Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Глава 24 дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці






Артыкул 244. Асаблівасці культурнай дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці ажыццяўляюць культурную дзейнасць на базе дзяржаўных, прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, адукацыi, арганізацый розных формаў уласнасцi, грамадскiх аб’яднанняў, творчых саюзаў i iншых арганізацый.

Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці могуць ажыццяўляць сваю дзейнасць у якасці структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы або ў іншых формах, прадугледжаных заканадаўствам.

Удзельнікі непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць у вольны ад асноўнай працы або вучобы час на аснове прыёму (запісу) у такі калектыў, што праводзіцца на аснове дабраахвотнага волевыяўлення фізічнай асобы, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу), які праводзіцца кіраўніком калектыву.

Колькасць удзельнікаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці павінна адпавядаць жанраваму накірунку, формам і характару дзейнасці калектыву пры фарміраванні рэпертуару, выкананні твораў мастацтва, вырашэнні мастацкіх задач, правядзенні вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай і выставачнай дзейнасці, садзейнічаць творчаму развіццю непрафесійныга (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Формай самакіравання ў непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці выступае мастацкі савет, які дзейнічае з мэтай каардынацыi арганiзацыйнай, вучэбна-творчай i канцэртнай дзейнасцi і складаецца з удзельнікаў гэтага калектыву.

Мастацкі савет непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці выбіраецца шляхам галасавання на агульным сходзе членаў калектыву большасцю галасоў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў гэтага калектыву.

Артыкул 245. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

добраахвотнасць;

агульнасць iнтарэсаў;

даступнасць;

спалучэнне асабiстай iнiцыятывы, арганiзацыi i самакіравання.

Асноўнымі мэтамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

адраджэнне, захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай традыцыйнай культуры;

далучэнне грамадзян да культурных традыцый розных рэгіёнаў рэспублікі, лепшых узораў айчыннай і сусветнай культуры, твораў сучаснага мастацтва;

стварэнне, захаванне i распаўсюджванне культурных каштоўнасцей і шырокае далучэнне да ўдзелу ў творчасці розных сацыяльных груп насельніцтва;

папулярызацыя твораў прафесійных і самадзейных аўтараў, стварыўшых творы, якія атрымалі агульнаграмадскае прызнанне;

набыццё ведаў і навыкаў у розных відах мастацкай творчасці, выяўленне i гарманічнае развiццё творчых здольнасцей асобы, стварэнне ўмоў для яе сацыялiзацыi i самарэалізацыі;

арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва i задавальненне культурных запатрабаванняў грамадзян.

Артыкул 246. Правы і абавязкі непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і іх заснавальнікаў

Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці маюць права:

самастойна вызначаць жанравы напрамак, форму культурнай дзейнасцi, склад удзельнікаў, рэпертуарную палітыку;

ажыццяўляць навучальна-творчую, рэпетыцыйную і іншую дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку канцэртаў, спектакляў і іншых публічных паказаў, выставак і іншых культурных мерапрыемстваў;

ажыццяўляць канцэртную, тэатральную і выставачную дзейнасць, удзельнічаць у фестывалях, аглядах, конкурсах і іншых культурных мерапрыемствах;

удзельнічаць у выкананні сацыяльна-творчых заказаў.

Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці абавязаны мець назву.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці павінна адлюстроўваць жанравы напрамак (спецыфiку), форму (характар) культурнайдзейнасці калектыву, пры наяўнасці арыгiнальную назву (не павiнна мець аналагаў у межах вобласцi), базавую прыналежнасць (поўная назва базавай арганізацыі згодна з палажэннем або статутам гэтай арганізацыі), тэрытарыяльную прыналежнасць.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, у склад якой уваходзiць больш за семдзесят пяць працэнтаў удзельнiкаў, якiя працуюць ва ўстановах культуры, навучальных установах культуры i мастацтва i пры гэтым маюць адукацыю ў пэўных відах мастацтва, можа адлюстроўваць якасны склад удзельнікаў.

Адказнасць за дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці нясе яго заснавальнік.

Арганізацыя-заснавальнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці:

ажыццяўляе фiнансавае i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці (забяспечвае памяшканнем, музычнымi iнструментамi, сцэнiчнымi касцюмамi, інструментарыем, абсталяваннем, іншымі тэхнiчнымi сродкамi, неабходнымі для правядзення вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай і (або) выставачнай дзейнасцi, выраб рэкламнай прадукцыі, набыццё рэпертуарна-метадычнай лiтаратуры);

ажыццяўляе арганiзацыйнае забеспячэнне дзейнасці непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці (стварае ўмовы для выставачнай, канцэртнай дзейнасцi, удзелу ў святах, аглядах, фестывалях, конкурсах, вядзе ўлiк вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай i выставачнай дзейнасцi i ажыццяўляе адпаведны кантроль, садзейнiчае развiццю творчых здольнасцей i культурнаму адпачынку ўдзельнiкаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці);

прымае рашэнне аб матэрыяльным i маральным заахвочваннi кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці;

садзейнічае павышэнню прафесiйнага ўзроўню кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Артыкул 247. Абавязкі кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці

У абавязкi кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ўваходзiць:

вырашэнне пытанняў арганiзацыйнай, вучэбна-творчай i выхаваўчай работы з непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці;

ажыццяўленне прыёму (запісу) удзельнiкаў у непрафесійны (аматарскі) калектыў мастацкай творчасці, у тым ліку правядзенне пры неабходнасці папярэдняга адбору (конкурсу);

вядзенне неабходнай арганiзацыйна-тэхнiчнай дакументацыi (запаўненне журнала ўлiку работы, састаўленне планаў i праграм вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай і выставачнай дзейнасцi непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці);

фармiраванне рэпертуару і канцэртных праграм непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці i яго салiстаў;

правядзенне iндывiдуальных, групавых i агульнакалектыўных рэпетыцыйных заняткаў згодна з раскладам;

забеспячэнне падрыхтоўкi i правядзення непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці канцэртных нумароў, спектакляў, выставак i іншых культурных мерапрыемстваў;

арганiзацыя ўдзелу непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ў аглядах, конкурсах, фестывалях, святах, iншых культурна-масавых мерапрыемствах;

наладжванне творчых кантактаў з iншымi калектывамi мастацкай творчасці;

ажыццяўленне фота-, вiдэа-, аўдыёфiксацыi выступленняў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці;

стварэнне i захаванне архiва матэрыялаў аб непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці (планы, справаздачы, альбомы, фота-, вiдэа-, аўдыёматэрыялы, праграмы, афiшы, рэклама, буклеты, матэрыялы перыядычнага друку);

вырашэнне пытанняў набыцця сцэнічных касцюмаў, музычных iнструментаў, рэквiзiту, метадычнай і рэпертуарнай літаратуры, iншых матэрыяльных каштоўнасцей, неабходных для творчай дзейнасці непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці;

удасканальванне асабiстага прафесiйнага ўзроўню;

стварэнне ўмоў бяспекi здароўя ўдзельнiкаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці падчас рэпетыцыйных, канцэртных выступленняў i канцэртных паездак, падтрыманне станоўчага маральна-псiхалагiчнага мiкраклiмату, забеспячэнне дысцыплiны i парадку ў калектыве.

У аб’ём працоўнага часу кiраўнiка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ўлiчваецца правядзенне iндывiдуальных, групавых i агульнакалектыўных рэпетыцыйных заняткаў, вучэбна-творчая, арганiзацыйна-творчая, канцэртна-сцэнiчная работа з калектывам, выставачная дзейнасць, самападрыхтоўка, работа са спецыяльнай літаратурай, падбор рэпертуару, музычнага, драматургічнага матэрыялу, аранжыроўка, апрацоўка, пераклад музычных твораў, выпіска партый, падрыхтоўка партытур, сцэнарыяў, складанне кампазiцый танцаў, удзел у аглядах, конкурсах, фестывалях, выстаўках і іншае.

Артыкул 248. Вучэбна-творчая і рэпетыцыйная дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці

Вучэбна-творчая i рэпетыцыйная дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці з’яўляецца неад’емнай часткай яго дзейнасцi, накiравана на падрыхтоўку канцэртных праграм, спектакляў, выставак, iншых культурных мерапрыемстваў i садзейнічае духоўнаму развiццю асобы.

Вучэбна-творчая i рэпетыцыйная дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці будуецца з улiкам спецыфiкi жанру i вiду культурнай дзейнасцi, ступенi развiцця выканаўчага майстэрства членаў калектыву, узроўню iх творчага патэнцыялу, асаблiвасцей рэпертуару i iншага.

Змест вучэбна-творчай i рэпетыцыйнай дзейнасцi непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці носiць планавы характар, вызначаецца мэтанакiраванасцю, спалучэннем розных вiдаў заняткаў (iндывiдуальных, групавых, агульнакалектыўных) i заключаецца ў авалоданнi тэарэтычнымi ведамi i практычнымi навыкамi ў пэўным вiдзе мастацтва.

План вучэбна-творчай i рэпетыцыйнай дзейнасці непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці рыхтуецца, як правіла, на перыяд з верасня па жнівень.

Для пастановачнай i кансультацыйнай работы ў непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці кiраўнiк калектыву са згоды заснавальніка гэтага калектыву мае права запрашаць балетмайстраў, хормайстраў, канцэртмайстраў, рэжысёраў, кампазiтараў, мастакоў i iншых спецыялiстаў.

Вынікам вучэбна-творчай i рэпетыцыйнай дзейнасці з’яўляецца канцэртная і выставачная дзейнасць, якая складаецца з:

правядзення канцэртных выступленняў, выставак, паказу спектакляў, фільмаў, удзелу ў iншых мерапрыемствах з мэтай дэманстрацыi творчых дасягненняў удзельнiкаў калектыву;

удзелу непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ў раённых, гарадскiх, абласных, рэгiянальных, рэспублiканскiх i мiжнародных аглядах, конкурсах, фестывалях i выстаўках.

Станоўчым вынікам вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай і выставачнай дзейнасці для непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці першага года існавання лічыцца:

актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца заснавальнікам;

правядзенне справаздачнага канцэрта, спектакля, прадстаўлення, дэманстрацыя фільма, выстаўкі за год.

Станоўчым вынікам вучэбна-творчай, рэпетыцыйнай, канцэртнай і выставачнай дзейнасці для непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці другога і наступных гадоў існавання лічыцца:

актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца заснавальнікам;

правядзенне канцэртнай і выставачнай дзейнасці не радзей як адзiн раз у два месяцы, пры гэтым для дарослых калектываў працягласць канцэртнага выступлення, спектакля, фільма, прадстаўлення павінна быць не менш за трыццаць хвілін, для дзіцячых калектываў – не менш за пятнаццаць хвілін;

правядзенне справаздачнага канцэрта, спектакля, прадстаўлення, дэманстрацыя фільма, выстаўкі за год з улікам аднаўлення рэпертуару або выстаўкі не менш чым на пятнаццаць–дваццаць працэнтаў штогод.

Артыкул 249. Аўтэнтычны фальклор

Аўтэнтычны фальклор – спецыфiчная галiна культуры, якая аб’ядноўвае ўсе вiды дзейнасцi – славесную, музычную, танцавальную, народныя абрады, народны тэатр, прыкладное мастацтва ў iх спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам выглядзе, без якiх-небудзь апрацовак. Аўтэнтычны фальклор функцыянуе ў натуральным асяроддзi, iснуе як вусная традыцыя, праяўляе сябе як калектыўная свядомасць, псiхалагiчна арыентаваная на непасрэдныя, нефармальныя адносiны.

Аўтэнтычны фальклор мае матэрыяльныя і нематэрыяльныя формы iснавання (праявы).

Да матэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца па-мастацку аформленыя прадметы побыту, прылады працы, касцюм, жыллё, мэбля, посуд, вырабленыя з прымяненнем мясцовых прыродных матэрыялаў (дрэва, глiны, саломы, лазы, iльну, воўны i iншых) па традыцыйных тэхналогiях.

Да нематэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца абрадавыя дзеяннi, гульнi, песенны, iнструментальны, танцавальны, празаiчны фальклор i iншае.

Захаванасць аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасцi ажыццяўляюць аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці.

Артыкул 250. Асаблівасці культурнай дзейнасці аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці у сваёй цэласнасцi цi асобных праявах з’яўляюцца:

адным з фактараў існавання праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры;

носьбітам адметных для традыцыйнай культуры з’яў i працэсаў;

вынiкам i сведчаннем недаследаваных працэсаў;

матэрыяльным аб’ектам i нематэрыяльнай з’явай, характэрнай для культуры нацыі.

Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці маюць:

адметныя, характэрныя для пэўнага рэгiёна краіны культурныя традыцыi;

традыцыйныя тапанiмiчныя назвы;

рэдкiя i адметныя ўзоры прадметаў побыту i iншага прызначэння пэўных гiстарычных перыядаў i рэгiёнаў, пэўных стылiстычных накiрункаў рэгiянальных i этнiчных асаблiвасцей традыцыйнага мастацтва, мастацкіх твораў розных вiдаў народнай творчасцi пэўнага гiстарычнага перыяду, рэгiёна i этнiчнай групы.

Назва аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна ўключаць словы ”аўтэнтычны фальклорны“.

Культурная дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна быць скіравана на захаванне ў натуральных умовах праяў аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасцi, такіх як:

абрады i звычаi каляндарнага i сямейна-бытавога цыклаў;

традыцыйныя формы адпачынку i заняткаў характэрнымi вiдамi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

уласцiвыя для спантанных праяўленняў традыцыйнай мастацкай культуры спевы, ігра на музычных інструментах, танцы, гульнi ў натуральным асяроддзі;

рэгiянальныя песенныя, iнструментальныя, танцавальныя, гульнёва-мастацкiя стылi;

традыцыйныя склады калектываў спевакоў, музыкантаў, танцораў;

перадача фальклорных ведаў i навыкаў дзецям i моладзi, якiя далучаюцца да традыцыйнай фальклорнай спадчыны сваёй мясцовасцi ў парадку вуснай традыцыі натуральным шляхам;

выраб нацыянальнага адзення ў мясцовых традыцыях;

iншыя праявы.

Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць ажыццяўляць дзейнасць на базе арганізацый культуры, грамадскiх аб’яднанняў, творчых саюзаў i iншых арганізацый.

Арганізацыя, на базе якой функцыянуе аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці, па магчымасці прадастаўляе асобнае памяшканне, абсталяванне, музычныя iнструменты, сродкi для фiксацыi твораў традыцыйнай культуры і пераводу іх у пiсьмовыя формы (аўдыё-, фота-, вiдэаапаратура і іншыя), дапамагае ў аднаўленні і стварэнні касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў, стварае iншыя неабходныя для забеспячэння культурнай дзейнасці фальклорнага калектыву ўмовы.

У штат установы культуры, на базе якой ажыццяўляецца культурнай дзейнасць аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, са згоды заснавальніка ўстановы культуры можа ўводзіцца штатная адзінка кіраўніка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці.

Артыкул 251. Кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці

Прыярытэтнымі патрабаваннямі да кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляюцца:

веданне і вывучэнне гiсторыi, этнаграфii, фальклору адмiнiстрацыйнага раёна, фальклорна-этнаграфiчных асаблiвасцей мясцовасцi, у якой працуе;

валоданне беларускай мовай i адным з вiдаў традыцыйнага мастацтва.

Кiраўнiк аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці:

садзейнiчае захаванню асяроддзя, неабходнага для натуральнага функцыянавання традыцыйных формаў мясцовай мастацкай культуры;

стварае ўмовы для пераходу розных вiдаў i жанраў традыцыйнай культуры з пасiўнага стану ў актыўныя формы iх бытавання. Асаблiвая ўвага пры гэтым надаецца каранёваму (абрадаваму) пласту;

непасрэдна ўдзельнiчае ў традыцыйных святах i абрадах;

актыўна далучае да мастацкiх традыцый дзяцей i моладзь;

iнiцыiруе вывучэнне традыцыйнага фальклорнага мастацтва;

падтрымлiвае мастацкае самапраяўленне носьбiтаў традыцый у iх спантанных формах у натуральным асяроддзi;

устанаўлiвае i падтрымлiвае дзелавыя i творчыя сувязi з іншымі фальклорнымі калектывамі, навукоўцамі, дзеячамi культуры і мастацтва, якiя займаюцца пытаннямi традыцыйнай культуры;

ажыццяўляе аўдыё-, фота- і вiдэафiксацыю твораў традыцыйнай культуры, робiць пiсьмовае апiсанне абрадавых дзеянняў, гульняў, песеннага, iнструментальнага, танцавальнага, празаiчнага фальклору розных жанраў (казкi, паданнi, легенды, былiчкi, прыказкi, прымаўкi) i iншых звычаяў і абрадаў;

стварае архiў аўдыё-, фота-, вiдэа-, пісьмова зафіксаваных твораў традыцыйнай культуры, прымае меры па яго захаваннi i пастаянным папаўненнi;

ініцыіруе арганiзацыю неабходнай фiнансавай, матэрыяльна-тэхнiчнай дапамогі для падтрымкi культурнай дзейнасцi аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці;

прымае іншыя меры па атрыманню метадычнага кансультавання, запісу, расшыфроўцы, распаўсюджванні і папулярызацыі твораў традыцыйнай культуры.

Прыярытэтным накiрункам дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляецца забеспячэнне дзейнасці гэтага калектыву з мэтай захавання аўтэнтычнага фальклору ў адпаведнасці са спецыфікай аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці.

Вынiкi дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці вызначаюцца па:

ступенi паўнаты i iнтэнсiўнасцi культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ва ўмовах мясцовай несцэнiчнай традыцыi (выкананні ў натуральных умовах каляндарных i сямейных абрадаў, наяўнасці аўтэнтычных касцюмаў, веданні мясцовых музычных, танцавальных традыцый, казак, паданняў, легенд i гэтак далей), садзейнiчанні ў перадачы ўсiх праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры дзецям i моладзi;

наяўнасцi створанага архiва твораў традыцыйнай культуры, фонд якога складаюць якасна зафiксаваныя рознымi тэхнiчнымi сродкамi матэрыялы ўсiх вiдаў i жанраў фальклору, характэрнага для дадзенай мясцовасцi.

Адказнасць за захаванне i рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных каштоўнасцей, якія выкарыстоўваюцца ў аўтэнтычным фальклорным калектыве мастацкай творчасці, нясе яго кiраўнiк.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.