Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Глава 22 культурныя мерапрыемствы






Артыкул 233. Культурныя мерапрыемствы, іх віды. Правядзенне культурных мерапрыемстваў

Культурныя мерапрыемствы – мерапрыемства, накіраваныя на паказ, распаўсюджванне i (або) папулярызацыю вынiкаў творчай дзейнасцi, распаўсюджванне i (або) папулярызацыю культуры.

Да культурных мерапрыемстваў адносяцца культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства, фестываль, конкурс, выстаўка, агляд, майстар-клас, канферэнцыя, пленэр, семінар і іншыя мерапрыемствы.

Забараняецца правядзенне культурных мерапрыемстваў, якія:

накіраваны на распаўсюджванне ідэй вайны і экстрэмісцкай дзейнасці;

прадстаўляюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;

праводзяцца з парушэннем патрабаванняў гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных праў.

Правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў у спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканнях ажыццяўляецца з улікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Артыкул 234. Культурна-відовішчнае мерапрыемства. Забароны і абавязкі грамадзян і арганізатараў культурна-відовішчнага мерапрыемства пры яго правядзенні

Культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства – тэатральная пастаноўка, канцэртная праграма, іншы вынік культурнай дзейнасці выканаўцаў або калектываў мастацкай творчасці, якiя разлiчаны на публiчнае выкананне.

Пры правядзенні культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства яго арганізатар (юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, якія ажыццяўляюць дзейнасць па правядзенню культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў) абавязаны:

забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць маёмасці;

абмежаваць колькасць грамадзян, прысутных на мерапрыемствы, з улікам праектнай умяшчальнасці сцэнічнай пляцоўкі (будынак, збудаванне (іх часткі), тэрыторыя, прызначаныя для правядзення культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў);

спыніць культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства ў выпадку ўзнікнення небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, прычынення шкоды маёмасці.

У час наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзянам забараняецца:

мець пры сябе халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю, выбуховыя рэчы і боепрыпасы, іх імітатары і муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якіх можа прадстаўляць пагрозу жыццю і здароўю грамадзян або прычыніць матэрыяльную шкоду юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам;

ажыццяўляць прапаганду вайны або экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў або іншых сродкаў;

ствараць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян;

карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сімваламі, плакатамі і транспарантамі, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян;

знаходзіцца ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення.

Пры наведванні культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзяне абавязаны захоўваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні яго арганізатара і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку. Парадак наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства непаўналетнімі вызначаецца яго арганізатарам з улікам спецыфікі правядзення такога мерапрыемства.

Артыкул 235. Арганізацыя і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў

Усе дзеянні па арганізацыі правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства забяспечваюцца непасрэдна яго арганізатарам, у тым ліку шляхам заключэння адпаведных дагавораў ў мэтах набыцця (атрымання) тавараў (выканання работ, аказання паслуг), маёмасных правоў, неабходных для правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства. Арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства нясе адказнасць за яго адпаведнасць патрабаванням заканадаўства.

Арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства абавязаны не пазней чым за пяць працоўных дзён да вызначанага дня правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства пісьмова паведаміць ўпраўленню культуры абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта па месцы меркаванага правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства аб планавым культурна-вiдовiшчным мерапрыемстве з дадаткам яго праграмы (зацверджаны арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства дакумент, які змяшчае звесткі аб культурна-вiдовiшчным мерапрыемстве, у тым ліку яго найменне, інфармацыю аб месцы і часу (тэрмінах) яго правядзення, праектнай умяшчальнасці сцэнічнай пляцоўкі (пры адсутнасці – меркаванай колькасці гледачоў), на якой плануецца правядзенне культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, беларускіх і (або) замежных выканаўцах і іншую інфармацыю, якая адносіцца да правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства (па жаданні яго арганізатара).

Апавяшчэнне не патрабуецца ў выпадках, калі арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства з'яўляецца:

дзяржаўная тэатральна-відовішчная арганізацыя, дзяржаўная арганізацыя кінематаграфіі, дзяржаўная арганізацыя культуры і дадзенае культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства праводзіцца на сцэнічнай пляцоўцы, якая знаходзіцца ва ўласнасці, гаспадарчым вядзенні або аператыўным кіраванні такой арганізацыі альбо арандуемай ёю на тэрмін не менш за паўгода;

іншая арганізацыя і дадзенае культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства праводзіцца на сцэнічнай пляцоўцы, якая знаходзіцца ва ўласнасці, гаспадарчым вядзенні або аператыўным кіраванні такой арганізацыі альбо арандуемай ёю на тэрмін не менш за паўгода, з удзелам выканаўцаў і (або) калектываў мастацкай творчасці, створаных такой арганізацыяй або якiя знаходзяцца ў яе штаце.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленне культуры абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта ў рамках сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць кантроль за арганізацыяй і правядзеннем культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў на тэрыторыях абласцей (г. Мінска), выкананнем арганізатарамі культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў патрабаванняў заканадаўства.

Арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства мае права адмовіцца ад яго правядзення не пазней чым за адзін працоўны дзень да дня яго правядзення.

У выпадку адмены, змены загадзя абвешчаных часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым арганізатар культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства абавязаны пісьмова паведаміць ўпраўленне культуры абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта па месцы правядзення адмененага (запланаванага) культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства і забяспечыць інфармаванне грамадзян аб адмене, змене загадзя абвешчаных часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замене яго іншым, тэрмінах і месцах вяртання квіткоў.

Гэты артыкул не распаўсюжваецца на культурна-відовішчныя мерапрыемствы, якія праводзяцца фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і арганізацыямі для ўласных патрэбнасцей без атрымання прыбытку (даходу) з удзелам запрошаных выканаўцаў.

Артыкул 236. Рэклама культурна-відовішчнага мерапрыемства, уваходныя квіткі і друкаваная прадукцыя

У рэкламе культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства павінны быць указаны:

звесткі аб арганізатары культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства (найменне і месцазнаходжанне юрыдычнай асобы, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку індывідуальнага прадпрымальніка) і яго кантактныя тэлефоны;

іншая інфармацыя, прадугледжаная заканадаўствам.

Уваходны квіток павінен змяшчаць:

звесткі аб арганiзатары культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства (найменне і месцазнаходжанне юрыдычнай асобы, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку індывідуальнага прадпрымальніка);

найменне культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, час (тэрміны) і месца яго правядзення;

рад і нумар пасадачнага месца (пры іх наяўнасці);

кошт уваходнага квітка;

серыю і нумар уваходнага квітка (устанаўліваюцца арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства);

месца кантролю (штрых-код);

іншыя звесткі, прадугледжаныя заканадаўствам.

Калі ўваходны квіток аформлены на бланку строгай справаздачнасці, ён павінен акрамя інфармацыі, указаных ў частцы другай гэтага артыкула, утрымліваць карэньчык, які застаецца пасля выкарыстання ўваходнага квітка ў пачцы ўваходных квіткоў, надрукаванай і пашытай (збрашураванай) друкарскім спосабам.

Рэалізацыя ўваходных квіткоў і друкаванай прадукцыі, якая змяшчае інфармацыю аб культурна-вiдовiшчым мерапрыемстве, уключаючы праграмы (буклеты), ажыццяўляецца арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства або па яго даручэнні (на падставе адпаведных дагавораў) іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі (у тым ліку за наяўны або безнаяўны разлік), ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Рэалізацыя ўваходных квіткоў можа ажыццяўляцца з дапамогай выкарыстання сетак электрасувязі, у тым ліку глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт (электронны квіток), у парадку, вызначаным арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, з улікам патрабаванняў заканадаўства.

Уваходныя квіткі могуць быць вернуты арганізатару культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства:

па ініцыятыве юрыдычных і фізічных асоб – не менш чым за пяць каляндарных дзён да правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства. Пры гэтым юрыдычным і фізічным асобам, што вярнулі ўваходны квіток, кампенсуецца не менш за сямідзесяці пяці працэнтаў яго кошту;

у выпадку адмены, змены загадзя абвешчаных часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым – у дзень адмененага (запланаванага) культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, а таксама ў іншыя тэрміны, устаноўленыя арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства. Пры гэтым юрыдычным і фізічным асобам, што вярнулі ўваходны квіток, кампенсуецца поўны кошт уваходнага квітка.

Уваходныя квіткі вяртаюцца па месцы знаходжання арганізатара культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, а ў выпадку адмены, змены загадзя абвешчаных часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым – таксама па месцы адмененага (запланаванага) культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства і ў іншых месцах, устаноўленых арганізатарам культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства.

У выпадку змены загадзя абвешчаных часу (тэрмінаў) або месца правядзення культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства, замены яго іншым грамадзянін мае права наведаць культурна-вiдовiшчнае мерапрыемства на падставе наяўнага ўваходнага квітка.

Артыкул 237. Фестываль, яго віды

Фестываль – масавае свята, накіраванае на адраджэнне, развіццё, папулярызацыю лепшых традыцый і дасягненняў беларускай нацыянальнай, сусветнай культуры, абмен культурнымі каштоўнасцямі, на развіццё і умацаванне міжнародных культурных сувязяў, паказ дасягненняў у галіне музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога, выяўленчага мастацтва, мастацкай літаратуры, кіно, тэлебачання, народнай творчасці, павышэнне прафесійнага майстэрства яго ўдзельнікаў, арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, яго эстэтычнае і духоўнае выхаванне.

У рамках фестывалю могуць праводзіцца канцэрты, конкурсы, выставы, паказы, агляды, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Фестываль можа ўтрымліваць элемент спаборніцтва.

Удзельнікамі фестывалю з'яўляюцца:

члены арганізацыйнага камітэта, журы (экспертнай камісіі);

асобныя выканаўцы з ліку творчых работнікаў і асобы, якія іх суправаджаюць, (не больш за тры для кожнага выканаўца);

прадстаўнікі замежных сродкаў масавай інфармацыі;

госці фестывалю (асобы, якія маюць афіцыйнае запрашэнне ад арганізацыйнага камітэта фестывалю);

іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.

Фестывалі з улікам узроўню правядзення і складу ўдзельнікаў падраздзяляюцца на міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя.

Міжнародныя фестывалі прадугледжваюць удзел калектываў мастацкай творчасці, асобных творчых работнікаў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і не менш чым пяць суб’ектаў культурнай дзейнасці замежных дзяржаў.

Рэспубліканскія фестывалі прадугледжваюць удзел калектываў мастацкай творчасці, асобных творчых работнікаў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці ўсіх або большасці абласцей і г.Мінска з магчымым запрашэннем замежных удзельнікаў.

Рэгіянальныя фестывалі прадугледжваюць удзел калектываў мастацкай творчасці, асобных творчых работнікаў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці аднаго раёна (горада), вобласці з магчымым запрашэннем прадстаўнікоў з іншых раёнаў (гарадоў), абласцей і замежных удзельнікаў.

Артыкул 238. Арганізацыйны камітэт фестывалю, яго склад і паўнамоцтвы

Арганізацыйны камітэт фестывалю фарміруецца з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў (са згоды іх кіраўнікоў) і зацікаўленых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.

Склад арганізацыйнага камітэта сцвярджаецца дзяржаўным органам, які прыняў рашэнне аб правядзенні фестывалю.

Члены арганізацыйнага камітэта ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на грамадскіх пачатках.

Арганізацыйны камітэт фестывалю:

ажыццяўляе кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем фестывалю, пры неабходнасці стварае дырэкцыю фестывалю;

уносіць на разгляд дзяржаўнага органа, які прыняў рашэнне аб правядзенні фестывалю, прапановы па каштарысе выдаткаў на арганізацыю і правядзенне фестывалю, колькасці запрашальных квіткоў на наведванне праграм фестывалю, аб відах заахвочвання ўдзельнікаў фестывальных мерапрыемстваў;

разглядае і зацвярджае спіс удзельнікаў фестывалю, праграму правядзення фестывалю, склад журы (экспертнай камісіі), якое фарміруецца з ліку вядомых дзеячаў у галіне культуры і мастацтва, фестывальную сімволіку, узоры ўзнагарод, іншую атрыбутыку, план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню фестывалю;

ажыццяўляе ўзаемадзеянне з зацікаўленымі суб'ектамі культурнай дзейнасці, іншымі арганізацыямі па пытаннях падрыхтоўкі, правядзення фестывалю і яго асвятлення ў сродках масавай інфармацыі;

вызначае віды і формы інфармацыйна-рэкламнай падтрымкі фестывалю;

вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе падрыхтоўкі і правядзення фестывалю.

Артыкул 239. Правядзенне фестывалю

Фестывалі праводзяцца па рашэнню дзяржаўнага органа. Рашэнне аб правядзенні міжнароднага або рэспубліканскага фестывалю ўзгадняецца з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, за выключэннем выпадкаў правядзення фестывалю па рашэнню Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны орган, які прыняў рашэнне аб правядзенні фестывалю:

зацвярджае палажэнне аб фестывалі, умовы правядзення конкурсу або агляду (пры наяўнасці гэтых культурных мерапрыемстваў у праграме фестывалю), каштарыс выдаткаў на арганізацыю і правядзенне фестывалю;

вызначае колькасць запрашальных квіткоў на наведванне праграм фестывалю;

узгадняе з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі правядзенне фестывалю на іх тэрыторыі (за выключэннем фестываляў, якія праводзяцца па рашэнні адпаведных выканаўчых і распарадчых органаў), спіс удзельнікаў фестывалю (па прапанове арганізацыйнага камітэта);

сумесна з дзяржаўным органам, які забяспечвае выдзяленне фінансавых сродкаў на правядзенне фестывалю, ажыццяўляе кантроль за мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў;

размяшчае у адпаведнасці з заканадаўствам у суб'ектаў культурнай дзейнасці з іх згоды сацыяльна-творчыя заказы на арганізацыю і правядзенне фестывалю.

Дзяржаўны орган, які прыняў рашэнне аб правядзенні фестывалю, мае права дэлегаваць асобныя паўнамоцтвы па арганізацыі і правядзенню фестывалю арганізацыйнаму камітэту фестывалю.

Пералік фестываляў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фінансуецца за кошт рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.