Студопедия

Главная страница Случайная страница

Разделы сайта

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Прыватныя бібліятэкі.






Атмасферу духоўнага жыцця ў XVI – XVIII стст. немагчыма ўявіць і спасцігнуць, не ведаючы, што людзі той эпохі чыталі і збіралі, як складваліся іх кнігазборы, важкая частка спадчыны. Аблічча сярэднявечнай прыватнай бібліятэкі адлюстроўвае агульную культуру тагачаснага грамадства, а яе гісторыя важная крыніца для рэканструкцыі мінулага.

Многія прыватныя (родавыя) бібліятэкі на тэрыторыі Беларусі і Літвы, якія камплектаваліся стагоддзямі, перадаваліся ў спадчыну, распадаліся, перамяшчаліся, гінулі. Менавіта Адраджэнне спрыяла хуткаму росту прыватных кнігазбораў і абумовіла іх характар. На тэрыторыі Беларусі, як адзначаецца даследчыкамі, выдзяляюцца наступныя прыватныя бібліятэкі:

– бібліятэкі вялікіх князёў літоўскіх;

– бібліятэкі магнатаў;

– бібліятэкі навукоўцаў;

– бібліятэкі духавенства;

– бібліятэкі шляхты;

– бібліятэкі мяшчанаў.

Бібліятэкі вялікіх князёў літоўскіх. Першымі князямі ВКЛ, якія цікавіліся кнігамі былі Гедымінавічы. Збіраліся кнігі пры двары князя Вітаўта (1352–1420). Знакамітую для свайго часу бібліятэку меў князь Аляксандр (1492–1506), багатай калекцыяй валодаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары (1467–1545), некаторыя з яго рарытэтаў, як адзначаў яшчэ Л.І.Уладзіміраў, дайшлі да нашага часу.

Найбольш поўна і шырока даследавана бібліятэка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста (1545–1572). Пачатак збору – 1545 г. Жыгімонт Аўгуст закупляў праз сваіх пасрэднікаў літаратуру ў буйнейшых кнігагандлёвых цэнтрах Еўропы: Франкфурце, Лейпцыгу, Кёльне. У 1552 г. яго кнігазбор налічваў да 1273 тамоў. Кнігі перасылаліся ў Кракаў, дзе перапляталіся ў скураныя пераплёты, а потым адпраўляліся ў Вільню на месца асноўнага фондазахоўвання бібліятэкі. Акрамя пакупак кнігі князю дарыліся. У яго зборы была, напрыклад “Біблія” з уласнаручным подпісам самаго Марціна Лютэра, падораная прускім кесарам Альбрэхтам. У 1572 г. кнігазбор складаў звыш 4 тыс. тамоў. Гэта была адна з буйнейшых бібліятэк не толькі ў ВКЛ, але і ў польскім каралеўстве. Мяркуецца, што бібліятэка была закрытай, бо доступ да яе мелі толькі прыдворныя Жыгімонта Аўгуста.

Змест фонду бібліятэкі быў вельмі шырокі і разнастайны. Найбольш была прадстаўлена юрыдычная літаратура (лацінская, французская), творы антычных аўтараў Арыстоцеля, Арыстафана, Цыцэрона, Авідыя і інш. Была таксама геаграфічная літаратура, апісанні падарожжаў і кнігі па гісторыі. Былі таксама выданні па медыцыне, анатоміі, прыродазнаўстве. Разнастайнай была і тэалагічная літаратура розных канфесій. Большая частка збору – друкаваныя кнігі на лаціне.

На кнігах Жыгімонта Аўгуста ІІ быў выціснуты суперэкслібрыс, на якім былі выявы гербаў ВКЛ і Каралеўства Польскага.

У бібліятэцы працавалі каралеўскія бібліятэкары: бацька і сын Тшэцескія, сакратар Боны Сфорцы Станіслаў Кашуцкі, потым Лукаш Гурніцкі.

Свае кнігі князь завяшчаў віленскім езуітам. Сёння ад калекцыі захавалася толькі каля 300 тамоў, 21 з іх – у бібліятэцы Віленскага універсітэта.

Бібліятэкі магнатаў. Кнігазборы меліся, практычна, ва ўсіх магнацкіх палацах. Найстарэйшай вядомай бібліятэкай дадзенага тыпу быў кнігазбор віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда (+1539). У яго калекцыі налічвалася больш 70 друкаваных і адна рукапісная кніга на беларускай, лацінскай, польскай і чэшскай мовах. Спісы фонду датуюцца 1510 годам: першы – гэта “Рэестр кніг рускіх” (пералічаны 39 назваў кірылічнай літаратуры); другі – “Рэестр лацінскіх кніг” – 22 кнігі рэлігійнага і свецкага зместу; трэці – 27 кніг, якія былі куплены ў Пётркаве; чацвёрты – “Рэестр кніг чэшскіх” – 3 назвы, сярод якіх і адзінае польскамоўнае выданне збора – кніга аб Аляксандры Македонскім, акутая срэбрам.

Трэцюю частку кнігазбору складалі кірылічныя рукапісы, што было тыповай з’явай для праваслаўнага культурнага кола тагачаснай Беларусі нават пасля распаўсюджання кнігадрукавання. Пра далейшы лёс бібліятэкі звесткі адсутнічаюць.

У другой палове XVI ст. фарміруюцца найбольш значныя ў Беларусі кнігазборы, якія належалі такім магнатам, як Радзівілы. Прыватны кнігазбор меў Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565), маршалак земскі, канцлер вялікі літоўскі, ваявода віленскі, стараста брэсцкі, ковенскі, барысаўскі і г.д. Можна мяркаваць, што кнігазбор меў пратэстанцкую накіраванасць. (У 1563 г. выдаў сваім коштам “Біблію”). Мясцілася бібліятэка ў брэсцкім замку. Перайшла да яго сына Мікалая Крыштафа Сіроткі (1549-1616), які завяшчаў “кнігі... ўсе па тэалогіі і палітыцы старажытныя і нядаўна купленыя... Яну, сыну майму і бібліятэцы замка Нясвіжскага і спадчыннікам ягоным, каб рассеяныя не былі”. Акрамя завяшчання, захаваўся і найбольш ранні прадметны і алфавітны каталог 1651 г., складзены Янам Гановічам (захоўваецца ў Польшчы). У спісе каля 650 кніг (у Галенчанкі звыш 700 – улічаны кнігі з канвалютаў?). Шмат літаратуры гістарычнай (праца Мацея Стрыйкоўскага “Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага”, Мікалая Кшыштафа Радзівіла Сіроткі “Вандраванне ў Святую зямлю”); тэалагічнай (“Жыцці святых” Пятра Скаргі); найбольш жа было лацінскіх кніг гуманістычных аўтараў. Нясвіжскі кнігазбор значна папоўніўся пры Мікалаі Кшыштафу Сіротцы. Пакупка кніг, выйшаўшых у мясцовых друкарнях і друкарнях Польшчы, а таксама суседніх краін – была асноўнай крыніцай камплектавання бібліятэкі.

У XVI ст. пачалі складвацца таксама буйныя кнігазборы ў іншых уладаннях Радзівілаў, у тым ліку ў Клецку, які належаў князю Альбрэхту Радзівілу (пам. у 1592 г.). Багатыя кнігазборы ў канцы XVI – першай палове XVII cт. належалі біржанскай галіне роду Радзівілаў (Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) і яго нашчадкі). Размяшчаліся бібліятэкі і ў некаторых дварах, дзе пражывалі іх уладальнікі, напрыклад у Даляцічах. Аднак асноўныя фонды былі сканцэнтраваны ў Біржах, Кейданах, Любчы і Слуцку.

Кнігі з кнігазбору Радзівілаў, асабліва Багуслава Радзівіла, здзіўлялі сучаснікаў сваімі шыкоўнымі аправамі з выціснутымі на іх залатым артнаментам і гербам, суперэкслібрысам. Па завяшчанню Багуслава Радзівіла ад 1668 г. значная частка яго біржанчкай бібліятэкі перайшла замкавай бібліятэцы ў Круляўцы (каля 500 тамоў), адкуль пазней трапіла ў мясцовы універсітэт (Кёнігсберг). У сярэдзіне XVII cт. бібліятэка налічвала каля 2000 асобных выданняў і канвалютаў. Вядомы рэестр бібліятэкі ад 1710 г., у якім улічана 1440 найменняў – гэта антычная, рэнесансная, рэфартатарская літаратура, гістарычныя, брыдычныя, сеймавыя, картаграфічныя і геаграфічныя выданні.

У 1772 г. кнігазбор бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі быў вывезены ў бібліятэку АН у Пецярбург, частка перададзена Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі, Маскоўскаму універсітэту. Аднак бібліятэка не перастала існаваць. Яна ізноў пачала аднаўляцца і збіралася аж 1939 г. У 1940 г. 20-тысячны збор Радзівілаў з Нясвіжу быў прывезены ў Мінск у бібліятэку АН БССР. Да вайны ён так і не быў улічаны. У Беларусі рэшткі радзівілаўскіх кнігазбораў захоўваюцца ў НББ, ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы.

Да найбольшых магнацкіх бібліятэк адносіцца і кнігазбор Сапегаў, які заснаваў Леў Іванавіч Сапега. Як сведчыць Л.І.Уладзіміраў, адным са шляхоў збору кніг у ВКЛ быў прывоз іх студэнтамі з-за мяжы. Так і Леў Сапега вучыўся ў Лейпцыгу, адтуль прывёз і кнігі. У 1630-х гг. яна налічвала звыш 3000 тамоў. Змест – юрыдычная і гістрычная літаратура, апісанні падарожжаў, кнігі па тэхніцы і механіцы, вайсковай справе і медыцыне, творы антычных аўтараў. Тэалагічнай літаратуры было нешмат. На кожнай кнізе была аправа з пазлацаным экслібрысам – выява герба Сапегаў “Ліс”.

Перадаў сваю калекцыю сынам Казіміру-Лявону, Яну і Крыштафу. Сёння большая частка кніг знаходзіцца ў РНБ у СПб і бібліятэцы Вільнюскага універсітэта (260 кніг), частка – у бібліятэцы Варшаўскага універсітэта і інш.

У 50-70-я гг. XVI ст. дзейнічаў асветніцка-культурны гурток беларускіх магнатаў, у якім збіраліся прадстаўнікі заможных праваслаўных родаў дзеля развіцця нацыянальнай культуры. Члены гуртка князь Юры Слуцкі, найвышэйшы гетман Рыгор Хадкевіч, Аўстафій Валовіч, пісар каралеўскі Міхал Гарабурда абменьваліся кнігамі і ідэямі, падтрымлівалі некаторыя культурныя акцыі (Немировскй. Иван Фёдоров в Белоруссии).

Значную ролю ў культурным жыцці Беларусі XVI ст. адыгрывалі князі Алелькавічы -Слуцкія. Яшчэ ў 15 ст. пры княжацкім двары вёўся летапіс, князь Юрый сам перапісваў кнігі. Алелькавічы садзейнічалі друкарскай справе, мелі свае друкарні і школы. У другой палове XVI ст. бібліятэка князёў Алелькавічаў знаходзілася ў княжацкім замку і была даволі багатай. Карысталіся кнігазборам вучоныя, гісторыкі, напрыклад, у 1576-1578 гг. у бібліятэцы працаваў польскі гісторык Мацей Стрыйкоўскі пры напісанні сваёй “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі”. Мяркуецца, што бібліятэка перайшла разам са Слуцкам кальвінскай галіне роду Радзівілаў.

Міхаіл Гарабурда прывёз з Масквы спіс Бібліі, які потым быў пакладзены ў аснову славутага астрожскага выдання Івана Фёдрава. Слуга Гарабурды, які быў сябрам расійскага першадрукара, склаў паказальнік да “Псалтыры” і “Новага Запавету”, што былі надрукаваны ў Астрозе ў 1580 г. Яго сын Васіль стаў віленскім друкаром.

У 20-30-я гг. 16 ст. існаваў кнігазбор Зяновічаў, асабліва славілася бібліятэка Крыштафа Зяновіча ў родавых маёнтках у Глыбокім і Смаргоні.

Такім чынам, прыватныя кнігазборы ў XVI ст. на тэрыторыі Беларусі сталі тыповай з’явай, што тлумачыцца з аднаго боку высокай адукаванасцю магнатаў, з другога – наяўнасцю ў іх матэрыяльных магчымасцей на пакупку кніг.

Усе бібліятэкі дадзенага тыпу былі вялікімі па аб’ёме (дасягалі 3-4 тыс. экз.) і полілінгвістычнымі (на 3-4 мовах, пераважна на старабеларускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай). Да 1/3, а то і да 1/2часкі фонда складала рэлігійная літаратура. Цалкам жа можна адзначыць, што змест іх быў разнастайны, вылучаўся энцыклапедычнасцю, была літаратура юрыдычная, гістарычная, геаграфічная, прыродазнаўчая, філасофская і інш.

Бібліятэкі навукоўцаў. У XV ст. узнікаюць першыя бібліятэкі навукоўцаў. У параўнанні з Заходняй Еўропай у ВКЛ былі больш спрыяльныя ўмовы – слабейшая інквізіцыя, князі і магнаты выступалі ў ролі мецэнатаў.

Вядома бібліятэка астранома Бруздзеўскага (ідэйнага настаўніка Мікалая Каперніка) ў Вільні. У 1495 г. ён падарыў бібліятэцы Ягелонскага універсітэта 13 кніг, што складала толькі частку яго калекцыі.

Меў бібліятэку дзяржаўны і культурны дзеяч ВКЛ і Кароны, публіцыст Эразм Вітэлій, які ў 1492–1501 гг. жыў у Вільні, дзе займаў пасаду сакратара вялікакняскай канцылярыі. (Быў, дарэчы, мецэнатам Міколы Гусоўскага). У калекцыі Вітэлія – венецыянскія кнігадрукі, творы італьянскіх класікаў, кірылічныя кнігі.

Сярод навукоўцаў былі і духоўныя асобы, як віленскі біскуп – суфраган Юрый Альбін, аўтар прац па гісторыі антычнай літаратуры. Кнігі з яго бібліятэкі, магчыма, паліліся за іх ерытычны змест. У 1570 г. бібліятэка была перададзена Віленскаму езуіцкаму калегіуму. Некалькі кніг з кнігазбору і сёння захозваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага універсітэта.

90 тамоў налічвала бібліятэка прафесара Каралявецкага (Кёнігсбергскага) універсітэта, аднаго з знакаміцейшых дзеячаў Рэфармацыі ў ВКЛ доктара Абрагама Кульвы. У 1529 г. ён адкрыў у Вільні лютэранскую лацінскую школу для баяраў, у якой вучылася 60 чалавек. Кнігі Абрагам Кульва пачаў збіраць яшчэ падчас вучобы ў 1528/1538 гг. ва універсітэтах Кракава і Вітэнберга. Захаваўся інвентар кніг яго бібліятэкі (79 экз.), значную частку якой складалі кнігі навуковыя і вучэбныя, а таксама дапаможнікі па гісторыі, геаграфіі, дыялектыцы, музыцы, астраноміі; падручнікі па лацінскай і грэчаскай мовах, іўрыце; антычная літаратура. Менш было рэлігійных твораў.

Бібліятэкі духавенства. Аб прыватных кнігазборах духавенства распавядаць цяжэй, асабліва праваслаўнага. Тым не менш яны былі і асновай дадзеных кнігазбораў служылі выданні, прызначаныя для адпраўлення царкоўных абрадаў і малітваў. Не выключана, што ў зборах былв гістарычная, філасофская, юрыдычная літаратура. Захаваліся лацінскія каталогі калекцый членаў Віленскай капітулы Івана Рашкоўскага, Міколы Карызны, Амбразея Бойнарта, Юзафа Сапегі, Авляр’яна Пратасевіча і інш. Акрамя тэалагічнай былі ў зборах творы Цыцэрона, Лукрэцыя, Арыстоцеля, Флавія – цалкам 241 назва.

Бібліятэкі шляхты. Асновай прыватных збораў шляхты станавіліся прывезеныя з-за мяжы кнігі. Яскравым прыкладам можа служыць кнігазбор беларускага шляхціца, паэта-лацініста Саламона Рысінскага, які ў 80-х гг.XVI ст. вучыўся ў Герамніі. 1/3 частку яго збору складалі рэлігійныя творы пратэстанцкага кірунку. Шмат было твораў антычна’ых аўтараў, гуманістычная літаратура (11 выданняў Э.Ратэрдамскага), па гісторыі і філалогіі. Мяркуецца, што пісьменнік-лацініст Венцлаў Мікалаевіч, гуманісты Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, а таксама ўладальнікі шляхецкіх сядзібаў, як Солтаны ў Жыровіцах, мелі свае бібліятэкі. У прыватных бібліятэках шляхты найчасцей сустракаліся кнігі да набажэнства (“Святое пісьмо”), палемічныя выданні на польскай, лацінскай, беларускай мовах, пераклады. Кнігі перамяшчаліся і перадаваліся, выкарыстоўваліся не адным пакаленнем. Напрыклад, Статут ВКЛ (1588), на якім пазначаны прозвішчы яго ўладальнікаў з XVI – да XVIII стст., якім былі Наркевічы, Шалкоўскія, Маркевічы і інш.

Бібліятэкі мяшчан. У XVI ст. кнігазборы мяшчан толькі пачынаюць складвацца, што было звязана з праяўленнем прафесійных і інтэлектуальных патрэб адукаваных прадстаўнікоў дадзенага пласта грамадства. Асноўнымі былі бібліятэкі гарадской вярхушкі. Гэта калекцыя віленскага бурмістра Сцяпана Лябедзіча – 111 кніг (12 кірылічных, 5 польскамоўных, значная частка – лацінамоўныя). Сярод іх – “Апостал” Ф.Скарыны, астрожская “Біблія” І.Фёдарава. Антычныя і сярэднявечныя аўтары, пераважна філосафская, гістарычная літаратура, слоўнікі, падручнікі.

Мяркуецца, што падобныя бібліятэкі мелі і іншыя мяшчане, якія прычыніліся да кнігавыдання ў Вільні – Багдан Онкаў (накладца 6 выданняў Ф.Скарыны), Якуб Бабіч, Юрый Адвернік.

Такім чынам, у аснове фарміравання фондаў прыватных кнігазбораў вызначыліся тэндэнцыі: 1) у складзе фондаў пераважала тэалогічная, філасофская, рэлігійная, гуманітарная, прыродазнаўчая і мастацкая літаратура; 2) зборы з’яўляліся полілінгвістычнымі; 3) вызначаліся рэлігійнай талерантнасцю.






© 2023 :: MyLektsii.ru :: Мои Лекции
Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав.
Копирование текстов разрешено только с указанием индексируемой ссылки на источник.