Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Часціцы і мадальныя словы






Часціцы – дапаможныя словы, якія надаюць дадатковыя кантэкстуальныя сэнсавыя адценні словам, словазлучэнням, сказам, актуалізуюць іх семантычны патэнцыял. У адрозненне ад такіх непаўназначных слоў, як прыназоўнікі, злучнікі, што выконваюць пераважна сінтаксічныя функцыі, часціцы адыгрываюць роль своеасаблівага семантычнага каментатара іншых знамянальных моўных адзінак. У адпаведнасці з гэтай роляй яны падзяляюцца на тры асноўныя сэнсавыя групы, унутры якіх звычайна вылучаюць больш дэталёвыя падгрупы. Гэтыя групы ўключаюць, па-першае, часціцы, што выражаюць дадатковыя семантычныя адценні, па-другое, часціцы, якія выражаюць мадальныя адценні, па-трэцяе, часціцы, што абазначаюць эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні (гл.: КИСЕЛЕВ 1976).

Сярод часціц з дадатковым семантычным адценнем выдзяляюцца ўказальныя (вось, вунь, гэта), азначальна-ўдакладняльныя (амаль, акурат, іменна, проста, прыблізна, чыста, сапраўды, якраз), вылучальна-абмежавальныя (выключна, толькі, усяго, хаця, хіба і інш.). Сярод мадальных часціц адрозніваюць сцвярджальныя (так, але і інш.), адмоўныя (не, ні, ані), пытальныя (а, ну, няўжо, ці, хіба і інш.), параўнальныя (быццам, нібы і інш.), пабуджальныя (давай, няхай, ану і інш.). Эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы падзяляюцца на клічныя (вось, як, ну і інш.) і ўзмацняльныя (аж, і нават, дык ні, так і інш.). Некаторыя з пералічаных канкрэтных часціц з’яўляюцца полісемічнымі, ужываюцца ў розных выдзеленых падгрупах (параўн.: так, вось, ні і інш.). Некаторыя ж часціцы даволі шырока выкарыстоўваюцца ў значэнні слоў іншых граматычных класаў (часцін мовы), у прыватнасці, злучнікаў (параўн .: і, ні, але, ды, хаця і г.д.) і могуць лічыцца граматычнымі амонімамі. Значная колькасць часціц ужываецца як словаўтваральны і сінтаксічнаўтваральны сродак для пабудовы іншых лексем і граматычных канструкцый. Такімі часціцамі-кампанентамі ў беларускай мове служаць абы-, ані-, не-, ні-, -небудзь, - сьці (параўн .: абы-куды, аніхто, нехта, нішто, што-небудзь, хтосьці і інш.). Для ўтварэння аналітычных загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў ужываюцца часціцы давай, няхай, бы і інш. (параўн.: давай вырашаць, няхай прынясе, пайшоў бы і інш.). Асобныя часціцы выкарыстоўваюцца для выражэння сінтаксічных адносін у складаных сказах, г. зн. адыгрываюць, як ужо зазначалась, ролю злучнікаў, і для выканання марфалагічных функцый пры ўжыванні ў якасці прыставак (параўн.: не надта прыгожы і непрыгожы, ні які і ніякі, не было нікога ані і не было анікога і інш.). Прычым некаторыя былыя часціцы цалкам перайшлі ў разрад словаўтваральных афіксаў (параўн.: -ка, -небудзь, -сьці, -сь, -ся, -сьці, -та і інш. у словах дай-ка, калі-небудзь, хтосьці, штось, як-та і інш.).

Па свайму паходжанню часціцы падзяляюцца на невытворныя (параўн .: і, а, але, вунь, жа, не і інш.)і вытворныя, якія суадносяцца з адпаведнымі паўназначнымі словамі, а таксама з выклічнікамі (параўн.: выключна, гэта, давай, ах, ну, так і інш.). Праз спалучэнні дзвюх і болей аднаслоўных часціц утвараюцца састаўныя часціцы, што надаюць, як правіла, выказванню павышаную экспрэсію (параўн.: дык вось, абы толькі, куды там і інш.).

Да мадальных слоў у беларускай мове адносяцца нязменныя лексічныя адзінкі, якія выражаюць адносіны прамоўцы да рэчаіснасці ці да выказанага паведамлення. Мадальнасць з’яўляецца глабальнай семантыка-граматычнай катэгорыяй (гл.: MODALITÄ T UND MODUS 1994), якая можа выражацца граматычнымі формамі (катэгорыя ладу), дзеясловамі, часціцамі. Мадальныя словы ўключаюць у свой склад нязменныя моўныя адзінкі тыпу безумоўна, бясспрэчна, відавочна, мабыць, напэўна, сапраўды і інш., з дапамогай якіх перадаюцца разнастайныя значэні даверу / недаверу, пэўнасці / няпэўнасці, магчымасці / немагчымасці і г.д. Большасць мадальных слоў паходзіць ад слоў іншых часцін мовы, але практычна страціла іх зыходнае лексічнае значэнне, зрабілася, па сутнасці, іх амонімамі (параўн., напрыклад: назоўнікі праўда, факт і інш., кароткія прыметнікі вядома, магчыма і інш., прыслоўі зразумела, відавочна і інш., дзеясловы здаецца, мусіць і інш. і суадносныя з гэтымі рознымі часцінамі мовы адпаведныя мадальныя словы). Пры пераходзе лексем згаданага тыпу да мадальных слоў страчваецца іх граматычная зменнасць, мадальныя словы замацоўваюцца ў мове адной якой-небудзь формай. У якасці мадальных могуць ужывацца ўстойлівыя словазлучэнні тыпу па ўсёй верагоднасці, можа быць і інш. У сказе мадальныя словы сінтаксічна не звязваюцца з іншымі членамі сказа, што падмацоўваецца іх выдзяленне на пісьме знакамі прыпынку, а ў вусным маўленні – адпаведнай інтанацыяй.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.