Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Глава 4. Парламент — Нацыянальны сход






Артыкул 90. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь.

Парламент складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Артыкул 91. Склад Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў. Выбранне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Выбары новага складу палат Парламента назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да сканчэння паўнамоцтваў палат дзеючага склікання Парламента.

Нечарговыя выбары палат Парламента праводзяцца на працягу трох месяцаў з дня датэрміновага спынення паўнамоцтваў палат Парламента.

Артыкул 92. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года.

Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў Парламенце на прафесійнай аснове, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа быць адначасова членам Урада.

Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат Парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі.

Артыкул 93. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — чатыры гады. Паўнамоцтвы Парламента могуць быць прадоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны.

Першая пасля выбараў сесія палат Парламента склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў і пачынае сваю работу не пазней як праз 30 дзён пасля выбараў. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца з дня другога туру галасавання па выбарах яе новага складу. Калі другі тур галасавання па выбарах у Палату прадстаўнікоў не праводзіцца, адлік трыццацідзённага тэрміну ажыццяўляецца з дня правядзення першага туру агульных выбараў у Рэспубліцы Беларусь. Адлік трыццацідзённага тэрміну для склікання і пачатку работы першай сесіі Савета Рэспублікі ажыццяўляецца з дня першага пасяджэння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню па выбарах членаў Савета Рэспублікі ад вобласці або горада Мінска.

У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Са спыненнем паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі па рашэнню Прэзідэнта могуць быць таксама спынены паўнамоцтвы адпаведна Савета Рэспублікі або Палаты прадстаўнікоў.

Артыкул 94. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спынены пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на назначэнне Прэм’ер-міністра.

Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць таксама датэрмінова спынены на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі.

Рашэнні па гэтых пытаннях Прэзідэнт прымае не пазней чым у двухмесячны тэрмін пасля афіцыйных кансультацый са старшынямі палат.

Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады.

Не дапускаецца роспуск палат на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў.

Артыкул 95. Палаты збіраюцца на дзве чарговыя сесіі ў год.

Першая сесія адкрываецца 2 кастрычніка; яе працягласць не можа быць больш як восемдзесят дзён.

Другая сесія адкрываецца 2 красавіка; яе працягласць не можа быць больш як дзевяноста дзён.

Калі 2 кастрычніка або 2 красавіка прыпадаюць на нерабочы дзень, то сесія адкрываецца ў першы наступны за ім рабочы дзень.

Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі ў выпадку асаблівай неабходнасці склікаюцца на нечарговую сесію па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванню большасці не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат па вызначаным парадку дня.

Нечарговыя сесіі адкрываюцца ўказамі Прэзідэнта.

Артыкул 96. Палата прадстаўнікоў выбірае са свайго складу Старшыню Палаты прадстаўнікоў і яго намесніка.

Савет Рэспублікі выбірае са свайго складу Старшыню Савета Рэспублікі і яго намесніка.

Старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, іх намеснікі вядуць пасяджэнні і кіруюць унутраным распарадкам палат.

Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да ведання палат.

Артыкул 97. Палата прадстаўнікоў:

1) разглядае па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі;

2) разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нацыянальных меншасцей; аб зацвярджэнні рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэспубліканскіх падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сацыяльнай абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; аб мясцовым самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымінальнай адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваеннага і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзяржаўных узнагарод; аб тлумачэнні законаў;

3) назначае выбары Прэзідэнта;

4) дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра;

5) заслухоўвае даклад Прэм’ер-міністра аб праграме дзейнасці Урада і адабрае або адхіляе праграму; паўторнае адхіленне палатай праграмы азначае выказванне вотуму недаверу Ураду;

6) разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду;

7) па ініцыятыве не менш як адной трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў выказвае вотум недаверу Ураду; пытанне аб адказнасці Урада не можа быць пастаўлена на працягу года пасля адабрэння праграмы яго дзейнасці;

8) прымае адстаўку Прэзідэнта;

9) выстаўляе большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэння Савета Рэспублікі прымае большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады;

10) адмяняе распараджэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Палата прадстаўнікоў можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 98. Савет Рэспублікі:

1) адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю; аб тлумачэнні Канстытуцыі; праекты іншых законаў;

2) дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага Суда, Старшыні і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыні і членаў Праўлення Нацыянальнага банка;

3) выбірае шэсць суддзяў Канстытуцыйнага Суда;

4) выбірае шэсць членаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў;

5) адмяняе рашэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству;

6) прымае рашэнне аб роспуску мясцовага Савета дэпутатаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння ім патрабаванняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам;

7) разглядае выстаўленае Палатай прадстаўнікоў абвінавачанне супраць Прэзідэнта ва ўчыненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэнне аб яго расследаванні. Пры наяўнасці падстаў большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу прымае рашэнні аб зняцці Прэзідэнта з пасады;

8) разглядае ўказы Прэзідэнта аб увядзенні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі і не пазней як у трохдзённы тэрмін пасля іх унясення прымае адпаведнае рашэнне.

Савет Рэспублікі можа прымаць рашэнні па іншых пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

Артыкул 99. Права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.

Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнню — Урада.

Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад маюць права ўносіць прапановы ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі аб абвяшчэнні разгляду праекта закона тэрміновым. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў гэтым выпадку павінны разгледзець дадзены праект на працягу дзесяці дзён з дня ўнясення на іх разгляд.

Па патрабаванню Прэзідэнта або, з яго згоды, Урада Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі на сваіх пасяджэннях прымаюць рашэнні, галасуючы ў цэлым за ўвесь унесены Прэзідэнтам або Урадам праект ці яго частку, захаваўшы толькі тыя папраўкі, якія прапанаваны ці прыняты Прэзідэнтам або Урадам.

Артыкул 100. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі.

Законапраект, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і адабрэння Саветам Рэспублікі большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай палаты.

Прынятыя Палатай прадстаўнікоў законапраекты на працягу пяці дзён перадаюцца на разгляд у Савет Рэспублікі, дзе могуць разглядацца не больш як дваццаць дзён, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Закон лічыцца адобраным Саветам Рэспублікі, калі за яго прагаласавала большасць ад поўнага складу Савета Рэспублікі, або калі на працягу дваццаці дзён, а пры абвяшчэнні законапраекта тэрміновым — дзесяці дзён з дня ўнясення ён не быў разгледжаны Саветам Рэспублікі. У выпадку адхілення законапраекта Саветам Рэспублікі палаты могуць стварыць пагаджальную камісію, якая фарміруецца на парытэтнай аснове, для пераадолення ўзнікшых рознагалоссяў. Тэкст законапраекта, выпрацаваны пагаджальнай камісіяй, прадстаўляецца на адабрэнне абедзвюх палат.

Калі пагаджальнай камісіяй не прыняты ўзгоднены тэкст законапраекта, Прэзідэнт або па яго даручэнню Урад могуць запатрабаваць, каб Палата прадстаўнікоў прыняла канчатковае рашэнне. Закон лічыцца прынятым Палатай прадстаўнікоў пры ўмове, што за яго прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі, або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным дадзеным артыкулам, прадстаўляецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закона, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу двух тыдняў пасля таго, як ён быў яму прадстаўлены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не ўступае ў сілу, калі ён не мог быць вернуты ў Парламент у сувязі з заканчэннем сесіі.

Пры нязгодзе з тэкстам закона Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як праз трыццаць дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў пяцідзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як праз дваццаць дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён адобраны большасцю не менш як дзвюма трацямі галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у пяцідзённы тэрмін. Закон уступае ў сілу і ў тым выпадку, калі ён не будзе падпісаны Прэзідэнтам у гэты тэрмін.

У такім жа парадку палатамі разглядаюцца пярэчанні Прэзідэнта на асобныя палажэнні закона, якія вяртаюцца для паўторнага галасавання. У гэтым выпадку да вынясення адпаведнага рашэння Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі закон падпісваецца Прэзідэнтам і ўступае ў сілу, за выключэннем тых палажэнняў, адносна якіх маюцца пярэчанні Прэзідэнта.

Артыкул 101. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканадаўчыя паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Гэты закон павінен вызначаць прадмет рэгулявання і тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта на выданне дэкрэтаў.

Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, якія прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і Парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Закон аб дэлегаванні заканадаўчых паўнамоцтваў Прэзідэнту не можа дазваляць яму змяненне гэтага закона, а таксама прадастаўляць права прымаць нормы, якія маюць зваротную сілу.

З прычыны асаблівай неабходнасці Прэзідэнт па сваё ініцыятыве або па прапанове Урада можа выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закона. Калі такія дэкрэты выдаюцца па прапанове Урада, яны змацоўваюцца подпісам Прэм’ер-міністра. Часовыя дэкрэты павінны быць у трохдзённы тэрмін прадстаўлены для наступнага разгляду Палатай прадстаўнікоў, а потым Саветам Рэспублікі. Гэтыя дэкрэты захоўваюць сілу, калі яны не адменены большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты могуць рэгуляваць законам адносіны, што ўзніклі на аснове дэкрэтаў, якія адменены.

Артыкул 102. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Гэта не адносіцца да абвінавачання іх у паклёпе і знявазе.

На працягу тэрміну сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі могуць быць арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды толькі з папярэдняй згоды адпаведнай палаты, за выключэннем учынення дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, а таксама затрымання на месцы ўчынення злачынства.

Крымінальная справа ў дачыненні да дэпутата Палаты прадстаўнікоў або члена Савета Рэспублікі разглядаецца Вярхоўным Судом.

Артыкул 103. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі. Палаты, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяржавы, могуць прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння большасцю галасоў ад іх поўнага складу. У час пасяджэнняў, у тым ліку і закрытых, Прэзідэнт, яго прадстаўнікі, Прэм’ер-міністр і члены Урада могуць выступаць без чаргі тых, хто запісаўся для выступлення, столькі разоў, колькі яны гэтага запатрабуюць.

Адно пасяджэнне ў месяц рэзервуецца для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член Савета Рэспублікі мае права звярнуцца з запытам да Прэм’ер-міністра, членаў Урада, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, што ўтвараюцца або выбіраюцца Парламентам. Запыт павінен быць уключаны ў парадак дня палаты. Адказ на запыт належыць даць на працягу дваццаці сесійных дзён у парадку, устаноўленым палатай Парламента.

Пасяджэнне палаты лічыцца правамоцным пры ўмове, што на ім прысутнічае не менш як дзве трэці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палаты.

Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі адкрытае і ажыццяўляецца асабіста дэпутатам, членам Савета Рэспублікі шляхам падачы голасу «за» або «супраць». Тайнае галасаванне праводзіцца толькі пры вырашэнні кадравых пытанняў.

Артыкул 104. Рашэнні Палаты прадстаўнікоў прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Пастановы Палаты прадстаўнікоў прымаюцца па пытаннях распарадчага і кантрольнага характару.

Рашэнні Савета Рэспублікі прымаюцца ў форме пастаноў.

Рашэнні палат лічацца прынятымі пры ўмове, што за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Законы аб асноўных напрамках унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, аб ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала не менш як дзве трэці ад поўнага складу палат.

Законы падлягаюць неадкладнаму апублікаванню пасля іх падпісання і ўступаюць у сілу праз дзесяць дзён пасля апублікавання, калі ў самім законе не ўстаноўлены іншы тэрмін. У такім жа парадку публікуюцца і ўступаюць у сілу дэкрэты Прэзідэнта.

Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян.

Артыкул 105. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, іх органаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі вызначаецца рэгламентамі палат, якія падпісваюцца старшынямі палат.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.