца тады д'Ансевалямі, і род іх заўзыходзіў бы ад крыжаносцаў.

Боб быў вельмі дасведчаны ва ўсіх гэтых штукенцыях. І вы не можаце сабе ўявіць, як ён рагатаў!

- Ён даў згоду?

- За каго вы яго лічыце?

- Якім жа чынам ён даведаўся пра ўсё гэта?

- Ад браточка. І вы толькі гляньце, як па-дурному чалавек можа страціць сваю скуру. Крываносы Жандро таксама не ёлупень. У яго няма жадання марнаваць час у клубах ды ўлягаць за служанкамі з вуліцы Міра, як яго бацька. Яму таксама хочацца быць патронам.

- Я пачынаю разумець.

- Быць не можа! Нават Боб - і той не адразу зразумеў. Крываносы запрасіў яго да сябе ў офіс. Яго кабінет - што рызніца: усе сцены ў драўляных барэльефах, гатычная мэбля, а на адной сцяне - партрэт старога ад падлогі да столі. Ён глядзіць з яго, як жывы, а ў вачах - насмешка.

Калі папраўдзе, то з усёй сям'і я, можа, аднаго гэтага старога змог бы выцерпець. Боб казаў, што гэта была самая хітрая бестыя, якую ён сустракаў калі-небудзь. Гэта, канешне, было сказана дзеля прыгожага слоўца. Боб і не бачыў яго, стары даўно памёр... Далей - болей. Браточак выкладвае ўсё як ёсць. Пытае ў Боба, ці збіраецца той жаніцца на яго сястры. Боб адказвае яму, што ніколі не меў такога намеру.

Той пярэчыць яму, што ён не мае рацыі, што гэта будзе выгадна для ўсіх. А чаму выгадна? Таму, што ён, Рышар Жандро, раскашэліцца для мужа сваёй сястры. Падсыпле столькі грошай, колькі той пажадае. Пры адной умове: што ён будзе смыкаць яго сястру па белым свеце, будзе прыдумляць ёй усялякія забавы, каб адбіць ахвоту ад камерцыі.

Цяпер цяміце? Боб адказвае, што не адчувае сябе здатным да гэткай работы. Тады гэты крываносы гад заяўляе, што ён рызыкуе вельмі дорага заплаціць за гэта. Як успомню, што вы гатовы былі запраторыць мяне за краты за пяцьдзесят канцоў, якімі я разжыўся ў гэтай поскудзі!.. Але я не злую на вас. Што вы маглі ведаць?!

Іх агарнуў цудоўны водар, які зыходзіў ад пададзенага пеўня ў віне. Дэдэ, хоць толькі што скардзіўся на сытасць, усё ж з салідным апетытам прыступіў да яго.

- Ану, паспытайце гэта бажале і прызнайцеся, што ўсё-такі было б шкада пазбавіць мяне такога снедання і пасадзіць на турэмную цуру! Ведаеце, што песціў у сваёй мазгаўні гэты лыч? Я казаў вам, што Боб быў шыкоўны хлопец, але я не хачу сказаць, што ён быў анёльчык. Яму, як усім людзям, здаралася сядзець без капейкі ў кішэні. Ён з маленства быў знаёмы з усялякімі багацеямі. І часам дзеля смеху ён падрабляў іх подпісы на вэксалях і іншых паперках. І ў гэтым няма нічога паганага. Доказам тое, што ніхто нават не скардзіўся на яго, і ўсё ўладкоўвалася самым найлепшым чынам. Дык вось, прыяцеле Жуль! Гэтая гадзіна богведама як скупіла цэлы жмут такіх паперак. «Калі вы не жэніцеся на маёй сястры, я пасаджу вас за краты. Калі вы жэніцеся на ёй, але не будзеце цаца, я зноў-такі пасаджу вас за краты». Звер! Люты звер! Яшчэ больш люты, чым стары! Магу пабажыцца, Боб ужо шкадаваў, што паквапіўся на курачку і ўліп у гэту гісторыю. Што да кралі, то яна страшэнна спяшалася. Ёй карцела ісці пад вянец неадкладна, не чакаючы, калі споўніцца дваццаць адзін год. Яна закідала яго лістамі, дэпешамі. Прызначала яму спатканне за спатканнем. Ён калі хадзіў, калі не хадзіў. Часцей за ўсё не хадзіў. Тады яна сама ішла за ім на вуліцу Брэй і чакала яго на рагу авеню, зусім не хвалюючыся, што яе могуць прыняць не за тую... Люсіль добра ведала яе...

- Калі вы адвезлі на вуліцу Шапталь, пятнаццатага ноччу...

- Ён вырашыў пакласці гэтаму канец, выкласці ёй усё, сказаць, што ён не купляецца і не прадаецца, ані ёй, ані яе браточку.

- Ён прасіў вас пачакаць яго?

- Не тое каб прасіў, але ён не збіраўся бавіцца там. Вам крылца ці лапку? Абавязкова паспытайце грыбкоў: Густаў сам і збірае, і смажыць іх.

У Мэгрэ быў выдатны настрой, і прычынай яго, мусіць, трошкі было і бажале, выпітае пасля белага сухога віна.

- Вы не ламаеце сабе галаву над тым, чаму я вам усё гэта расказваю?

- Не.

- Самі ведаеце?

- Ведаю.

Прынамсі, ён здагадваўся. Дэдэ было цяжка на душы - ён павесіў нос на квінту, як сказаў бы ён сам. Ён не мог маўчаць. З Мэгрэ ён нічым не рызыкаваў. А з другога боку, ён меў і пэўны «дазвол».

Але якраз гэтым ён не ганарыўся. Сённяшні сняданак ён прыдумаў для таго, каб самому прадставіцца ў лепшым святле.

Не раз потым гэты сняданак у Божывалі будзе прыходзіць на памяць Мэгрэ, і, магчыма, менавіта гэты ўспамін неаднойчы засцеражэ яго ад безразважных рашэнняў і раптоўных вывадаў.

- Што адбылося там, наверсе, я не ведаю.

Мэгрэ таксама не ведаў, але ўстанавіць ісціну было лёгка. Ён толькі хацеў бы ведаць, ці сапраўды Рышар Жандро збіраўся правесці гэты вечар дома. Можа, ён павінен быў застацца ў клубе ці яшчэ дзе-небудзь? А магчыма - і гэта было ў яго характары - сам Боб папрасіў Рышара падняцца да сястры? Чаму ж не?

Хоць бы для таго, каб выказаць ім абаім усё, што ён пра іх думае.

«Па-першае, я не збіраюся жаніцца...»

У Мэгрэ, якому ніколі не даводзілася сустракацца з Бобам, ужо складвалася выразнае ўяўленне пра яго характар і нават пра аблічча.

«Па-другое, я не маю аніякага жадання прадаваць сваё імя, якое няцяжка мне насіць і самому».

Бо калі ў раёне плошчы Тэрн і на бегавых дарожках скачак сёй-той і называў яго графам, то большасць з іх была пераканана, што гэта проста мянушка, і яны не мелі нават ўяўлення пра яго сапраўднае прозвішча.

Як паводзіла Эліза Жандро? Ускіпела, нагадала пра свой гонар? А брат? Прыйшоў у ярасць?

«А вы ўвогуле заткніцеся! Дарэчы, зараз я раскажу вашай сястры, што за камбінацыю вы прыдумалі».

Ён меў час на гэта? Ці Рышар адразу кінуўся на яго?

Сотні тысяч людзей, якія пілі каву «Бальтазар» і, як мадам Мэгрэ, наклейвалі ў альбомы малюнкі разнастайных кветак, не маглі і ўявіць сабе, што іх ранішняя філіжанка кавы аказалася стаўкай у бойцы ў адным з пакояў асабняка на вуліцы Шапталь.

У подлай бойцы, якую, можа, падцікоўваў за дзвярыма лёкай.

Мужчыны, відаць, кінуліся адзін на аднаго з кулакамі. Магчыма, абодва пападалі.

Ці быў узброены Рышар Жандро? Ён, несумненна, здольны нанесці ўдар спатайка.

- Па-мойму, стрэліла шлюшка. Не са зла. Яна проста ашалела. Інакш бы яна не кінулася ў роспачы да акна і не стала б клікаць на помач. А можа, акно было расчынена і раней? Прызнацца, я не заўважыў... Ці бачыце, мне здаецца, яна ў рэшце рэшт па-сапраўднаму падлюбоньвалася да Боба. Па ўсім відаць, што так. Пачатак паклалі яе інтарэсы. Але ён быў гэткі непадобны да марожаных судакоў, якія звычайна акружалі яе... Мне здаецца, што, калі яна пабачыла, што Боб бярэ верх ці што брат зрабіў спробу нанесці ёй подлы ўдар у спіну, яна проста ашалела. І стрэліла. На няшчасце, яна не ўмела цэліцца. І патрапіла ў Боба, ды яшчэ ў самае сэрца... А што, калі нам заказаць яшчэ пляшачку? Яно ж зусім лёгкае, гэта вінцо. Вось так, прыяцель Жуль!

Калі я ўбачыў, як нейкі дзівак стаў ламацца ў дзверы, каб яго ўпусцілі, я змыўся, потым зноў вярнуўся, але ўсё было ўжо ціха. Я палічыў за лепшае даць драпака. Потым мы з Люсіль сталі раіцца, што рабіць. Мы ўвесь час спадзяваліся, што Боб вернецца, ці што хоць даведаемся, што ён у бальніцы. Урэшце я адправіўся да Жандро ў офіс. Вось адкуль я і ведаю, як выглядае стары. Хіба было б лепей, калі б з гэтага ніхто не пакарыстаўся?

Ён раскашэліўся амаль адразу ж, так што я нават пашкадваў, што не запатрабаваў сто тысяч замест паўсотні. Мярзотнікі! Вы зваліліся нам на галаву якраз у той момант, калі мы збіраліся змыцца. Пагадзіцеся, было б занадта па-дурному дапусціцца да таго, каб нас накрылі.

Ваша здароўе, старына!

Яны ўсё ўладкавалі як нельга лепей для сябе. Я пачынаю ўжо трошкі звыкаць з гэтай думкай. Але мяне проста верне, калі я сустракаю на вуліцы іх выязны экіпаж, дзе на конях такая шыкоўная збруя, а возны з такой пыхай красуецца на козлах!..

- Гаспадар! Кавы нам, толькі не «Бальтазар».

Прыйшлося, аднак, выпіць менавіта бальтазараўскую, таму што іншай у доме проста не знайшлося.

- Якое паскудства! - вылаяўся Дэдэ праз зубы. Адно шчасце, што можна зашыцца ў вёску.

- З Люсіль?

- Яна нібыта не супраць. У нас ёсць пяцьдзесят тысяч, ці каля гэтага. Я заўсёды марыў адкрыць «бістро» на беразе ракі, такое, да прыкладу, як гэта, і дзе кліенты будуць мае дружкі-таварышы. Але даволі цяжка знайсці такую мясціну, таму што трэба, каб яна была не дужа далёка ад іпадрома. Заўтра пашвэндаюся ў ваколіцах Мэзон-Лафіта. Якраз там я прыстроіў Люсіль.

Ён раптам збянтэжыўся і паспешліва дадаў:

- Не думайце, аднак, што мы адразу ж зажывём як нявінныя анёлачкі?!

 

* * *

 

Так прайшоў цэлы тыдзень. Кожнай раніцы Мэгрэ па званку заходзіў у кабінет камісара і падаваў яму дзённы рапарт. Кожнай раніцы Лё Брэ памыкаўся нешта сказаць, але так і не рашаўся, адварочваўся.

Яны не заводзілі ніякіх іншых размоў, апрача службовых. Мэгрэ пасур'ёзнеў, рухі яго сталі больш спакойныя, хоць ён яшчэ і не атлусцеў. Ён нават перастаў усміхацца і выдатна ўсведамляў, што быў жывым дакорам для Лё Брэ.

- Скажыце, даражэнькі...

Гэта было на пачатку мая.

-...калі ў вас экзамены?

Экзамены па таму самаму прадмету, які ён вывучаў у тую ноч, калі флейтыст убег у паліцэйскі камісарыят, уварваўся ў жыццё Мэгрэ.

- На наступным тыдні.

- Мяркуеце здаць?

- Спадзяюся.

Адказваў Мэгрэ холадна, амаль суха.

- Гішар казаў мне, што вы марылі паступіць у Вышукную.

- Марыў некалі.

- А цяпер?

- Не ведаю.

- Думаю, ваша месца якраз там, і хоць я вельмі цаню вас тут, аднак пастараюся памагчы вам у гэтай справе.

Спазм перахапіў горла Мэгрэ, і ён не вымавіў ні слова. Ён усё яшчэ злаваў. Ён ніяк не мог дараваць ім, усім разам - і камісару, і Жандро, і службоўцам з Вышукной, і, можа, нават самому Гішару, якога ён у глыбіні душы паважаў амаль так, як паважаў свайго бацьку.

Калі Гішар, аднак...

Яны неабвержна мелі рацыю, Мэгрэ збянтэжана ўсведамляў гэта. Скандал нічога не даў бы. У любым выпадку Эліз Жандро была б апраўдана.

У такім разе?..

Ці не на само жыццё злаваў ён, і ці не памыляўся ён сам, не жадаючы ўразумець гэта?

Ён не чакаў, што будзе куплены. Ён не хацеў прымаць ад камісара Лё Брэ аніякай ласкі.

- Пачакаю сваёй чаргі, - буркнуў ён ціха.

Назаўтра ж яго выклікалі на Набярэжную.

- Усё яшчэ злуяце, мой хлопчык? - запытаўся шэф, кладучы руку яму на плячо.

Ён не змог утрымацца і амаль гнеўна, сапраўды як хлапчук, кінуў:

- Гэта Эліз Жандро забіла Боба.

- Можа.

- Вы ведалі гэта?

- Не сумняваўся. Калі б гэта зрабіў яе брат, Луі не стаў бы ахвяраваць сабой.

Вокны кабінета выходзілі на Сену. Буксіры цягнулі за сабой цэлую нанізку баржаў і, перад тым як прайсці пад мостам, уключалі свае сірэны і апускалі трубы. Трамваі, аўтобусы, фіякры, таксі бесперапынна рухаліся па мосце Сэн-Мішэль, на тратуарах ажыўлена снавалі жанчыны ў яркіх апратках.

- Сядайце, старына.

Урока, пададзенага яму ў той дзень бацькоўскім тонам, нельга знайсці ні ў адным падручніку па навуковай крыміналістыцы.

- Вы зразумелі? Наша задача - наносіць як мага меней шкоды. Чаму магло паслужыць гэта выкрыццё?

- Праўдзе.

- Якой праўдзе?

І шэф заключыў:

- Можаце запаліць люльку. З панядзелка вы - інспектар у групе камісара Барадэ.

Мэгрэ і не падазраваў, што некалі, праз дваццаць два гады, ён зноў спаткаецца з Эліз, якая тады будзе насіць ужо інакшае - арыстакратычнае італьянскае прозвішча мужа.

Не ведаў ён і таго, што яна прыме яго ў тым жа нязменным офісе Бальтазараў - у кабінеце, які ён уяўляў толькі дзякуючы нейкаму Дэдэ, - дзе ён нарэшце ўбачыць партрэт старога, які па-ранейшаму будзе вісець на сваім месцы.

«Месье камісар...»

Камісар - гэта ён, Мэгрэ.

«Лічу не лішнім прасіць вас пра захаванне тайны...»

І справа будзе тычыцца таго, што на адміністрацыйнай мове вызначаецца як «следства ў сямейных інтарэсах».

«У маёй дачкі, на няшчасце, характар бацькі...»

Што да яе самой, то яна будзе спакойная і халодная, як стары Бальтазар, чый партрэт ва ўвесь рост будзе вісець за яе крэслам.

«Яна дазволіла сабе захапіцца адной бессаромнай асобай, ён павёз яе ў Ангельшчыну, дзе дамогся дазволу на шлюб. Трэба любой цаной...»

Не, ён яшчэ не ведаў, што яму яшчэ раз давядзецца трымаць у сваіх руках гонар сям'і Бальтазараў.

Пакуль яму было ўсяго дваццаць шэсць гадоў. І яму рупіла хутчэй падзяліцца сваёй радасцю з жонкай: «Я паступаю ў опергрупу шэфа!»

Але яму не ўдалося адразу ж спраўдзіць сваё жаданне. На вуліцы яго чакаў Жустэн Мінар.

- Кепскія навіны?

- Добрыя! Мяне прасваталі!

Флейтыст расхваляваўся, здаецца, яшчэ болей, чым Мэгрэ.

- Вы пакідаеце камісарыят?

- З заўтрашняга дня.

- Замочым такую падзею?

І яны адправіліся ў піўную «Дафін», у двух кроках ад Набярэжнай. Інспектары з Вышукной, якія сядзелі тут і пілі піва, зусім не звярталі ўвагі на двух незнаёмцаў, што ўсё чокаліся і аж свяціліся радасцю.

Міне колькі дзён, і адзін з гэтых мужчын перастане быць для іх незнаёмцам. Мэгрэ стане ім раўня. Ён будзе заходзіць сюды, як дадому, гарсон пачне вітаць яго па імені і будзе ведаць, што яму падаць.

Дадому ён вярнуўся толькі ўвечары і - п'яны. Сто разоў - то флейтыст Мэгрэ, то Мэгрэ флейтыста - праводзілі адзін аднаго з аднаго канца вуліцы ў другі.

- Твая жонка... - пярэчыў Мэгрэ.

- Якое гэта мае значэнне?!

- Ты не спознішся на свае танцулькі?

- Якія танцулькі?!

Паднімаючыся па лесвіцы, Мэгрэ нарабіў грукату. Ён расчыніў дзверы і сур'ёзна абвясціў:

- Вітай новага інспектара з групы шэфа!

- А дзе ж твой кацялок?

Ён правёў рукой па галаве і пераканаўся, што сапраўды дзесьці згубіў свой кацялок.

- Вось яны, жанчыны! Але заўваж... ты толькі заўваж, бо гэта вельмі важна... вельмі важна, чуеш?.. І камісар тут ні пры чым... Яны даўно ўжо сачылі за мной, а я і не ведаў... Ведаеш, хто мне пра гэта сказаў?.. Сам шэф... Ён мне сказаў... Я не магу паўтарыць табе ўсё, што ён сказаў мне, але ён зусім як бацька... Бацька, разумееш?

Яна прынесла яму пантофлі і згатавала моцную каву.

 

Крыніца: Simenon. La premiere enguete de Maigret. Presse de la cite. Paris.
Пераклад: Ніна Мацяш

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.