Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Полацкае княства






ПАПОЎ М.А.

Першыя дзяржаўныя ўтварэннi на беларускай этнiчнай тэрыторыi: Полацкае і Тураўскае княствы

 

 

ЗМЕСТ

Полацкае княства. 2

Тураўскае княства. 7

Арганiзацыя кiравання i формы зямельнай уласнасцi. 10

 

 

Усяслаў Чарадзей (1044-1101)

Полацкае княства

Полацкае княства – адно з буйнейшых у сiстэме Русi. Яно займала звыш трэцi сучаснай тэрыторыi Беларусi. Полацак лiчыцца найстаражытнейшым горадам Беларусi, першы ўспамiн аб якiм сустракаецца ў «Аповесцi мiнулых часоў» пад 862 годам.

Рагвалод і Рагнеда (970-ыя гг.) Першым летапiсна вядомым полацкiм князем традыцыйна з’яўляецца Рагволод. Не вядома адкуль ён з’явiўся. Некаторыя даследчыкi трактуюць словы летапiсу «прыйшоў з-за мора» як сведчанне яго нарманскага (гэта значыць скандынаўскага, вiкiнгi) паходжання. Аднак далёка не ўсе гiсторыкi пагаджаюцца з такой думкаю. Выхад да мора праз Заходнюю Дзвiну даваў палачанам магчымасць падтрымлiваць даволi ажыўлёныя сувязi з паморскiмi славянамi, якiя жылi на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора. Гэтыя сувязi былi не толькi гандлёвыя, але i дынастычныя. З пазнейшай гiсторыi, напрыклад, вядома, пра шлюб полацкага князя Барыса з паморскай князёўнай Святохнай. Так што гэты полацкi валадар мог быць зусiм не вiкiнгам, а славянiнам. I ягонае iмя, дарэчы, можна разглядаць, як славянскае «валадар рога». Сучасны гiсторык Мiкола Ермаловiч выказаў дапушчэнне, што гэты полацкi валадар паходзiў з полацкага княскага роду i быў сынам княгiнi Прадславы, якая згадваецца ў летапiсы пад 945 годам. Ён мог быць запрошаны на княжанне да паморскiх славянаў i ўжо адтуль вярнуўся ў Полацк, пераняўшы яго ў спадчыну ад мацi. Яго лёс склаўся трагiчна. Так сталася, што да яго дачкi-прыгажунi Рагнеды пасваталiся гаспадары двух суседнiх княстваў: Яраполк з Кiева i Уладзiмiр з Ноўгарада. Мабыць памiж двумя цэнтрамi палiтычнай арыентацыi Рагвалод выбраў Кiеў. Таму Рагнеда ганебна адказала Уладзiмiру: «Не хачу разуць рабынiча.» Той сапраўды быў сынам князя Святаслава ад рабынi-ключнiцы Малушы, аднак абразiўся настолькi, што пайшоў вайною на Полацак. Спалiў горад. Забiў Рагвалода, яго жонку i абодвух сыноў, а Рагнеду праз гвалт узяў у жоны, даўшы ёй новае iмя Гарыслава. Па нейкiм часе, жывучы пад Кiевам у сяльцы Прадславiне, Рагнеда спрабавала адпомсцiць сваяму «мужу» за тое, што «бацьку яе забiў, зямлю ў палон ягоную ўзяў, а цяпер ня любiць нi яе, нi iх дзетак». Раз’юшаны Уладзiмiр хацеў пакараць няўдалую забойцу, аднак у абарону мацi нечакана выступiў яго старэйшы сын Iзяслаў. Яе з сынам выслалi ў спецыяльна пабудаваны для нiх горад – Заслаўль, дзе Рагнеда пастрыглася ў манахiнi пад iмем Анастасiя i памерла каля 1000 г.

Ізяслаў (988-1001). Менавiта з iмем Iзяслава звязваецца аднаўленне сваеасаблiвай аўтаномi Полаччыны ў рамках так званай «Кiеўскай Русi». Аб Iзяславе вядома няшмат. Нiканаўскi звод, а за iм i В.М. Тацiшчаў прыводзiць наступную характарытыку Iзяслава: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело, и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаясь от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпив». Памёр Ізяслаў у 1001 годзе, пражыўшы каля 23-25 гадоў. Паколькi Iзяслаў памёр яшчэ пры жыццi бацькi i не змог атрымаць у спадчыну вялiкае кiяўскае княжэнне, то яго нашчадкi па iснаваўшай традыцыi ўжо не мелi права дамагацца кiеўскага прастола. Ён не быў iх «вотчынай» – уладаннем бацькi. Гэта ў многiм прадвызначыла далейшае развiццё Полацкага княства i яго адносiны да iншых рускiх зямель.

Брачыслаў (1003-1044). Праз два гады пасля смерцi Iзяслава, як адзначана ў летапiсы, памёр яго сын Усяслаў. Новым полацкiм князем стаў Брачыслаў (1003-1044). Перыяд памiж 1003 i 1021 гг. зноў для нас пакрыты цемрай. У 1021 г. Брачыслаў раптоўна нападае на Ноўгарад, i з палоннымi варочваецца ў Полацак. Аднак на рацэ Судамiры яго чакаў з войскам Яраслаў, якi прыйшоў ад Кiева за 7 дзён. Брачыслаў пацярпеў паражэнне i збег у Полацак. Палонных наўгародцаў вызвалiлi i яны вярнулiся дадому.

Аб гэтай падзеi таксама ўпамiнаецца ў адной са скандынаўскiх саг, якая запiсана ў XII–XIII стст. Калi выключыць з яе шэраг фантастычных эпiзодаў, што характэрна для твораў падобнага жанру, то можна даведацца пра наступнае. Атрад варажскiх наймiтаў пад кiраўнiцтвам Эйдмунда, якi служыў у Яраслава i прымаў удзел у яго барацьбе з братам Святаполкам, пасварыўшыся з iм, пайшоў у Полацак да Брачыслава. Варагi, як быццам, i ўгаварылi Брачыслава напасцi на Ноўгарад i самi прынялi ў гэтым удзел. Пажывiўшыся нарабаванай здабычай нарманы пакiнулi полацкага князя, хутчэй за ўсё перад самай бiтвай на Судамiры.

Далейшыя падзеi развiвалiся даволi дзiўна. Яраслаў не пайшоў на Полацак, а запрасiў да сябе на перагаворы Брачыслава i прапанаваў яму: «Будзе же со мною за один». Брачыслаў згадзiўся i атрымаў за гэта два гарады – Вiцебск i Усвят. Затым, робiць вывад летапiсец, «воеваша Брячислав с великим Ярославом все дни живота своего». Бяручы ва ўвагу гэты выраз, можна дапусцiць, што полацкi князь у наступныя гады быў верным саюзнiкам вялiкага князя кiеўскага, падтрымлiваў яго ў барацьбе з Мсцiславам Тмутараканскiм, а таксама прыняў удзел у шэрагу паходаў Яраслава, напрыклад, супраць Лiтвы ў 1040 г. Можа, менавiта ў гэты час на балцка-славянскiм этнiчным памежжы была заснавана крэпасць Браслаў, названай так у гонар полацкага князя.

Усяслаў Чарадзей (1044-1101). Брачыслаў памёр у 1044 г. Яго княжацкае месца заняў сын Усяслаў Чарадзей – адна з найбольш яркiх фiгур полацкай гiсторыi. Сучаснiкi нiколi не былi да яго абыякавымi. Нават у першым паведамленнi аб заняццi iм полацкага княжацкага прастола летапiсец, парушыўшы стыль i манеру пагадовага апiсання найважнейшых падзей, палiчыў неабходным даць штрыхi да партрэта. Паводле слоў летапiсца мацi нарадзiла Усяслава з дапамогай «валхавання». Калi мацi нарадзiла немаўля, у яго на галаве аказалася язвена. Валхвы сказалi мацi яго: «Гэта язвена, навяжы на яго, няхай носiць яго да канца дзён сваiх. I носiць яго на сабе Усяслаў i да сяго дня; таму i нелiтасцiвы на кровапралiцце».

У першыя гады праўлення Усяслава на Русi адбылiся iстотныя палiтычныя змены. У 1054 г. памёр Яраслаў Мудры. Улада перайшла да яго сыноў – Iзяслава Кiеўскага, Усевалада Пераяслаўскага i Святаслава Чарнiгаўскага – сваеасаблiвага «трыўмвiрата».

Першапачаткова памiж пляменiкам i яго стрыечнымi дзядзямi iснавала згода. У 1060 г. Усяслаў прымаў удзел у паходзе супраць качэўнiкаў-торкаў.

У 1061 г. на паўднёвыя межы Русi ўпершыню напалi полаўцы. Яны нанеслi паражэнне Усеваладу Пераяслаўскаму. У той жа час памiж «трыўмвiратам» i iх пляменiкам Расцiславам успыхнула барацьба за Тмутаракань.

Выкарыстаўшы занятасць паўднёвымi справамi паўднёвымi справамi, Усяслаў «пачаў раць збiраць», i ў 1065 г. раптам напаў на Пскоў. У наступным 1066 г. зрабiў напад на Ноўгарад. Горад быў узяты i разрабаваны, знялi, нават, званы з галоўнай гарадской святынi – Сафiйскага сабара. Якiя прычыны падштурхнулi полацкага князя пайсцi на гэты крок пакрыты цемрай. Частка гiсторыкаў лiчыць, што да гэтага часу ў Полацку скончылася будаўнiцтва Сафiйскага сабора. Наспела неабходнасць аснасцiць яго рытуальным iнвентаром. Таму i давялося зрабiць рабаўнiцкi паход на Ноўгарад, каб зняць званы. Iншыя выказваюць меркаванне, што Усяслаў проста iмкнуўся пашырыць тэрыторыю княства i далучыць да яго Пскоў i Ноўгарад. Так цi iнакш, але ваенная акцыя Усяслава аказалася авантурай. Вiдаць, полацкi князь спадзяваўся, што Яраславiчы завязнуць у барацьбе з хiтрым i энэргiчным Расцiславам. Акрамя таго важкую ролю мог адыгрываць палавецкi фактар. Але Усяслаў пралiчыўся. Расцiслаў быў атручаны падасланым забойцам. Адразу ж пасля яго смерцi Iзяслаў, Святаслаў i Ўсевалад пайшлi супраць Усяслава. Стаяла суровая зiма з глыбокiм снегам («зиме сущее велице…и был снег велик»). Першым полацкiм горадам, якi апынуўся на iх шляху, быў Мiнск (Менск). «I падышлi да Мiнска, i мiнчане закрылiся ў горадзе. Гэтыя ж князi ўзялi Мiнск, забiлi ўсiх мужчын, а жанчын i дзяцей узялi ў палон». Так на лiстах летапiсу з’явiлася першае ўпамiнанне пра будучую сталiцу Беларусi.

Усяслаў не паспеў прыйсцi на дапамогу. Працiўнiкi сышлiся пазней у баi каля «Нямiзы» (3 сакавiка 1067 г.). «I быў бой люты, – занатаваў летапiсец, – i шмат людзей пала, i перамаглi Iзяслаў, Расцiслаў, Усевалад. Усяслаў жа кiнуўся ў бегства».

Больш вобразна апiсаў бiтву аўтар «Слова аб палку Iгаравым»:

На Немизе снопы стелют головами,

Молотят чепи харалужными,

На тоце живот кладут,

Веют душу от тела,

Немизе кроваве брезе

Не бологом бяхуть посеяни,

Посеяни костьми русских сынов.

Летапiс не апавядае, што сталася далей. Невядома, вярнулiся паўднёварускiя князi дадому, цi яны засталiся тут. Што сталася з Усяславам, з Полацкам? Вядома толькi, што супрацьстаянне аднавiлася летам таго ж 1067 года.

Яраславiчы стаялi лагерам пад Оршай i прапанавалi Усяславу, якi, вiдаць, стаяў з войскам на другiм беразе Дняпра, пачаць перамовы. Для гэтага Усяслаў павiнен быў пераплыць праз раку. Iзяслаў, Расцiслаў, Усевалад прысягнулi на крыжы полацкаму князю, што з iм нiчога не стане. Усяслаў паверыў. У лодцы з двумя сваiмi сынамi ён пераплыў праз Днепр. Там ён быў паланёны i адвезены ў Кiеў, дзе быў кiнуты ў турму разам з сынамi.

У наступным 1068 годзе браты Яраславiчы пацярпелi паражэнне ад полаўцаў у бiтве на рацэ Альцы. Калi вестка дасягнула Кiева, кiяўляне запатрабавалi ад свайго князя (Iзяслава) выдаць зброю i коней для абароны ад полаўцаў. Перапалоханы князь вагаўся. Тады людзi пайшлi да цямнiцы, дзе сядзеў Усяслаў, узламалi сцены i вызвалiлi яго. Iзяслаў вымушаны быў збегчы ў Польшчу. 15 верасня 1068 г. наперакор усiм законам аб прастоласпадчыннасцi вялiкiм князем кiеўскiм стаў полацкi князь Усяслаў. У «порубы» ён прасядзеў каля 14 месяцаў. Прабыў фармальным гаспадаром Русi Усяслаў да 2 мая 1069 года (гэта значыць сем з паловай месяцаў). I зноў дзейнасць Усяслава ў якасцi вялiкага князя кiеўскага для нас пакрыта покрывам няведання. Патаемна ноччу ён бяжыць з лагера пад Белгарадам у Полацак.

Вярнуўшыся ў Кiеў, Iзяслаў жорстка расправiўся з тымi, хто падтрымлiваў Усяслава. Затым рушыў на Полацак, дзе пасадзiў свайго сына Мсцiслава. Аднак той неўзабаве памёр i на яго месца сеў другi сын Iзяслава – Святаполк.

Што рабiў у гэты час Усяслаў дакладна не вядома. Ёсць сведчаннi, што полацкi князь апынуўся далёка на поўначы ў фiнскiм племенi водзь i нават спрабаваў захапiць Ноўгарад, але пацярпеў паражэнне.

У 1071 г. Усяславу ўдалося выбiць на нейкi час з Полацка Святаполка, але ў бiтве пад Галоцiчаскам (дакладнае месцазнаходжанне гэтага пункта не ўстаноўлена) ён зноў пацярпеў паражэнне ад трэцяга сына Iзяслава – Яраполка. Гэтай бiтвай i завяршылася адкрытая барацьба Усяслава з кiеўскiм князем.

Наступныя ўпамiнаннi ў летапiсах аб полацкiх справах адрознiваюцца яшчэ большай фрагментарнасцю. Па iх можна меркаваць, што абодва князi не толькi памiрылiся, але i праявiлi ўзаемнае iмкненне да саюзу.

У 1073 г. Усяслаў сасватаў свайго сына, будучага мiнскага князя Глеба з дачкой Яраполка – Анастасiяй, унучкай кiеўскага князя Iзяслава. Гэты акт, безумоўна, замацоўваў новы палiтычны саюз, таму што самi заручаныя былi яшчэ немаўлятамi. Просты падлiк паказвае, што Анастасiя толькi нарадзiлася ў тым годзе (летапiс пазней пад 1159 г. адзначыць, што Анастасiя памерла ва ўзросце 84 гадоў).

Вiдавочна праз гэты шлюб Усяслаў дамогся ад Iзяслава згоды на вяртанне сабе Полацкага княства.

У саюзе кіеўскага і полацкага князёў Святаслаў і Ўсевалад убачылі пагрозу сваёй уладзе. У выніку іх сумеснага выступлення Ізяслаў вымушаны быў зноў збегчы ў Польшчу.

У той жа час Усяслаў напаў на Смаленск. Супраць полацкага князя новыя ўладары Русі накіравалі Ўладзіміра Манамаха (сына Ўсевалада Яраславіча Переяслаўскага), які здзейсніў ў 1077 і ў 1078 г два паходы. Не застаўшы Ўсяслава ў Смаленску, як піша Манамах у сваім “Павучанні”, ён “пажог зямлю і з боем прайшоў да Лукомля і Лагойска, затым на Друцк з боем жа”.

Праз сем гадоў у 1084 (або 1085) годзе Уладзімір Манамах здзейсніў новы паход, пад час якога захапіў Мінск, не пакінуўшы ў ім “ні чэлядзіна, ні жывёліны”. Зруйнаванне Мінска ў 1084 (1085) годзе з’яўляецца апошняй вядомай падзеяй з палітычнай гісторыі Полаччыны ХІ стагоддзя.

Усяслаў Чарадзей памёр 14 красавiка 1101 года.

Гістарычны партрэт Усяслава Чарадзея. Нiводны палiтычны дзеяч Заходняй Русi не меў такой папулярнасцi i пашаны, як Усяслаў. Яго слава i вядомасць выйшлi далёка за межы Полацкай дзяржавы, а сам ён набыў рысы агульнарускага былiннага героя. Аднак, калi строга iсцi за летапiсам, то перад намi – перш за ўсё князь-няўдачнiк, трус, рабаўнiк i авантурыст. Разбойны напад на Пскоў i Ноўгарад, страшэннае паражэнне на Нямiзе, недарэчнае паланенне пад Оршай i нiчым невытлумачальнае бяздзеянне яго дружыны, якая не заступiлася за свайго князя, амаль паўтарагадовы палон у кiеўскага князя, незразумелы ўцёк ад апалчэння напярэдаднi бiтвы з Iзяславам, якi выглядае як звычайная трусасць i здрада, пазбаўленне асабiстай вотчыны i зноў – няўдалая барацьба за яе, паражэнне пад Ноўгарадам i Галоцiчаскам, прымiрэнне з ворагам i амаль поўнае знiкненне з палiтычнай арэны. Такое ўражанне складваецца пасля чытання «Аповесцi мiнулых гадоў». Чаму ж тады яго iмя праз 120 гадоў з захапленнем будзе ўспамiнаць аўтар «Слова аб палку Iгаравым»? Тут ён храбры воiн, iмклiвы коннiк, здольны пераўтварацца ў ваўка i «перарыскаць» (перагнаць) самаго Хоса – аднаго з язычнiцкiх багоў старажытных славян, бога сонца. У апавяданне пра Усяслава аўтар «Слова…» на першае месца паставiў найбольш важны, на яго думку, эпiзод з жыцця князя – пачатак княжання ў Кiеве.

Цi можна лiчыць выбранне Усяслава кiеўскiм князем у трагiчны для Русi перыяд пасля паражэння ад полаўцаў выпадковым? Можа ў народным разуменнi ён з’яўляўся зусiм не тым князем-недарэкай, якога малюе нам летапiс? Што ж такое ўтаiла афiцыйнае летапiсанне? Нам застаецца толькi згадвацца.

Выдатны гiсторык Эдуард Мiхайлавiч Загарульскi лiчыць, што ўжо да 1068 г., Усяслаў Чарадзей паказаў сябе блiскучым паўкаводцам. Славу яму прынеслi перамогi над Лiтвой i выхад Полацкага княства да Балтыйскага мора (с.71).

Пачатак феадальнай раздробленнасці. Барыс Усяславіч (1101-1128). Год смерцi Усяслава (1101) прынята лiчыць пачаткам удзельнага перыяда ў гiсторыi Полацкага княства.

Верагодна, многія з сыноў атрымалі розныя воласці яшчэ пры жыцці бацькі як намеснікі. Пасля яго смерці гэтыя землі і гарады становяцца іх вотчынамі. Такі прынцып быў замацаваны ў 1097 г. на з’ездзе князёў у Любечы («каждо да держит отчину свою»).

Летапіс згадвае сем імёнаў сыноў Усяслава: Барыс, Глеб, Давыд, Рагвалод, Раман, Расціслаў, Святаслаў. Але паколькі князі мелі двайное імя – свецкае і царкоўнае, колькасць сыноў верагодна не супадае з колькасцю вядомых нам імёнаў. Напрыклад, большасць гісторыкаў лічыць, што Барыс і Рагвалод – гэта адна асоба.

Менавіта старэйшы сын Усяслава – Барыс-Рагвалод і стаў полацкім князем у 1101 г.[1]

Мінскім князем стаў Глеб. Гіпатэтычна магчыма дапусціць, што ў Лагойску стаў валадарыць Давыд, у Віцебску – Святаслаў.

Мінскае княства пры Глебе Ўсяславічы (1101-1118). У пачатку ХІІ ст. назіраецца ўзрост магутнасці Мінскага ўдзельнага княства, дзя, як ужо адзначалася, валадарыў Глеб Усяславіч. У 1104 г. войска паўднёва-рускіх князёў асадзіла Мінск. Аднак горада ім узяць не ўдалося. Праз 12 гадоў (1116 г.) спроба скарыць непакорлівага мінскага князя была прадпрынята вялікімі князем кіеўскім Уладзімірам Манамахам (1113-1125). Летапіс павядамляе: “Хадзіў Уладзімір на Глеба. Глеб жа ваяваў з дрыгавічамі, Слуцк спаліў і не каяўся ў гэтым, не выказваў пакорнасці, але яшчэ болей пярэчыў Уладзіміру, папракаючы яго. Уладзімір жа, спадзяючыся на Бога і на праўду, пайшоў да Мінска з сынамі сваімі і з Давыдам Святаславічам і Вольгавічамі. І ўзяў Вячаслаў Оршу і Копысь, а Давыд з Яраполкам узялі Друцк на шчыт. А Уладзімір сам пайшоў да Смаленску; і зачыніўся Глеб у горадзе. Уладзімір жа пачаў ставіць ізбу ў сваёй стаянцы супраць горада. Глеб жа, убачыўшы ўсё гэта, жахнуўся і стаў слаць да Ўладзіміра паслоў з просьбамі не праліваць кроў. Уладзімір напярэдадні посту замірыўся з ім. Глеб жа, выйшаўшы з горада з дзяцьмі і дружынай пакланіўся Ўладзіміру і дамовіўся з ім аб міры. І абяцаў Глеб ва ўсім слухацца Ўладзіміра. Уладзімір жа, даўшы мір Глебу і настаўленне аб усім, даў яму Мінск, а сам вярнуўся ў Кіеў”.

Аднак перамір’е паміж Глебам і Ўладзімірам Манамахам не было доўгім. Неўзабаве мінскі князь зрабіў штосьці, пасля чаго вялікі князь кіеўскі у 1118 годзе зноў падышоў да Мінска. “Аповесць мінулых гадоў” суха адзначае, што Ўладзімір Манамах “узяў Мінск у Глеба Ўсяславіча, самога прывёў у Кіеў. У тым жа годзе памёр Глеб Усяславіч у Кіеве, 13 верасня”.

Вайна 1127 (1128) года. Аднак барацьба паміж Полацкам і Кіевам на скарэнні Мінска не скончылася.

Пад 1127 (ці 1128) годам “Аповесць мінулых гадоў” занатоўвае: “Паслаў князь Мсціслаў братоў сваіх на крывічоў чатырма шляхамі. Вячаслава – з Турава, Андрэя – з Уладзіміра, а Ўсевалада – з Гродна і Вячаслава Яраславіча – з Клецка. Тым павялеў ісці да Ізяслаўля. А Ўсеваладу Алегавічу павялеў ісці са сваімі братамі на Стрэжаў да Барысава, і Івана Ваіцешыца таксама паслаў з торкамі, і сына свайго Ізяслава з Курска са сваім палком паслаў яго на Лагойск, а другога сына свайго Расціслава паслаў са смалянамі на Друцк. Сказаў ім у адзін дзень усім пачаць нападзенне месяца жніўня ў 4 дзень…”.

Полацк пайшоў на замірэнне. Напэўна, ў пачатку 1127 (ці ў пачатку 1128) года памёр Барыс Усяславіч. Па традыцыі полацкі прастол перайшоў да наступнага па старшынству брата – Давыда[2]. Менавіта нейкія яго мерапрыемствы, выклікалі паход у жніўні 1127 (1128) года на Полацк.

Калі ў Полацку стала вядома аб захопе Лагойска і Заслаўля, веча выгнала з горада Давыда Ўсяславіча разам з яго сынамі і накіравалі паслоў да Мсціслава Ўладзіміравіча (1125-1132) у Кіеў. Паслы прывезлі з сабою ў Кіеў новага полацкага князя Рагвалода, сына памёршага Барыса Ўсяславіча. Мсціслаў згадзіўся. Было заключана пагадненне, якое суправаджалася “крестным целованием”. Верагодна гэтая дамова прадугледжвала таксама абавязак удзела полацкай дружыны у паходах супраць полаўцаў.

Аднак ужо ў наступным годзе (1129 г.) Полацк наадрэз адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Паводле В.М. Тацішчава адмова гучала наступным чынам: “Ты з Бонаком Шолудяком здравствуйте оба и управляйтесь сами, а мы имеем дома, что делать”.

Мсціслаў, здзейсніўшы паспяховы паход супраць полаўцаў, накіраваў войска на Полаччыну. Ваяводы атрымалі загад ні гарадоў, ні людзей не кранаць і “крыві рускай не праліваць”, а прывезці ў Кіеў выключна адных князёў.

Створаны вялікім князем кіеўскім суд рускіх князёў пастанавіў саслаць непакорлівых палачан у Візантыю. На трох суднах з суправаджальным лістом на імя імператара Іаана, зяця Мсціслава, іх адправілі ў Царград (Канстанцінопаль)[3]. У Полацк былі накіраваны сыны кіеўскага князя Ізяслаў і Святаполк Мсціславічы. У 1132 годзе пасля смерці Мсціслава Вялікага і пачатку новай міжусобнай барацьбы, на Радзіму вярнулася некалькі полацкіх князёў, якія аднавалі сваю ўладу ў Полаччыне.

Полацкае княства ў другой палове ХІІ стагоддзя. Да сярэдзіны ХІІ ст. адносіцца новае ўзвышэнне Менска. Менск быў галоўным ўладаннем патомкаў Глеба Ўсяславіча. Глебавічы мелі намер зацвердзіцца ў Полацку. У 1151 г. палачане саслалі свайго князя Рагвалода ў Мінск, дзе трымалі ў вялікай нястачы. На вызвалены трон полацкае веча запрасіла менскага князя Расціслава Глебавіча. Менскім князем стаў брат Расціслава – Валадар. Другі брат – Усевалад – стаў князем у Заслаўі. Сын Расціслава – Глеб – княжыў у Друцку. Такім чынам, Расціславу Глебавічу ўдалося аб’яднаць пад сваёй уладай значную частку Полацкай зямлі.

Тым часам Рагвалод Барысавіч з дапамогай чарнігаўскага войска вярнуў сабе Друцк. У Полацку Рагвалод Барысавіч таксама меў прыхільнікаў. З іх дапамогай ён у 1158 г. зноў заняў полацкі трон. Расціслаў Раманавіч вымушаны быў збегчы ў Мінск да брата Валадара. Пачалася вайна.

Рагвалод асадзіў Мінскі дзядзінец. Аднак пасля 10 дзён аблогі вымушаны быў ні з чым вярнуцца назад.

 






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.