Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Раздзел VII. Смех мадам Мэгрэ






 

Ён усё намагаўся адпіхнуць іх, але рука яго была вялая, без сілы. Як упрасіць іх, каб яны пакінулі яго ў спакоі? Хіба ён не ўмольваў іх? Ён і сам ужо не ведаў. У галаве яго месцілася столькі думак, што ад гэтага яму было ажно нядобра.

Адно перакананне пераважала над усім: неабходна, каб яму дазволілі ісці да канца. Да канца чаго? Божа мілы! Як цяжка людзям паразумецца! Да канца!

А з ім вось абыходзіліся, як з дзіцем ці як з хворым. І нават згоды яго не пыталіся. Яшчэ болей раздражняла тое, што яны вельмі голасна перагаворваліся наконт яго, нібыта былі няздольныя зразумець адзін аднаго. І ўсё гэта толькі таму, што ён ляжаў на зямлі, як вялікая раздаўленая кузурка? Вакол яго тапталіся ногі, - ну і што?! - Потым быў медпункт. Ён адразу сцяміў, што гэта медпункт, і стаў адбівацца. Хіба, калі цябе стукнуць па галаве, ужо нельга абысціся і без лякарні?

Ён пазнаў цёмныя абрысы Бажонскай бальніцы, пад'езд з такой яркай электрычнай лямпачкай, што ажно рэзала ў вочы; людзі спакойна прыходзілі і выходзілі, нейкі высокі малады чалавек у белым халаце выглядаў так, нібы насміхаўся над цэлым светам.

Хіба Мэгрэ не ведаў, што гэта проста ардынатар? Пакуль медсястра выстрыгала Мэгрэ на макаўцы валасы, практыкант плёў ёй усялякае глупства. Дзяўчыне надзвычай пасаваў белы халат. Па тым, як яны пераглядваліся, Мэгрэ зразумеў, што медсястра і ардынатар былі закаханы адно ў аднаго.

Ён з усёй сілы стрымліваўся, аднак яго званітавала - ад эфіру.

«Гэта ёй навука», - падумаў Мэгрэ.

Навошта яго прымушаюць піць? Ён не хоча піць. Яму неабходна падумаць. Хіба паліцэйскі-веласіпедыст не сказаў ім, што Мэгрэ - дэтэктыў і яму даручана выключна сур'ёзная справа?

Ніхто не верыў яму. Вось у чым загана камісара паліцыі. Мэгрэ сам, ён здольны ісці, ён не хоча, каб яго неслі! І мадам Мэгрэ - не лепшая! Чаму гэта яна, похапкам сцелючы пасцель, разрагаталася?

Не пярэчце, не пярэчце, яна смяялася! Гэткага нервовага смеху ён яшчэ не чуў.

Хіба ён мог паводзіць сябе іначай? Дайце яму падумаць. Падайце аловак і паперу. Не мае значэння, які-небудзь шматок паперы. Дзякуй.

Уявіце, што гэта лінія - вуліца Шапталь... Яна вельмі кароткая... Добрая... Трошкі за гадзіну ночы, і анікога на вуліцы...

Выбачайце, ёсць Дэдэ, за рулём свайго шэрага аўтамабіля. Заўважце, Дэдэ не заглушыў матора. Чаму? Мажлівы дзве прычыны гэтага. Першая: што ён спыніўся толькі на некалькі хвілін. Другая, што ён намерваўся рушыць з месца без ніякіх затрымак. Бо машыну, асабліва калі халаднавата - а ў красавіку ночы даволі золкія, - цяжка завесці з першага абароту.

Не перабівайце, калі ласка! Вось гэта лінія, значыць, вуліца Шапталь. А маленькі квадрацік на ёй - дом Бальтазараў. Так-так, Бальтазараў - гэтае прозвішча болей адпавядае ісціне, чым прозвішча Жандро. Урэшце, усё гэта - сям'я Бальтазараў, грошы Бальтазараў, драма Бальтазараў.

Раз машына Дэдэ стаіць ля гэтага дома, значыць, ёй трэба стаяць тут. Чаму? Хутчэй за ўсё, у ёй прыехаў граф і павінен паехаць у ёй назад.

Справа дужа сур'ёзная. Не перабівайце... І ні да чаго класці яму на галаву немаведама што! Як і гатаваць вар на кухні! Ён выдатна чуе, як на кухні кіпіць вада. Няма чаго рабіць, дык кіпяцяць ваду, а гэта, урэшце, раздражняе, замінае думаць.

Ці граф наведваўся да Эліз калі-небудзь у суправаджэнні Дэдэ? Як важна было б ведаць гэта! У процілеглым выпадку, гэты візіт а гадзіне ночы быў візіт спецыяльны, з нейкай акрэсленай мэтай.

Чаму мадам Мэгрэ разрагаталася? Чым ён гэтакі смешны? Ці і яна таксама думае, што ён бавіўся з дзеванькамі?

Гэта Жустэн Мінар спаў з Жэрменай. Канешне, яна не ўпусціла яго, і яшчэ доўга будзе пагульваць з ім. А як жа Кармэн? Ён ніколі не бачыў яе. На свеце столькі людзей, якіх ён ніколі не бачыў.

Гэта несправядліва. Раз ён вядзе сакрэтнае следства, то павінен мець права сустракацца з усімі на свеце, каб як след зразумець іх учынкі.

Вярніце яму яго аловак. Вось гэты квадрат - пакой. Пакой Эліз, само сабой. Мэбля не мае значэння, ні да чаго маляваць мэблю. Яна толькі заблытае ўсё. Хіба толькі начны столік, таму што ў шуфлядцы ці наверсе на століку ляжыць рэвальвер.

Цяпер усё залежыць адно ад аднаго. Эліз спала ці не спала. Чакала яна графа ці не чакала яго? Калі спала, то мусіла дастаць рэвальвер з шуфлядкі.

Ды не цісніце на галаву, чорт пабяры! Немагчыма ж думаць, калі на галаву ўскараскваюцца з бог ведае якім грузам!

Няўжо настаў дзень? Хто гэта! У пакой зайшоў нейкі чалавек, маленькі лысы мужчына. Такі знаёмы твар!.. Але Мэгрэ не можа прыпомніць, як завуць гэтага чалавека. Мадам Мэгрэ размаўляе шэптам. Потым яны запіхваюць Мэгрэ ў рот нейкую халодную рэч.

Злітуйцеся, даражэнькія!.. Ён мусіць вывесці ўсіх на чыстую ваду, бо, калі ён трапіць у нерат, Эліз Жандро першая захіхікае яму проста ў твар і ўпікне, што ён бяссільны зразумець іх свет, бо не з'яўляецца членам клуба Гоша.

Неабходна сканцэнтравацца на лесвічнай пляцоўцы. Вось маленькі кружок - гэта Эліз. У іхняй сям'і толькі жанчыны наследуюць характар старога Бальтазара, пустэльніка з авеню дзю Буа. Стары сам так сцвярджаў, а хто ж лепей разбіраўся ў гэтым?

Дык вось: чаму яна кідаецца да акна, расхінае шторы і кліча на дапамогу?

Хвіліначку, хвіліначку, месье камісар... Не забывайце пра Мінара флейтыста, бо менавіта Мінар парушыць планы...

Ніхто не паспеў выйсці з дому, калі Мінар пазваніў у дзверы, а менавіта тады, як ён вёў перагаворы з Луі, з лесвіцы данёсся мужчынскі голас: «Не марнуйце часу, Луі!»

І легкавушка Дэдэ рванулася з месца. Увага! Яна знікла не назусім. Толькі зрабіла круг вакол квартала. Значыць, Дэдэ некага чакаў.

Але вось ён вярнуўся. І што, ён толькі праехаў па вуліцы? Нідзе не спыніўся? Ці сеў у машыну той чалавек, якога ён чакаў?

Чорт пабяры, хай пакінуць яго ў спакоі! Ён не жадае болей піць. З яго даволі! Ён працуе. Чуеце? Я працую!

Я ўзнаўляю ўсё ў памяці!

Яму душна. Ён адбіваецца. Ён нікому не дазволіць здзекавацца з яго, нават уласнай жонцы. Проста да слёз крыўдна. Яму сапраўды хочацца плакаць, гэта жорстка - так прыніжаць яго. Нельга пагарджаць ім і смяяцца з кожнага яго слова толькі таму, што ён сядзіць на тратуары.

Яму болей не давераць весці следства. Яму ж і гэту справу даручылі без асаблівай ахвоты. Хіба гэта яго віна, што, дзеля таго каб даведацца, што ў людзей наўме, ты часам вымушаны піць з імі?

- Жуль...

Ён адмоўна ківае галавой.

А вось ён возьме і не расплюшчыць вачэй - назло ім. Ён сціскае зубы. Ён хоча, каб твар яго меў злосны выгляд.

- Жуль, гэта...

- Ну, дружа Мэгрэ? - чуецца яшчэ нечы голас.

Клятва імгненна забыта. Мэгрэ адным рухам выпростваецца, і яго працінае такі боль, нібы ён урэзваецца ў столь. Ён інстынктыўна хапаецца рукой за галаву і здагадваецца, што яна ўся забінтавана.

- Выбачайце, месье камісар...

- Прашу прабачэння, што разбудзіў вас.

- Я не спаў.

Жонка таксама тут, яна ўсміхаецца яму і падае з-за спіны Лё Брэ нейкія незразумелыя знакі.

- Якая гадзіна?

- Палова адзінаццатай. Я толькі на рабоце даведаўся, што здарылася.

- Яны напісалі рапарт?

Рапарт на яго! Якая ганьба. Звычайна рапарты пісаў ён, і ён выдатна ведае, як гэта робіцца.

«Сёння ноччу ў дваццаць тры гадзіны сорак пяць хвілін, будучы на пасту на авеню дэ Ваграм, мы былі пакліканы...»

Затым радкі накшталт:

«...да нейкага суб'екта, які валяўся на тратуары і заявіў, што яго завуць Мэгрэ, Жуль-Амедэ-Франсуа...»

Камісар быў, як заўсёды, бадзёры, свежы, апрануты ва ўсё перламутрава-шэрае, з кветкай у пятліцы. Да Мэгрэ данёсся пах партвейну - камісар часам браў зранку чарку гэтага віна.

- Паліцыя на Паўночным вакзале паспела арыштаваць іх.

Ты глядзі! А ён амаль забыўся пра іх! І яму раптам так захацелася паўтарыць любімы выраз флейтыста: «Гэта не мае значэння!»

І ён сказаў бы праўду. Таму што для яго цяпер не мае значэння ні Дэдэ, ні Люсіль, ні нават баксёр, які, як павінна быць сказана ў рапарце, ледзь не забіў яго «тупым прадметам».

Яму няёмка ляжаць у ложку ў прысутнасці свайго шэфа, і ён высунуў ногі з-пад коўдры.

- Ляжыце спакойна.

- Я добра адчуваю сябе, паверце.

- Доктар гэтаксама думае. І тым не менее, вам неабходны яшчэ некалькі дзён спакою.

- Нізавошта!

У яго хочуць свіснуць распачатую ім справу. Яму ўсё ясна. Не, ён не дапусціць гэтага!

- Супакойцеся, Мэгрэ.

- Я спакойны, выключна спакойны. І ведаю, што кажу... Нішто не заміне мне пайсці куды трэба.

- Ды гэта ж не спешна. Я разумею вашу нецярплівасць, але што да вашай справы, паверце, будзе зроблена ўсё, што вы палічыце неабходным.

Ён сказаў «вашай справы», - ну канешне, ён жа пачцівы чалавек. Лё Брэ машынальна запаліў цыгарэту і збянтэжана паглядзеў на мадам Мэгрэ.

- Не саромцеся, калі ласка. Мой муж з ранку да вечара смокча сваю люльку, нават у ложку.

- Дарэчы, падай мне люльку.

- А можна?..

- Хіба доктар сказаў, што мне няможна паліць?

- Не, пра гэта ён нічога не гаварыў.

- У такім разе?..

Яна расклала на туалетным століку ўсё, што знайшла ў яго кішэнях, і прынялася набіваць яму люльку, потым падала яе разам з запалкамі.

- Пакідаю вас, - сказала яна і падалася на кухню.

Мэгрэ хацеў прыгадаць усё, пра што думаў усю ноч. Але ў галаве застаўся толькі цьмяны ўспамін, і, аднак, у яго было адчуванне, што ён наблізіўся да праўды. Максім Лё Брэ сеў на крэсла; адчувалася, што ён нечым заклапочаны. Ягоны сакратар павольна, паміж дзвюма зацяжкамі прамовіў:

- Граф д'Ансеваль мёртвы.

- Вы ўпэўнены? - спахмурнеўшы, спытаў ён.

- Я не маю доказаў, але гатовы паклясціся...

- Мёртвы... па якой прычыне?

- Гэта ў яго стралялі з рэвальвера.

- На вуліцы Шапталь?

Мэгрэ сцвярджальна кіўнуў галавой.

- Вы думаеце, што Рышар Жандро...

Пытанне зададзена ў лоб. Мэгрэ яшчэ не мог адказаць з усёй пэўнасцю. Эліз Жандро праз акно крыкнула ратаваць. Потым яе нехта адцягнуў назад. І толькі потым раздаўся стрэл.

- А пры чым Дэдэ ва ўсёй гэтай гісторыі?

- Ён чакаў на вуліцы за рулём «дыён-бутона».

- Ён сам прызнаўся ў гэтым?

- А няма ніякай патрэбы ў яго прызнанні.

- А жанчына?

- Гэта палюбоўніца графа, якога завуць проста Бобам. Між іншым, вы ведаеце гэта не горш за мяне.

Мэгрэ з радасцю садраў бы з галавы гэты недарэчны цюрбан павязкі, які толькі пераціскае скроні і лоб.

- Дзе яны цяпер? - запытаўся ён у сваю чаргу.

- Пакуль што пад следствам.

- Пакуль што?

- Зараз іх вінавацяць у вулічным узброеным замаху на жыццё. Відаць, ім можна было б інкрымінаваць і крадзеж.

- Чаму?

- У кішэнях памянёнага Дэдэ аказалася сорак дзевяць банкнотаў па тысячы франкаў кожная.

- Ён іх не ўкраў.

Камісар, відаць, зразумеў, што Мэгрэ меў на ўвазе, таму што азмрочыўся яшчэ болей.

- Вы хочаце сказаць, яму іх далі?

- Далі.

- Каб маўчаў?

- Так. Дэдэ быў няўлоўны ўвесь учарашні дзень да самага вечара. А калі зноў усплыў на паверхню, то, калі можна так сказаць, увесь ажно ззяў, яму не цярпелася прамантачыць хоць часціну гэтых грошай, што распіралі яго кішэні. У той жа час як Люсіль аплаквала смерць свайго палюбоўніка, Дэдэ святкаваў неспадзяванае ўзбагачэнне. Я быў з імі.

Бедны Лё Брэ! Ён ніяк не мог асвойтацца з пераменай, якая адбылася з Мэгрэ. Ён аказаўся падобны да тых бацькоў, якія прывыклі абыходзіцца са сваім дзіцем як з немаўляткам, і раптам выяўляюць, што перад імі даўно дарослы ўжо хлопец, які ўмее разважаць не горш за іх.

А можа?.. Мэгрэ паглядзеў на камісара, і нечакана ў душы яго варухнулася цьмянае падазрэнне. Мала-памалу гэтае падазрэнне перайшло ва ўпэўненасць.

Лё Брэ таму даверыў яму расследаванне, што разлічваў на няўдачу: дасць бог, яго сакратарык не знойдзе ніякіх канцоў.

І адбывалася ўсё такім чынам. Месье Лё Брэ-Курсэль, свецкі чалавек, не меў ніякага жадання, каб непакоілі другога свецкага чалавека, яго прыяцеля па клубу, тым больш - блізкую сяброўку яго жонкі, наследніцу ўсёй «Кавы Бальтазараў».

Пракляты флейтыст! Трэба ж было яму соваць нос у чужое проса!

Дзівосы, дый годзе, як усё, што мае адносіны да асабняка на вуліцы Шапталь, становіцца прадметам самай гарачай зацікаўленасці з боку прэсы, шырокай публікі, судовых засядацеляў - усіх гэтых дробных крамнікаў і банкаўскіх чыноўнікаў!

На жаль, камісар Лё Брэ не можа проста ўзяць і знішчыць рапарт на вачах свайго сакратара.

«Разумееце, дружа Мэгрэ...»

Трэба захоўваць карэктнасць. Гранічную асцярожнасць. Ніякіх скандалаў. Самае лепшае, калі б Мэгрэ ўвогуле нічога не высветліў. Тады, праз дзён колькі, калі ён з'явіцца ў камісарыяце, яго можна будзе сустрэць і паблажлівай усмешкай.

«Ну, вось бачыце, нічога страшнага. Не трэба падаць духам. Вы зрабілі ўсё, што маглі. Не ваша віна, што гэты флейтыст аказаўся пусты фантазёр і прыняў уяўнае за яву. А цяпер - за працу, старына! Абяцаю вам, што першая ж чарговая сур'ёзная справа будзе даручана вам».

А цяпер камісар занепакоены, вядома. Хто ведае, ці не шкадуе ён, што Мэгрэ тады прыгнуўся і гэтым змякчыў сілу таго ўдара? У такім разе ён бы залёг не на дзень і не на тыдзень...

Д'ябал! Якім толькі чынам гэты прайдзісвет і дазнаўся пра ўсё?!

Лё Брэ кашлянуў, нягучна, як толькі мог, абыякава перапытаў:

- Адным словам, вы абвінавачваеце ў забойстве Рышара Жандро?

- Не абавязкова яго. Магчыма, страляла яго сястра. А магчыма, Луі. Не забывайце, што флейтыст мусіў званіць, а потым доўга стукаць у дзверы, перш чым яму нарэшце адчынілі, і што дварэцкі быў пры поўным парадзе.

Прамень надзеі! Як цудоўна было б, калі б высветлілася, што стрэліў дварэцкі!

- А ці не здаецца вам найболей верагоднай гэта апошняя гіпотэза?

І ён пачырванеў, таму што Мэгрэ міжволі дапытліва паглядзеў на яго. І скорагаворкай прадоўжыў:

- Што да мяне, дык я ахвотна ўявіў бы сабе такую сітуацыю...

Ён са смакам вымавіў слова «ахвотна» - Мэгрэ мімаходзь адзначыў гэта.

- Бачыце, я сапраўды не разумею, што там трэба было графу...

- Ён бываў там і раней, як вам вядома.

- Так, вы мне ўжо казалі пра гэта. Я быў вельмі здзіўлены. Граф прапашчы чалавек. Яго бацька хоць і быў даведзены да галечы, але ўсё ж захоўваў яшчэ сякую-такую годнасць. Жыў ён у невялікай кватэры ў Лацінскім квартале і старанна пазбягаў людзей, з якімі сустракаўся ў юнацтве.

- Ён працаваў?

- Відаць, не. Дакладна не ведаю.

- А жыў з чаго?

- Прадаваў па меры магчымасці рэчы, якія засталіся: карціны, якую-небудзь старасвецкую табакерку, сямейныя рэліквіі. Мажліва, сёй-той з ягоных сяброў з ліку тых, што прыязджалі некалі ў замак на паляванне, час ад часу ананімна пасылалі яму грошы? Што ж да Боба, то ён махнуў рукой на ўсё, чым так даражыў яго бацька. Ён дэманстратыўна паяўляецца ў самых гнюсных прытонах. Неяк наняўся пасыльным у рэстарацыю «Вуазен» толькі дзеля таго, каб ставіць у няёмкае становішча сяброў сваёй сям'і, ад якіх браў гасцінцы. І ў рэшце рэшт дакаціўся да нейкай Люсіль і нейкага Дэдэ. Да чаго ўсё гэта я?

Мэгрэ не пажадаў працягнуць яму выратавальны круг.

- А! Ну гэтак. Відаць, той ноччу ён прыходзіў да Жандро з малапрыстойнай мэтай.

- Чаму?

- Той факт, што яго суправаджаў Дэдэ, які чакаў яго на вуліцы і нават не выключыў матор, даволі паказальны.

- Аднак у доме яго чакалі.

- Адкуль вы ведаеце?

- Вы мяркуеце, што ў процілеглым выпадку яму дазволілі б падняцца ў пакой да дзяўчыны? І чаму Луі а гадзіне ночы быў пры поўным парадзе?

- Дапусцім, яго чакалі, але ж гэта яшчэ не даказвае, што ён быў там жаданы госць. Магчыма, ён сапраўды папярэдзіў іх пра свой візіт.

- Не забывайце, што ўсё адбылося ў спальні.

- Хай! Я нават гатовы дапусціць, што Эліз вяла сябе неасцярожна з імі. Мы не маем права судзіць яе.

- Ага! Вось як!

- Магчыма, між імі нешта і было. Нягледзячы на ўсё, ён - граф д'Ансеваль, яго продкі былі саўладальнікамі замка, купленага старым Бальтазарам, адным з іх сялян.

- Гэта, канешне, магло зрабіць уражанне на ўнучку карабейніка.

- А чаму не? Але ж магло быць і другое: даведаўшыся, якое жыццё ён вядзе, ёй захацелася ўратаваць яго. Хіба гэта не верагодна?

Чаму Мэгрэ раптам апанавала абурэнне? У яго было такое ўражанне, быццам яму паказвалі ўсё яго расследаванне ў крывым люстры. Не падабаўся і ліслівы тон камісара, які нібыта завучваў з ім урок.

- Існуе яшчэ адна верагоднасць, - ціха прамовіў ён.

- Якая?

- Што мадэмуазель Жандро-Бальтазар хацела б да свайго багацця дадаць яшчэ і тытул. Вельмі прыемна стаць наследніцай замка д'Ансеваль. Але, магчыма, яна пачувала сябе там самазванкай? Я таксама правёў дзяцінства ў замку, дзе мой бацька быў усяго толькі ўпраўляючым. І я прыпамінаю, як сёй-той з новаспечаных багацеяў ганяўся за гэтым.

- Вы намякаеце, што яна хацела б выйсці замуж...

- За Боба д'Ансеваля, чаму б не?

- Я не хачу абмяркоўваць гэтае пытанне, але сходнае меркаванне, здаецца мне, занадта смелае...

- Пакаёўка гэтак не думае.

- Вы дапытвалі пакаёўку, нягледзячы на...

Ён ледзь не дадаў: «...на мае парады». Што азначала б: «Нягледзячы на маю забарону!» Але ён прамаўчаў, і Мэгрэ прадаўжаў:

- Нават, так сказаць, выкраў яе. Зараз яна ў двух кроках адгэтуль.

- Яна вам што-небудзь расказала?

- Нічога пэўнага яна не ведае, апроч аднаго: што мадэмуазель Жандро ўбіла сабе ў галаву стаць графіняй.

Лё Брэ пакорліва махнуў рукой. Яму было яўна не па сабе прызнаць пэўную страту годнасці сярод прыналежных да яго свету.

- Дапусцім. Гэта, зрэшты, нічога не мяняе ў ходзе падзей. Пагадзіцеся, што Боб мог весці сябе як хам.

- Мы не ведаем, што здарылася ў пакоі. Нам вядома толькі адно: нехта страляў.

- Аднак мы прыходзім да аднаго і таго ж вываду. Чалавек паводзіць сябе, ну, скажам... абуральна. Брат дзяўчыны ў тым жа доме, таксама як і стары слуга Луі. Дзяўчына кліча на помач. Адзін з мужчын чуе крык, паспешліва прыбягае і ў парыве абурэння хапае рэвальвер, які, як вы самі сцвярджаеце, ляжыць на туалетным століку.

Гледзячы на Мэгрэ, можна было падумаць, што ён гатовы згадзіцца з камісарам. Але, выпускаючы са сваёй люлькі адно з прыгажэйшых у сваім жыцці кольцаў дыму, ён ціха запярэчыў:

- Што б вы зрабілі на месцы таго чалавека? Уявіце, што ў вашай руцэ рэвальвер, з якога яшчэ курыцца дымок, як гэта пішуць у газетах. А на падлозе ляжыць забіты ці сур'ёзна паранены чалавек.

- Прымаючы гіпотэзу, што чалавек паранены, я паклікаў бы доктара.

- Гэта не было зроблена.

- І адсюль вы робіце вывад, што чалавека забілі?

Мэгрэ, нібыта сам спрабаваў разабрацца ва ўсім, цярпліва развіваў думку далей.

- Якраз у той момант чуецца стук ва ўваходныя дзверы. Гэта стукае прахожы, які пачуў крыкі аб ратунку.

- Згадзіцеся, дружа Мэгрэ, што мала прыемнасці ўблытваць у свае сямейныя справы першага лепшага.

- А з лесвічнай пляцоўкі гукаюць: «Не марнуйце часу, Луі!» Што ўсё гэта азначае?

Мэгрэ з цяжкасцю ўсведамляў, што цяпер ён кіраваў ходам размовы, што ролі ў пэўнай ступені памяняліся, што яго шэф усё часцей трапляў у даволі кепскае становішча.

- Тое, што чалавек быў яшчэ жывы, напэўна? А можа, у Эліз быў нервовы прыпадак? Дакладна не ведаю. Лічу, што ў сходных сітуацыях чалавекам апаноўвае разгубленасць. Луі вышпурнуў няпрошанага госця, заехаўшы яму кулаком па фізіяноміі.

- Не надта высакародны ўчынак з яго боку.

- І ніхто не выглядаў занадта разгубленым. Відаць, яны адразу скемілі, што тып, якога дварэцкі толькі што аддубасіў, заявіць у паліцыю. І яна не забавіцца і запатрабуе тлумачэнняў.

- Што вы і зрабілі.

- У іх распараджэнні быў пэўны час. Яны маглі патэлефанаваць уладам: «Вось, маўляў, што ў нас здарылася. Гэта не злачынства, а няшчасны выпадак. Мы вымушаны былі забіць вар'ята, які пагражаў нам». Думаю, менавіта і вы зрабілі б тое ж самае, месье камісар?

Як гэта мяняла сітуацыю - тое, што ён знаходзіўся тут, дома, ва ўласным ложку, у ложку, а не ў камісарыяце! За абабітымі дзвярыма ён не асмеліўся б сказаць і чвэрці з таго, што сказаў тут. Галава яго расколвалася на часткі, але якое гэта мела значэнне! Мадам Мэгрэ на кухні, мабыць, прыходзіла ў жах, чуючы, з якой упэўненасцю ён размаўляе. А ён нават пераходзіў у наступленне.

- Дык вось, месье камісар, якраз гэтага яны і не зрабілі. А зрабілі вось што. Спачатку труп ці параненага некуды перанеслі. Магчыма, у адзін з пакояў па-над стайняй - адзінае памяшканне, якое мне не паказалі.

- Гэта ўсяго толькі ваша меркаванне.

- Абгрунтаванае на тым факце, што, калі я прыйшоў, цела ў доме ўжо не было.

- А што, калі Боб пайшоў сам?

- Тады яго сябар Дэдэ ўчора не паклаў бы ў кішэню пяцьдзесят тысяч франкаў, і тым больш не рашыўся б выехаць у Бельгію разам з Люсіль.

- Магчыма, вы маеце рацыю.

- Такім чынам, шаноўныя пестункі лёсу з вуліцы Шапталь мелі ў сваім распараджэнні ўсяго з паўгадзіны. Гэтага ім аказалася дастаткова, каб навесці парадак, сцерці самыя нязначныя сляды таго, што адбылося. І ім прыйшла ў галаву амаль геніяльная думка. Найлепшы сродак звесці на нішто паказанне флейтыста, прымусіць паверыць, што ўсё гэта толькі трызненне п'янчужкі, пераканаць, што пакой, на які той паказваў, пусты. Гэта давала яшчэ адну перавагу. Мажліва, Эліз Жандро, нягледзячы на ўсё, была, груба кажучы, на мяжы істэрыкі. Паказаць яе ў ложку і запэўніваць, што яна спала? Прадставіць яе мне і сцвярджаць, што яна нічога не чула? І тое, і другое было б аднолькава рызыкоўна.

Яе запхнулі ў пакой служанкі, які, на шчасце, аказаўся не заняты. Хіба нейкі няшчасны паліцэйскі разбярэцца ў гэткіх тонкасцях?

І дастаткова будзе сказаць, што яе няма дома, што яна ў сваім замку ў Ньеўры. Нічога не чулі! Нічога не бачылі! Стрэл? Які стрэл? Дзе? Калі?

Людзі, якія швэндаюцца па вуліцах а гадзіне ночы, часта бываюць занадта ўзбуджаныя.

А назаўтра настане дзень. І хто пасмее ў чым-небудзь абвінаваціць Жандро-Бальтазараў?

- Вы суровы, Мэгрэ. - Лё Брэ ўздыхнуў, падняўся. - Але, магчыма, вы маеце рацыю. Ну што ж, я параюся з шэфам Вышукной.

- Вы лічыце, гэта неабходна?

- Калі сапраўды мела месца забойства, у што вы прымусілі мяне паверыць...

- Месье камісар! - прыціхла, амаль умольна аклікнуў Мэгрэ.

- Слухаю вас.

- Вы не маглі б пачакаць трошкі, ну хоць суткі?

- Толькі што вы амаль папракалі мяне ў тым, што я не пачаў дзейнічаць раней.

- Паверце мне, я магу ўстаць. Зірніце.

І, нягледзячы на пратэст Лё Брэ, ён адкінуў коўдру. Яго трошкі павяло ўбок, але ён устояў, збянтэжаны, што стаіць перад сваім начальнікам у адных сподніках.

- Гэта мая першая справа...

- І я віншую вас з тым запалам, з якім...

- Калі вы сёння заявіце ў Вышукную, то справу давядзе да канца група шэфа.

- Магчыма. Перш за ўсё, калі Боб забіты, трэба адшукаць яго труп.

- А калі ён мёртвы, то можна ж і пачакаць, праўда?

Ролі памяняліся зноў, і цяпер ужо камісар хаваў усмешку, адварочваючы галаву ўбок.

Мэгрэ, літаральна хвіліну назад гэткі з'едлівы і ўпэўнены Мэгрэ, цяпер у сподняй кашулі з чырвонай вышыўкаю на каўняры набыў раптам выгляд вялікага дзіцяці, якое бачыць, што яго ашукалі ў паабяцанай радасці.

- Мне зусім ні да чаго гэтая заваруха.

Мэгрэ памкнуўся сарваць з галавы павязку.

- Я магу хадзіць і закончыць расследаванне сам. Дазвольце мне толькі дапытаць Дэдэ і Люсіль, асабліва Люсіль. Што яны кажуць?

- Сёння раніцай, калі дзяжурны камісар дапытваў Дэдэ, той спытаў: «Жуль мёртвы?» Мяркую, ён меў на ўвазе вас.

- Калі да заўтра, да гэтай гадзіны я не спраўлюся, можаце перадаваць справу ў Вышукную.

Занепакоеная мадам Мэгрэ прыадчыніла дзверы і стала як укопаная, убачыўшы мужа на нагах.

У гэты момант у кватэру пазванілі. Яна пайшла адчыняць. Мэгрэ і камісар чулі, як яна з некім зашапталася на лесвіцы.

Калі яна вярнулася адна, Мэгрэ запытаў:

- Хто гэта?

Яна падала яму нейкі знак, але ён не зразумеў, і, калі перапытаў, ёй прыйшлося прызнацца:

- Музыкант.

- Ну, я пайшоў, - сказаў Лё Брэ. - Лічу, што будзе непрыстойна адмовіць вам у вашай просьбе.

- Выбачайце, месье камісар. Я хацеў бы яшчэ... Калі будзе дадзены ход падзеям і калі, так сказаць, разварочваць іх прымецца Вышукная, ці дазволіце вы мне, калі ў гэтым узнікне неабходнасць, звярнуцца да мадэмуазель Жандро?

- Спадзяюся, вам це здрадзіць пачуццё такту? Будзьце, аднак, вельмі асцярожны.

Мэгрэ свяціўся радасцю. Ён пачуў, як дзверы зачыніліся, і стаў апранацца. У пакой у суправаджэнні мадам Мэгрэ ўвайшоў Жустэн Мінар. Музыкант быў збянтэжаны, занепакоены.

- Вы паранены?

- А, дробязь.

- У меня нядобрыя весткі.

- Кажыце.

- Яна ўцякла.

Мэгрэ ледзь не разрагатаўся, настолькі разгублены быў флейтыст.

- Калі?

- Учора ўвечары ці, дакладней, сёння ноччу. Яна настаяла пайсці са мной у рэстарацыю «Клішы», даводзячы, што проста задыхаецца без музыкі і хоча паслухаць маю ігру.

Прысутнасць мадам Мэгрэ перашкаджала прызнанню. Тая зразумела і зноў знікла на кухні.

- Жэрмена сядзела на тым самым месцы, дзе і вы, калі прыходзілі да мяне. Мне было няёмка. Я не хадзіў абедаць, за цэлы дзень ні разу не заглянуў дадому, таму кожную хвіліну чакаў з'яўлення жонкі.

- І яна прыйшла?

- Прыйшла.

- І яны пачалі выясняць адносіны?

- Якраз у перапынку паміж выступленнямі. Я сядзеў за сталом. Жонка наляцела на Жэрмену, сарвала ў яе з галавы капялюшык і - у залобіцу.

- Іх папрасілі за дзверы?

- Абедзвюх. Я вярнуўся на эстраду. Самі разумееце, трэба было іграць, каб неяк згладзіць скандал. Але сварка працягвалася і на вуліцы. Да мяне потым падышоў гаспадар і папрасіў далучыцца, як ён сказаў, да свайго гарэма.

- Яны чакалі вас?

- Толькі жонка. Яна адвяла мяне дадому і замкнула туфлі, каб я не змог нікуды пайсці. Але гадзіну назад я ўсё-такі вырваўся, пазычыў туфлі ў канс'ержкі. Жэрмены ў гатэлі няма. Знікла разам са сваімі рэчамі. Што ж мы цяпер будзем рабіць? - закончыў ён.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.